Беларуская Служба

Беларусь не хоча інтэгравацца на расійскіх умовах

08.11.2019 16:12
Лістапад беларускае кіраўніцтва праводзіць у замежных паездках, шукаючы на гвалт падтрымкі ад ціску з боку Крамля.
Аўдыё
  • Застаўся месяц да інтэграцыі Беларусі з Расеяй
    .  .
Аляксандр Лукашэнка падчас замежнага візіту. Ілюстрацыйны здымак.Screen z www.youtube.com/

На днях Аляксандр Лукашэнка пабываў у Арабскіх Эміратах, неўзабаве збіраецца ў Аўстрыю. Актывізацыя візітаў супадае з набліжэннем заключэння пагаднення аб інтэграцыі з Расеяй. Афіцыйны Мінск, відаць, ня вельмі хоча падпісваць паразуменне з Масквой. Гэта можа мець для Беларусі сур'ёзныя наступствы.

Да падпісання дамовы аб паглыбленай інтэграцыі паміж Беларуссю ды Расіяй застаўся месяц. Падпісанне запланавана на 8-га снежня. 8-га лістапада ў Мінску збіраюцца разам прыхільнікі перамен да лепшага. Сустрэчу ладзіць блогер NEXTA сумесна з кандыдатамі ў дэпутаты, каб рашыць, што рабіць далей.

Аднак праз месяц можа і не быць чаго мяняць да лепшага, бо пад выглядам інтэграцыі адбудзецца патаемная інкарпарацыя Беларусі Расіяй. Такой думкі прытрымліваюцца прыхільнікі ініцыятывы «Свежы вецер», якія заклікаюць змагацца за незалежнасць. Пра гэта неаднаразова казаў адзін з ініцыятараў, філосаф Уладзімір Мацкевіч.

- Глядзіце, як Расія цісне на Лукашэнку. Падатковы манеўр закранае нафту, газ, што было галоўнай крыніцай фармавання бюджэту ды пазабюджэтнага фонду Лукашэнкі ў Беларусі. Крэмль абрубіў яму магчымасці карыстацца спрыяльнай эканамічнай сітуацыяй, на чым беларускі рэжым доўгі час трымаўся. Лукашэнка папрасіў адразу новыя зніжкі, бо ён не здольны мець з гэтага прыбытак, але і не можа падтрымліваць сацыяльны кантракт. Ціск працягваецца і неўзабаве дойдзе да такога моманту, калі ў Лукашэнкі не будзе больш сродкаў, каб адбівацца ад гэтага. Тым больш, што Пуцін можа пайсці на крайнія меры, калі ён апантаны.

Ёсць яшчэ і такое меркаванне, што ніякай інтэграцыі не будзе. Крэмль не мае рэсурсаў, каб змусіць Лукашэнку аддаць уладу, перакананы палітолаг Андрэй Ляховіч.

- На маю думку, Лукашэнка не пойдзе на саступкі ў справе паглыблення інтэграцыі. Занадта часта гучалі заявы з беларускага боку пра тое, што Беларусь не пойдзе на стварэнне наднацыянальных структур у рамках Саюзнай дзяржавы, не будзе абʼядноўваць грашовыя сістэмы, не будзе агульнай мытні. Рэальнага напаўнення Саюзная дзяржава так і не мае.

Расійскае кіраўніцтва пагражае пазбавіць Беларусь энергетычных ды гандлёвых пераваг, калі Мінск адмовіцца ад інтэграцыі. Страта гэтых пераваг можа ўскладніць пераабранне Лукашэнкі ў будучым годзе?

- Расія не можа спыніць пастаўкі газу і нафты праз Беларусь, бо гэта 40 мільярдаў м3 газу і 50 мільёнаў тон нафты. Накіраваць такі абʼём праз парты Расія не мае такой магчымасці. Расіяне набываюць беларускія тавары не па палітычных прычынах, а ў звязку з іх цаной ды якасцю. Не трэба перабольшваць магчымасці ціску Расіі на Беларусь. Зразумела, што Пуцін хацеў бы больш ад Лукашэнкі, але той забяспечвае яму мінімум расійскіх інтарэсаў. Ідзецца пра неўступленне Беларусі ў заходні блок, удзел у важных для Крамля геапалітычных праектах на постсавецкай прасторы.

У Беларусі вялікія сімпатыі да Расіі сярод грамадства, яшчэ большыя сярод наменклатуры ды сілавікоў. У такіх умовах Крэмль можа спакойна зладзіць «крымскі сцэнар» Лукашэнку?

- Беларускае насельніцтва за незалежнасць. Сілавікі, вядома, прарасейскія, і з «зялёнымі чалавечкамі» ваяваць не будуць. Аднак, добраахвотна, без ваеннага сцэнара, ніхто не падтрымлівае ўваходжання ў склад Расіі. Паводле сацыялагічных апытанняў, гэта некалькі адсоткаў насельніцтва. Да таго ж, Расія - не Савецкі Саюз, не мае столькі рэсурсаў, каб захапіць Беларусь. Асабліва ва ўмовах заходніх санкцый.

Застаецца месяц да падпісання новай інтэграцыйнай дамовы паміж Беларуссю ды Расіяй. У Мінску эксперты ды грамадскія актывісты непакояцца, што можа адбыцца аншлюс Беларусі расійскімі ўладамі. Пры гэтым, ёсць і скепсіс, што да здольнасці Крамля рэалізаваць такі сцэнар. У Расіі абмежаваныя рэсурсы.

Юры Ліхтаровіч