Беларуская Служба

Павышэнне зарплатаў не затрымае лекараў у Польшчы

14.11.2019 16:21
Раней асноўнай прычынай працоўнай эміграцыі польскіх медыкаў былі нізкія зарплаты. Цяпер гэта змянілася.
.
.DarkoStojanovic/pixabay.com/CC0 Public Domain

Бюракратыя, зашмат гадзінаў працы, адсутнасць доступу да сучасных тэрапій – усё гэта, нягледзячы на павышэнне зарплатаў, прычыняецца да эміграцыі польскіх лекараў. Штогод з Польшчы з’язджае некалькі сотняў з іх, паведамляе Dziennik Gazeta Prawna.

Паводле апошніх звестак Вярхоўнай медыцынскай палаты, цягам першых васьмі месяцаў бягучага году, амаль паўтысячы польскіх лекараў звярнуліся па сертыфікаты, якія дазваляюць ім атрымаць працу ў іншай краіне Еўрасаюза. Палова з іх зрабіла гэта ўпершыню. Усяго з 2005 года працаваць за мяжу выехалі амаль 15 тысяч польскіх медыкаў.

Самая вялікая група – гэта тэрапеўты, анестэзіёлагі і гінеколагі. Але польская служба аховы здароўя балюча адчувае таксама кожнае рашэнне аб эміграцыі патамарфолагаў. Хоць да працы за мяжу выехалі толькі 70 патамарфолагаў, то гэта складае больш за 12% усіх гэткіх спецыялістаў на польскім рынку працы. Аналагічна сітуацыя назіраецца, калі гаворка ідзе пра мікрабіёлагаў.

Газета падкрэслівае, што не змяншаецца колькасць новых лекараў, якія плануюць выехаць на працу за мяжу ўпершыню. Яна вагаецца ад 350 да 450. Да верасня гэткія дакументы атрымалі ажно 233 медыкі.

Калі раней галоўным аргументам, які вырашаў пра эміграцыю, былі вышэйшыя заробкі, то цяпер маладыя лекары адкрыта кажуць: Мы стаміліся!

„Нагружанасць, недахоп кадраў, абсталявання і доступу да навуковых даследаванняў, вялікая адказнасць”, - гэта асноўныя прычыны эміграцыі, якія называе Барташ Фіялэк (Bartosz Fiałek) з праўлення Агульнапольскага прафсаюза лекараў.

Паводле выдання Dziennik Gazeta Prawna, напрамкі эміграцыі польскіх лекараў не мяняюцца. Надалей найбольш прывабнымі для медыкаў застаюцца Германія і краіны Скандынавіі.

аз