Выдаткі на абслугоўванне дзяржаўнага доўгу рэзка выраслі да рэкордна высокага ўзроўню. Эксперты адзначаюць, што пашырэнне сацыяльных выдаткаў з'яўляецца вынікам бесперапыннай выбарчай кампаніі — піша Rzeczpospolita.
Як паведамляе газета, выдаткі на абслугоўванне доўгу, а гэта пераважна працэнты, якія неабходна выплачваць уладальнікам дзяржаўных аблігацый, наблізіліся да 80,2 мільярда злотых ($21,2 мільярда) ва ўсім сектары дзяржаўных фінансаў у мінулым годзе, паводле дадзеных Еўрастата. Гэта на 13% больш, чым годам раней, і ў 2,5 разы больш, чым да пандэміі або да пачатку вайны ва Украіне.
«Гэты значны рост у першую чаргу звязаны з хуткім павелічэннем доўгу дзяржаўных фінансаў. Летась у канцы года наша запазычанасць ужо перавысіла 2 трыльёны злотых. Гэта на 320 мільярдаў злотых больш, чым годам раней, і амаль на 970 мільярдаў злотых больш, чым пяць гадоў таму», — піша выданне. Каментатар газеты Адам Кавальчык мяркуе, што, відаць, кандыдаты ў прэзідэнты зразумелі, на колькі дрэнны стан дзяржфінансаў, і яны не адважваюцца абяцаць залатыя горы, як пяць гадоў таму Анджэй Дуда. Нічога дзіўнага, што так шмат на першым туры атрымаў кандыдат «Канфедэрацыі» Славамір Менцэн (каля 15%), паколькі толькі гэтая партыя заўважыла, што немагчыма бясконца раздаваць дзяржаўныя сродкі.
«А наперадзе вялізныя выдаткі, хаця б на ўзбраенне. Палітыкі змагаюцца ў абяцаннях, колькі яны прызначаць на абарону. 5% ВУП? Добра, мы ж не хочам стаць часткай імперыі Пуціна. Трэба выбіраць, якія выдаткі неабходныя, а якія – не. Сур’ёзныя палітыкі павінны казаць грамадзянам праўду», - адзначае каментатар.
нг