Беларуская Служба

Палякі і амерыканцы разам затрымалі ўкраінца, датычнага да кібератакаў у ЗША

15.11.2021 14:34
22-гадоваму маладзёну пагражае да 100 гадоў пазбаўлення волі.
ІлюстрацыяКрыніца: gov.pl

Супрацоўніцтва польскіх і амерыканскіх спецслужбаў, у прыватнасці Агенцтва ўнутранай бяспекі і Федэральнага бюро расследаванняў, прывяло да затрымання грамадзяніна Украіны, які абвінавачваецца ў шматлікіх кіберзлачынствах. 22-гадовага хакера Яраслава Васінськага затрымалі ў польска-ўкраінскім памежным пераходзе ў Дарахуск, чытаем на партале cyberdefence24.pl.

Яго абвінавачваюць у несанкцыянаваным доступе да абароненых звестак з дапамогай устаноўкі шкоднага праграмнага забеспячэння, паралізаванне ІТ-сістэм і ў вымагальніцтве грошай.

Паводле ФБР, затрыманы належыць да групоўкі REvil, якая ажыццяўляла шматлікія кібернапады на ўстановы і кампаніі. Яго падазраюць у датычнасці да атакі на кампанію Kaseya, тады шкода была нанесена 1,5 тысячы прадпрыемстваў. Група REvil таксама адказная, сярод іншага, за атаку супраць найбуйнейшай у свеце мясной кампаніі JBS, якая была вымушана закрыць на некалькі дзён свае перапрацоўчыя заводы, і канчаткова заплаціла 11 мільёнаў долараў выкупу.

Кіберзлачынцу арыштавалі дзякуючы супрацоўніцтву польскіх і амерыканскіх спецслужбаў і праваахоўных органаў пасля таго, як амерыканская пракуратура выдала ордэн на арышт грамадзяніна Украіны. Генеральны пракурор ЗША паведаміў, што падаў запыт аб экстрадыцыі падазраванага.

Цяпер супраць Яраслава Васіньскага выстаўлена 11 абвінавачванняў. 22-гадоваму маладзёну пагражае да 100 гадоў пазбаўлення волі, напісалі на партале cyberdefence24.pl.

эж

Хакеры паралізавалі працу соцень кампаніяў па ўсім свеце, патрабуюць велізарны выкуп

05.07.2021 15:02
Банда REvil правяла ў пятніцу  адну з самых з самых сур'ёзных кібератак за апошні час.