Беларуская Служба

Бізнес крытыкуе пілотны праект чатырохдзённага працоўнага тыдня ў Польшчы

22.10.2025 12:44
Прыблізна кожная трэцяя арганізацыя, якая далучылася да пілатажу, гэта дзяржаўная ўстанова ці орган мясцовай адміністрацыі.
.
.Shutterstock/Pressmaster

Польскія прадпрымальнікі выказваюць незадаволенасць складам удзельнікаў пілотнага праекта па ўкараненні чатырохдзённага працоўнага тыдня. Як паведамляе газета Rzeczpospolita, бізнес лічыць, што занадта вялікая доля дзяржаўных устаноў сярод удзельнікаў пілатажу падрывае мэту эксперыменту, які павінен быў паказаць, як скарачэнне працоўнага часу ўплывае на эфектыўнасць кампаній у рыначных умовах.

Міністэрства сям'і, працы і сацыяльнай палітыкі Польшчы апублікавала спіс арганізацый, якія далучыліся да праграмы. Прыблізна кожная трэцяя арганізацыя — гэта дзяржаўная ўстанова ці орган мясцовай адміністрацыі. На думку экспертаў, такія прапорцыі робяць вынікі тэсту неверагоднымі.

— Як можна ацаніць, ці рэальна скараціць працоўны тыдзень у прыватным сектары, калі большасць удзельнікаў не працуе ў канкурэнтных умовах і не вырабляе тавараў? — адзначыла прадстаўніца Польскага гаспадарчага таварыства (Polskie Towarzystwо Gospodarcze) Катаржына Камецка.

Прадпрымальніца таксама нагадала, што фінансаванне праекта ажыццяўляецца за кошт Фонду працы, які напаўняецца ўнёскамі саміх прадпрымальнікаў. — Зараз гэта выглядае так, быццам бізнес павінен аплачваць скарачэнне працоўнага часу чыноўнікаў, — дадала Камецка.

Сваю занепакоенасць выказала і Віалета Жукоўская-Чапліцка з Федэрацыі польскіх прадпрымальнікаў (Federacjа Przedsiębiorców Polskich). На яе думку, выкарыстанне 50 млн злотых (11,8 млн еўра) з Фонду працы, прызначанага для барацьбы з беспрацоўем, — сумнеўнае рашэнне.

— Такі падыход наўрад ці паспрыяе папулярызацыі чатырохдзённага працоўнага тыдня сярод прыватных кампаній, — падкрэсліла Віалета Жукоўска-Чапліцка.

эж