- Сёння я магу з упэўненасцю сказаць, дзе мой дом, – напісала Вольга Сафронава. Тытулаваная беларуская спартсменка не хавае свайго стаўлення да Польшчы і палякаў, паведамляе старонка onet.pl.
Вольга Сафронава шмат гадоў прадстаўляла Беларусь на міжнародным узроўні ў конным спорце. Аднак яе сітуацыя змянілася ў 2021 годзе пасля таго, як яна ўдзельнічала ў пратэстах супраць вынікаў выбараў, на якіх нібыта зноў перамог Аляксандр Лукашэнка.
Перад пачаткам Алімпійскіх гульняў у Токіа чыноўнікі федэрацыі ў Мінску вырашылі, што яна не паляціць у Японію з-за меркаванай хваробы каня. Сафронава не пагадзілася і хацела даказаць сваю правату. Таму яна прыехала ў Польшчу, а аналізы, праведзеныя тут, паказалі, што конь здаровы.
Беларуска пераехала ў Польшчу. Вярнуцца ў Беларусь, дзе яе абвясцілі ў вышук, не змагла, хоць яе партнёр застаўся там.
У тым жа годзе спартсменка атрымала гуманітарную візу ў Польшчы, куды неўзабаве пераехалі таксама ейны партнёр і два коні.
У снежні 2022 года, нягледзячы на супраціў з боку беларускіх уладаў, Сафронава, ужо з польскім грамадзянствам, прадстаўляла Польшчу на міжнародным узроўні.
- Я адчуваю вялікую ўдзячнасць Польшчы за магчымасці, якія я атрымала тут. Людзям, якія прынялі мяне, дапамаглі, паверылі ў мяне і далі магчымасць працягваць развівацца як спартсменцы, – напісала жанчына. – Сёння я з гонарам нашу польскага арла на грудзях. Сёння я магу з упэўненасцю сказаць, дзе мой дом. І я проста хачу падзякаваць. За магчымасць, за падтрымку і за тое, што Польшча стала такой важнай часткай майго жыцця, – падзякавала спартсменка ў сацсетках.
У цяперашні час яна рыхтуецца да ўдзелу ў Алімпійскіх гульнях 2028 года, якія пройдуць у Лос-Анджэлесе. Тым часам таксама ўдзельнічае ў іншых спартовых спаборніцтвах і дасягае поспехаў.
Варта адзначыць, што былая прадстаўніца Беларусі ў конным спорце можа пахваліцца тытулам віцэ-чэмпіёнкі Польшчы па выездцы і высокімі пазіцыямі ў міжнародных рэйтынгах згаданага віду коннага спорту.
аз