Нелегальны гандаль электроннымі цыгарэтамі ў інтэрнэце квітнее. Пра гэта піша Rzeczpospolita, звяртаючы ўвагу, што магчымасці дзяржавы эфектыўна кантраляваць рынак і забараніць продаж такіх вырабаў непаўналетнім выклікаюць сур’ёзныя сумневы.
Як паведамляе выданне, набыць нелегальныя электронныя цыгарэты ў сесіве вельмі лёгка — без праверкі ўзросту і без акцызных марак. У той час заканадаўства Еўрасаюза дакладна рэгулюе ёмістасць картрыджаў: для аднаразовых прылад яна не павінна перавышаць 2 мілілітры, а для запасных кантэйнераў да шматразовых электронных цыгарэт — 10 мілілітраў.
Паводле дадзеных Інстытута прагнозаў і эканамічных аналізаў, у 2022 годзе продаж аднаразовых электронных цыгарэт складаў каля 32 мільёнаў штук. А ўжо ў 2023-м гэтая колькасць павялічылася ў тры разы — да амаль 100 мільёнаў штук разам з легальным і ценявым абаротам. Каля траціны гэтага аб’ёму, паводле ацэнак экспертаў, прыпадае на нелегальны гандаль. У асноўным гэта пастаўкі з-за межаў Еўрасаюза, перадусім з Кітая.
Кантраляваць сітуацыю спрабуе падатковая адміністрацыя. Летась і сёлета яна правяла больш за 1700 праверак паштовых і кур’ерскіх пасылак, якія ўтрымлівалі вадкасці і прылады для электронных цыгарэт. Аднак у самой адміністрацыі прызнаюць: яны не маюць магчымасці блакаваць інтэрнэт-старонкі, нават калі на іх прадаюць забароненыя тавары. Таму дзейнічаюць іншымі спосабамі — звяртаюцца да адміністратараў Facebook і Instagram з просьбай абмежаваць доступ да такіх старонак. У 2024 годзе такім чынам было заблакавана амаль 400 адрасоў, дзе прапаноўвалі вырабы без акцызных марак.
нг