Напружанне паміж Украінай і Расіяй можа паўплываць на рынак нерухомасці ў Польшчы. Сцэнарыяў можа быць як мінімум некалькі. Уладальнікі арэндных кватэр паціраюць рукі, паколькі яны моцна адчулі адток украінцаў падчас пандэміі, паведамляе «Gazeta Wyborcza».
Выданне пагутарыла са спадаром Адамам, які ў 2018 годзе набыў з мэтай арэнды дом пад Сянокам на Падкарпацці. «Працадаўцы з рэгіёна сталі браць на працу ўсё больш украінцаў, з'явілася зацікаўленне жыллём для супрацоўнікаў. Я хутка прыстасаваў дом, абсталяваў яго і арандаваў 10-ці ўкраінцам. Працадаўца аплачваў іх жыллё рэгулярна, а я не павінен быў хвалявацца. У 2020 годзе справа ўскладнілася», – распавядае гаспадар.
Паводле яго, пандэмія аказалася самай цяжкай для супрацоўнікаў аўтамабільнай галіны, а час прастою прымусіў працадаўцаў адмовіцца ад працаўладкавання іншаземцаў. У выніку яго дом пустуе з сярэдзіны 2020 года. Аднак апошнім часам зноў зазванілі тэлефоны.
« Я не ведаю, ці гэта звязана з ажыўленнем працы прадпрыемстваў, ці страху перад вайной», – кажа спадар Адам.
У згоднай ацэнцы экспертаў, напружанасць паміж Украінай і Расіяй можа ажывіць рынак арэнды ў Польшчы. «Пагроза вайны ва Украіне можа прывесці да новай хвалі міграцыі», – кажа галоўны аналітык Expander Advisors Яраслаў Садоўскі. Паводле выдання «Gazeta Wyborcza», крызіс на Усходзе Еўропы таксама можа паўплываць на цэны на рынку нерухомасці.
«Калі ваенная сутычка будзе доўжыцца адзін-два месяцы, то ўплыў на рынак нерухомасці ў Польшчы можа аказацца незаўважным. Аднак, калі гэта будзе працяглы ўзброены канфлікт на тэрыторыі ўсяе Украіны, а Польшча заангажуецца ў пастаўкі ваеннай тэхнікі, гуманітарную дапамогу, арганізацыю бальніц; калі Расія перакрые пастаўкі газу ў Заходнюю Еўропу, некаторыя заводы ў Еўропе і Польшчы спыняць працу, большасць інвестараў зʼедзе з Польшчы, цэны на газ дадаткова вырастуць, павялічыцца інфляцыя і рэзка знізіцца ВУП, тады цэны на рынку нерухомасці могуць упасці», – кажа кіруючы дырэктар Cenatorium Марыюш Кужац.
Газета таксама звяртае ўвагу на тое, што ўкраінцы, якія прыязджаюць у Польшчу ў пошуках прытулку, могуць вырашыць набыць тут кватэру. Аднак пакуль доля, купленых украінцамі кватэраў, хоць і расце, то надалей нязначна. Купіць кватэру ў Польшчы могуць сабе дазволіць, перш за ўсё, замежнікі, якія працуюць на вышэйшых пасадах, а ўкраінцы ў Польшчы часта працуюць ніжэй за сваю кваліфікацыю і часта нелегальна.
аз