Forsal піша, што больш за 150 буйных кампаній плануюць скараціць звыш 77 тысяч працоўных месцаў. Хваля звальненняў ахоплівае і дзяржаўны, і прыватны сектар Польшчы. Найбольшая колькасць скарачэнняў прыпадае на дзяржаўныя прадпрыемствы — PKP Cargo і Poczta Polska, якія некалі былі сімваламі стабільнасці. Але праблемы маюць і прыватныя фірмы. Пра аптымізацыю аб’яўляюць Makro, Fujitsu, Shell, Heineken і Aldi.
Асабліва трывожная сітуацыя ў Кракаве, дзе пад пагрозай каля чатырох тысяч працоўных месцаў — у сферах ІТ, бухгалтэрыі, кансалтынгу і абслугоўвання кліентаў. Гэта тыя галіны, што яшчэ нядаўна называлі «візітнай карткай» горада.
Як паведамляе Business Insider, у небяспецы і аўтамабільная галіна. Паводле Еўрапейскай асацыяцыі вытворцаў запчастак, летась у Еўропе знікла больш за 50 тысяч працоўных месцаў, і падобная сітуацыя можа паўтарыцца сёлета.
Асаблівая ўвага — да кампаніі Aptiv. У яе кракаўскім аддзяленні рыхтуецца новая хваля скарачэнняў, якая можа закрануць да 140 работнікаў. Кампанія прызнае, што гэтага патрабуе «дынамічны і канкурэнтны рынак», але пакуль не раскрывае дакладнай колькасці людзей, якія страцяць працу. Гэта ўжо не першая хваля — летась Aptiv звольніла каля 200 чалавек, прыкладна адну дзясятую персаналу. Фірма вырабляе электронныя кампаненты для аўтамабільнай галіны.
Эканамісты папярэджваюць: калі тэндэнцыя працягнецца, у краіне можа пачацца новая хваля беспрацоўя. У эканоміцы, як і на вытворчасці, дастаткова аднаго збою, каб спыніўся ўвесь ланцуг.
нг