Сфера грузаперавозак у Польшчы апынулася пад ціскам новых еўрапейскіх нормаў і канкурэнцыі з боку кампаній, не абмежаваных правіламі ЕС. Гэта выклікала хвалю пратэстаў.
Польскія перавозчыкі зноў блакуюць мяжу з Украінай. Рух фур праз пункт пропуску Ягодын-Дарахуск ускладнены акцыяй пратэсту з польскага боку. Мясцовы суд у Любліне напярэдадні адмяніў забарону на сходы, якія адбываюцца каля мяжы.
Перавозчыкі патрабуюць ад уладаў канкрэтных крокаў — ад кампенсацый за тэхнічныя змены да вылучэння асобнага памежнага пераходу для пустых грузавікоў з Украіны. Ці маюць гэтыя патрабаванні шанец быць выкананымі? І як доўга пратэсты могуць працягвацца, калі дыялог з уладамі не адбудзецца? На гэтыя пытанні адкавазе галоўны эканаміст Нацыянальнай гандлёва-прамысловай палаты Польшчы (Krajowа Izbа Gospodarczа) Польшчы Пётр Сарачыньскі:
— Неабходна памятаць, што цяперашняя сітуацыя ў транспартнай галіне Польшчы абумоўлена шэрагам фактараў, якія істотна ўплываюць на стан гэтай сферы. Асноўная праблема заключаецца ў тым, што эканамічнае становішча перавозчыкаў ужо некаторы час ускладняецца. Гэта звязана з тым, што патрабаванні Еўрапейскага саюза да транспартнага сектара становяцца ўсё больш жорсткімі.
Праводзіць перавозкі становіцца ўсё цяжэй, а тым часам на еўрапейскім рынку з’яўляюцца канкурэнты, якія могуць аказваць транспартныя паслугі без выканання ўсіх гэтых патрабаванняў. У выніку перавозчыкі выходзяць на пратэсты. Месца і фармат гэтых акцый абіраюцца такім чынам, каб пратэсты былі заўважныя і ўнутры краіны, каб польскія ўлады мусілі рэагаваць і весці перамовы з удзельнікамі.
Пацікавіліся ў эксперта чаго ў першую чаргу дабіваюцца транспартнікі, пратэстуючы ля мяжы з Украінай?
— Патрабаванні пратэстоўцаў канцэнтруюцца вакол чатырох асноўных пунктаў. Першы — гэта жаданне атрымаць кампenсaцыі за неабходнасць устаноўкі новых тахографаў, якія рэгулююць працу кіроўцаў. Другое і трэцяе патрабаванні тычацца большай адказнасці з боку заказчыкаў транспартных паслуг: у пытаннях тэрмінаў аплаты і агульнага стаўлення да транспартных кампаній.
Чацвёртае патрабаванне — вылучэнне асобнага памежнага пераходу паміж Польшчай і Украінай, прызначанага выключна для вяртання пустых грузавікоў з Украіны. Гэта павінна дазволіць ім праязджаць без чэргаў і перашкод.
Пратэст польскіх транспартнікаў адбываецца падчас эскалацыі вайны Расіі супраць Украіны. Ці гэты пратэст можа паўплываць на лагістычныя ланцугі ў Еўропе, на стабільнасць паставак, напрыклад, узбраенняў і паліва ва Украіну?
— На маю думку, гэты працэс хоць і бачны, і ў пэўнай ступені непрыемны для гандлю, але ён не з’яўляецца катастрафічным. Пратэсты не блакуюць цалкам тавараабмен паміж Польшчай і Украінай. Мы гаворым пра блакіроўку толькі аднаго пераходу, прычым частковую: некаторыя віды перавозак — напрыклад, паліва, небяспечныя грузы, аўтобусныя рэйсы, гуманітарная дапамога і ваеннае абсталяванне — не будуць падпадаць пад блакаду.
Застаецца спадязвацца, што польскія ўлады падыдуць да перамоваў з пратэстоўцамі разумна і паспрабуюць палегчыць іх працу, каб пратэст не давялося працягваць.
18 траўня ў Польшчы адбудзецца першы тур прэзідэнцкіх выбараў, ці звязаны пратэст транспартнікаў на мяжы з Украінай з узмацненнем палітычнай барацьбы напярэдадні важнага галасавання?
— Найважнейшым у гэтай сітуацыі было б тое, каб улады наладзілі грунтоўны дыялог з прадстаўнікамі транспартнай галіны наконт таго, як палепшыць умовы працы і развіцця гэтай сферы. Для Польшчы яна мае вялікае значэнне — краіна атрымлівала сур’ёзныя даходы дзякуючы шырокаму спектру транспартных паслуг у межах ЕС.
Аднак цяпер дзейнасць абмежаваная, і галіна перажывае крызіс. Я не звязваў бы пратэсты з надыходзячымі выбарамі — хутчэй гэта супадзенне, абумоўленае рашэннямі мясцовых уладаў і судоў, якія вызначалі магчымасць і тэрміны правядзення акцый. Праблемы транспартнай галіны працягваюцца ўжо доўгі час, і калі яны не будуць вырашаныя, пратэсты, хутчэй за ўсё, будуць працягвацца.
Слухайце аўдыё!
эж