Польскі ўрад разглядае законапраект па вызначэнні максімальнай цаны на газ для хатніх гаспадарак у 2027 годзе. Падрыхтаваны Міністэрствам энергетыкі праект прадугледжвае, што з 1 студзеня да канца снежня будучага года максімальная цана на газ застанецца на цяперашнім узроўні, то бок яна складзе амаль 200 злотых (197 злотых і 29 грошай) — гэта амаль 45 еўра за мегават-гадзіну. Згаданая сума не ўключае ПДВ і акцызнага падатку.
Міністр энергетыкі Мілаш Матыка (Miłosz Motyka) тлумачыць, што гаворка ідзе пра тое, каб спажыўцы ў Польшчы не адчулі ваганняў на сусветным рынку.
— Мы аналізавалі сітуацыю на сусветным рынку. Яна складаная ў сувязі з падзеямі на Блізкім Усходзе. Таму і нашая прапанова, якая павінна абараняць індывідуальных спажыўцоў ад павышэння цэн, — кажа міністр.
Мерай будуць ахопленыя не толькі хатнія гаспадаркі, але таксама жыллёвыя абшчыны і кааператывы, школы, бальніцы, дамы для пажылых людзей і г.д.
Максімальныя цэны на газ былі ўведзеныя ў Польшчы пасля пачатку поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны.
IAR/аз