Беларуская Служба

Жыхары Польшчы менш заплацяць за газ, але больш за электрычнасць

08.07.2025 17:05
Новы тарыф на газ будзе дзейнічаць да канца чэрвеня наступнага года.
Аўдыё
  • Ідзе падрыхтоўка да мадэрнізацыі варшаўскага аэрапорта; Тайваньскі гігант неўзабаве адкрые ў Польшчы свой завод; Жыхары Польшчы менш заплацяць за газ, але больш за электрычнасць
Энергетыкаanalogicus/pixabay.com/CC0 Public Domain

З пачаткам ліпеня жыхары Польшчы менш заплацяць за газ, але больш за электрычнасць.

Старшыня Упраўлення па рэгуляванні энергетыкі зацвердзіў новы тарыф на газ. Кошт газу для хатніх гаспадарак, бальніц, школ ці, напрыклад, дзіцячых садкоў зніжаецца амаль на 15%.

Новы тарыф на газ будзе дзейнічаць да канца чэрвеня наступнага года.

Адначасова з ліпеня была ўведзена новая плата за магутнасць, якая з'яўляецца часткай рахунку за электрычнасць. Эканаміст PKO Bank Polski Марыюш Адамяк (Mariusz Adamiak) падкрэсліў, што змены будуць прыкметныя для спажыўцоў.

— Таму што сярэдні рахунак хатняй гаспадаркі павялічыцца амаль на 6%. У залежнасці ад таго, колькі хатняя гаспадарка спажывае энергіі на працягу года, рахункі павялічацца з 3 да 16 злотых (да 4 еўра ў месяц). Мяркуючы па статыстычных дадзеных, у сярэднім сям'я заплаціць 14 злотых больш (3,5 еўра) у сувязі з увядзеннем платы за магутнасць.

Плата за магутнасць — гэта дадатковая штомесячная плата, якая дадаецца да тарыфнай платы за размеркаванне і перадачу энергіі. Такім чынам электраэнергетычны сектар атрымлівае сродкі на адаптацыю для выпрацоўкі адпаведнай колькасці электраэнергіі ў перыяды павышанага попыту на электрычнасць.

IAR/яс