Нягледзячы на дэклараваны «зялёны пераход», Еўрапейскі саюз па-ранейшаму моцна залежыць ад імпарту нафты, газу і вугалю. Паводле даследавання французскай кампаніі Schneider Electric, Еўропа штогод губляе сотні мільярдаў еўра праз нізкі ўзровень электрыфікацыі, — пішуць на польскім партале biznesalert.pl.
Асабліва дрэнна ў гэтым плане выглядае Польшча, якая ў большасці паказчыкаў істотна адстае ад сярэднееўрапейскага ўзроўню. Паводле справаздачы, ЕС штогод траціць каля 380 мільярдаў еўра на імпарт энергарэсурсаў. Узровень электрыфікацыі кантынента складае толькі 21%, што павышае кошты энергіі і робіць Еўропу энергетычна ўразлівай. Аналітыкі падкрэсліваюць, што паскарэнне пераходу на электрычныя тэхналогіі дазволіла б эканоміць больш за 250 мільярдаў еўра ў год.
У дакуменце прапануецца скасаваць дзяржаўныя датацыі на выкапнёвае паліва, спрасціць фінансаванне «зялёных» праектаў, а таксама паскорыць электрыфікацыю будынкаў і развіццё электратранспарту.
Паводле Schneider Electric, Польшча значна адстае ў энергетычнай трансфармацыі. Электрамабілі складаюць толькі 1 % аўтапарку, а цеплавыя помпы з'яўляюцца крыніцай энергіі толькі 2 % польскіх домагаспадарстваў. Доля электраэнергіі ў агульным спажыванні будынкаў не перавышае 12 %, пры тым што сярэдні паказчык па ЕС дасягае 26 %.
Адзіная станоўчая тэндэнцыя — рост колькасці прасументаў, якія самастойна вырабляюць электраэнергію: іх у Польшчы ўжо 9 %, крыху больш, чым у сярэднім па Еўрасаюзе.
Эксперты адзначаюць, што без маштабнага паскарэння электрыфікацыі Польшча рызыкуе надоўга застацца адной з найбольш залежных ад выкапнёвага паліва краін Еўропы.
эж