Падобнае пагадненне рыхтуе Еўрапейскі Саюз. Рынкі ў Еўропе ды свеце ўжо пазітыўна зрэагавалі на факт перамоў.
У нядзелю ў Жэневе завяршыліся двухдзённыя сакрэтныя перамовы паміж высокапастаўленымі прадстаўнікамі ЗША і Кітаю. Гэта была першая сустрэча з таго часу, як прэзідэнт Дональд Трамп увёў высокія тарыфы на тавары, імпартаваныя з Кітая ў Амерыку ў студзені.
Раней тарыф ЗША на імпарт з Кітая складаў 145%. У сваю чаргу, Кітай усталяваў 125% тарыфы на некаторыя амерыканскія тавары. Такія высокія абмежаванні на практыцы прывялі б да ўзаемнага байкоту прадуктаў. Гэта магло б негатыўна адбіцца б і на эканоміцы ўсяго свету. Сусветныя СМІ прагназавалі вялізарны крызіс.
Магчыма цяпер крызісу не будзе. ЗША і Кітай дасягнулі пагаднення па мытных пытаннях. Пра гэта паведаміў міністр фінансаў ЗША Скот Бэсэнт.
—Мы дасягнулі пагаднення аб 90-дзённым перапынку і значна знізілі ўзровень тарыфаў. Абодва бакі знізяць узаемныя тарыфы на 115%.
Гандлёвы прадстаўнік ЗША Джэйсан Грыр удакладніў, што большасць тарыфаў прыпыненая.
— Каб было зразумела, іншыя тарыфы, якія Злучаныя Штаты ўвялі ў мінулым, няхай гэта будзе тарыфы з 2018 года ці пазней, тарыфы, уведзеныя ў адпаведнасці з іншымі заканадаўчымі паўнамоцтвамі, тарыфы, звязаныя з фентанілам, пакуль што застаюцца нязменнымі.
Таксама кітайскі бок пацвердзіў дамоўленасць выказаў перакананне, што гандлёвыя войны не спрыяюць развіццю эканомікі. Гаворыць кітайскі дыпламат і перамоўшчык Лі Чэнган.
— Мы змаглі дамовіцца. Атмасфера перамоў была прыязнай. Мы змаглі дасягнуць кампрамісу. Дамовіліся стварыць кансультацыйны механізм па гандлёвых пытанняў, які будзе вызначаць патрэбы ды клапаціцца пра абарону інтарэсаў кожнага з бакоў. Гэта нагода для падзякі для швейцарцаў за арганізацыю размовы, як і за прафесіяналізм амерыканскіх калег. Кітайская пазіцыя – мы не хочам гандлёвай вайны, бо ў ёй не будзе пераможцаў.
У выніку Кітай знізіў пошліны на тавары ЗША са 125% да 10% на 90 дзён, на гэты ж тэрмін ЗША зменшыў мыта на кітайскія тавары са 145 працэнтаў да 30 працэнтаў. Далей падчас узгодненага 90-дзённага перапынку будуць распрацаваны канкрэтныя механізмы для балансавання гандлю, у тым ліку: праз патэнцыйныя пагадненні аб закупках і пашырэнне доступу амерыканскіх тавараў на кітайскі рынак.
Кітай – не адзіная краіна, якая дамовілася наконт умоў гандлю са Злучанымі Штатамі. Іншы паспяховы прыклад перамоў з амерыканцамі паказала Вялікабрытанія. «Гістарычная падзея» — менавіта так брытанцы назвалі гандлёвае пагадненне паміж Вашынгтонам і Лонданам. Англія першай змагла знізіў тарыфы, уведзеныя прэзідэнтам Трампам. Брытанскі прэм’ер міністр Кір Стармер заявіў, што гэта вялікі поспех для яго краіны.
— Гэта здзелка, якая абароніць брытанскія кампаніі. А таксама працоўныя месцы: якія патрабуюць высокую кваліфікацыю і добра аплачваюцца. Пагадненне дазволіць знізіць да нуля тарыфы на брытанскую сталь і алюміній. Гэта забяспечыць важныя гарантыі для нашага сектара біялагічных навук — такога важнага для нашай эканомікі. Гэта таксама дасць нашым фермерам беспрэцэдэнтны доступ да рынку ЗША без зніжэння нашых высокіх стандартаў.
ЗША знізяць тарыфы на брытанскія аўтамабілі: з глабальнага ўзроўню 25% да 10%. Але ёсць абмежаванне: 100 000 аўтамабіляў у год. Узамен — згодна з заявай прэзідэнта Трампа — Аб'яднане Каралеўства адкрые свой рынак, сярод іншага, для сельскагаспадарчай прадукцыі з Амерыкі.
Услед за Лонданам цяпер і Еўрапейскі Саюз робіць стаўку на перамовы з ЗША, каб спыніць тарыфную вайну. Пра гэта сказаў у Еўрапарламенце ў Страсбургу, міністр па еўрапейскіх справах Адам Шлапка. Ён падкрэсліў, што свабодны гандаль паміж Еўропай і ЗША выгадны па абодва бакі Атлантыкі.
— Паміж намі самыя вялікія памеры гандлю ў свеце. Ад гэтага залежыць рост нашай эканомікі ды новыя месцы працы. Для нас усіх важна, каб гандаль заставаўся. Мыты тут не дапамагаюць, таму мы – Еўропа і краіны-чальцы – гатовыя гандаль умацоўваць. Разам з тым мы гатовыя бараніць нашыя інтарэсы, калі не будзе гатоўнасці да размоў з боку Злучаных Штатаў.
Еўрасаюз прапануе ЗША ў рамках пагаднення павялічыць закупкі звадкаванага амерыканскага прыроднага газу і соевых бабоў. ЕС таксама прапанаваў Злучаным Штатам узаемную адмену тарыфаў на аўтамабілі і прамысловыя тавары.
Фінансавыя рынкі ў рэгіёне ды свеце ўжо адрэагавалі на гэтыя навіны ростам — індэксы ў Кітаі і Ганконгу пайшлі ўверх, амерыканская фондавая біржа таксама. Юань умацаваўся ў адносінах да долара, еўра таксама.
Юры Ліхтаровіч