З Амерыкі паступае інфармацыя, што Дональд Трамп вырашыў вывесці 25% амерыканскіх жаўнераў з Германіі. Цяпер там дыслакавана амаль 34 тысячы вайскоўцаў. Амерыканцы збіраюцца вывесці каля 9,5 тысячы. Эксперты цікавяцца, колькі ў гэтым рашэнні палітыкі, а колькі стратэгіі? То бок ці ЗША, хочуць проста націснуць на нямецкі ўрад, які вельмі паволі павялічвае выдаткі на абарону, ці амерыканцы сапраўды адмаўляюцца ад ролі гаранта міжнароднай бяспекі ды скарачаюць скарачаюць сваю прысутнасць у свеце? Гаворыць Міхал Бараноўскі з нямецкага Фонду Маршала ў Польшчы.
- Тут шэраг прычын. Цяпер у Амерыцы ідуць выбары і для выбараўцаў Трампа важна, што амерыканскія жаўнеры вяртаюцца дадому. Таксама гэта ціск на Берлін за недастатковыя выдаткі Германіі на абарону. Таксама сюды дадаецца асабістая непрыязь паміж лідарамі двух краін. Апошняе гэта тое, што ЗША вяртаюцца за акіян ды імкнуцца зменшыць сваю ўцягнутасць у міжнародныя справы.
Гэтая навіна выклікала ажыўленне ў Цэнтральнай Еўропе. У рэгіёне спадзяюцца, што частка амерыканскіх войск можа размясціцца ў некаторых краінах Цэнтральнай Еўропы. Адна з найбольш зацікаўленых – Польшча, кажа Міхал Бараноўскі.
- Для Польшчы важна большая амерыканская прысутнасць на сваёй тэрыторыі. Аднак ніколі гэта не рабілася коштам вываду іх з іншых частак Еўропы. Амерыканская прысутнасць у Германіі важна і для Польшчы, гэта ўплывае на нашу бяспеку, бо амерыканскія войскі – гэта інструмент стрымлівання патэнцыйнай агрэсіі з Расіі. Таму, на дадзены момант, я бачу ў гэтым рашэнні большы негатыў для Польшчы. Яго не кампенсуе павелічэнне амерыканскага кантынгенту на Польскай тэрыторыі. Мы бачым, што з расійскага боку ідзе ўвесь час нарошчванне вайсковага кантынгенту на Захадзе краіны. Выхад Амерыкі ды нарошчванне вайсковай прысутнасці Расіі азначае для бяспекі нашага рэгіёна толькі адно – менш бяспекі.
У сваю чаргу публіцыстка часопіса «Sіeci» Аляксандра Рыбіньска перакананыя, што Польшча павінна дабіцца як мага большай прысутнасці амерыканскіх войскаў на сваёй тэрыторыі.
- Мы павінна дамагацца як маг большай вайсковай прысутнасці ЗША ў нас. Я думаю, што перанос цэлай амерыканскай базы ў Польшчу пакуль мала рэальны. Дастаткова згадаць, хаця б нядаўнія размовы пра Форт Трампа. Мы моцна спадзяваліся, што гэты праект будзе рэалізаваны. Цяпер бачна, што ня хутка. Але можна ўявіць, што тут з'явяцца часова дадатковыя некалькі тысячаў жаўнераў. Для нас важна, каб гэтая прысутнасць амерыканскіх жаўнераў была пастаянная. Мы павінны імкнуцца, каб жаўнераў было як мага больш. Наша меркаванне з гэтай нагоды зразумелае і простае. Яшчэ адной праблемай зʼяўляецца адсутнасць аэрапортаў, здольных для прыёму ды перакідвання такой колькасці жаўнераў. Цэнтральнай камунікацыйны порт спрыяў бы перакідванню войскаў у выпадку крызісу, таму гэты праект важны для Польшчы.
Вашынгтон збіраецца скарачаць сваю вайсковую прысутнасць у Нямеччыне. У Варшаве хочуць павялічыць за кошт гэтага склад амерыканскага вайсковага кантынгенту ў Польшчы. У адваротным выпадку, гэта можа аслабіць Еўропу, перакананыя польскія эксперты.
Юры Ліхтаровіч