Forsal друкуе артыкул пра розніцы ў заробках мужчын і жанчын у Польшчы. У студзені гэтага года яны зараблялі ў сярэднім адпаведна 9041 і 8385 злотых. Розніца заўважная, у некаторых галінах яна перавышае нават 30 працэнтаў. Найбольшыя розніцы назіраюцца ва ўзроставых групах 35–44 і 45–64 гады, дзе мужчынскія заробкі на 10% вышэйшыя. Сярод людзей пенсійнага ўзросту жанчыны часцей маюць вышэйшы даход — дзякуючы таму, што сярод працуючых пажылых жанчын шмат адукаваных і прафесійна паспяховых асоб.
Жанчыны маюць падобны ўзровень прафесійных амбіцый, як і мужчыны, але сутыкаюцца з перашкодамі на пазнейшых этапах кар’еры — найчасцей праз стэрэатыпы і няроўнае размеркаванне хатніх абавязкаў. У 70% еўрапейскіх кампаній няма ніводнай жанчыны ў кіраўніцтве. Жанчыны часта атрымліваюць меней грошай за тую ж працу.
Існуе так званы парадокс мерытакратыі — перакананне ў тым, што ўсіх ацэньваюць справядліва, насамрэч ён маскіруе сістэмную няроўнасць. Толькі 37% жанчын лічаць, што пол не ўплывае на шанцы кар’ернага росту, сярод мужчын – 68%. 57% прафесіяналак кажуць, што сутыкаліся з перашкодамі з-за гендару.
Толькі 6% жанчын імкнуцца стаць кіраўніцамі кампаній, сярод мужчын — 18%. Жанчыны радзей падаюць заяўкі на вакансіі, калі не адпавядаюць ім на 100%. Кіраўніцкае асяроддзе застаецца "мужчынскім" і мала даступным для жанчын.
На фоне дэмаграфічнага спаду і дэфіцыту кадраў роўная аплата працы набывае ўсё большае значэнне. Кампаніі часцей указваюць узровень заробку ў вакансіях, што павялічвае колькасць водгукаў да 40%.
Паводле «Барометра рынку працы 2025», галоўныя цяжкасці пры ўвядзенні празрыстасці заробкаў — гэта неабходнасць тлумачыць розніцу ў заробках (36,3%), магчымыя канфлікты (35,9%) і рост чаканняў (34,3%). Найбольш баяцца гэтага буйныя кампаніі — менавіта там гендарны разрыў найвялікшы. Жанчыны звязваюць большую надзею з еўрапейскімі рэгуляцыямі, якія рэкамендуюць празрыстасць заробкаў, паколькі менавіта яны часцей становяцца ахвярамі дыскрымінацыі.
Forsal/нг