Беларуская Служба

Ці сустрэча Лукашэнкі з палітвязнямі азначае, што можа пачацца дыялог з уладай?

16.10.2020 16:58
«Любы апазіцыйны палітык, хто скажа пра дыялог з Лукашэнкам, стане палітычным трупам»,- адзначае Вольга Карач, дырэктар Цэнтру грамадзянскіх ініцыятыў «Наш дом».
Аўдыё
zdjęcie ilustracyjne
zdjęcie ilustracyjnePixabay/UliSchu

Беларускія ўлады выкарыстоўваюць усе магчымыя сродкі, каб знізіць дынаміку пратэстнага настрою ў Беларусі. З аднаго боку яны прымяняюць неабгрунтавана жорсткія сродкі ў адносінах мірных дэманстрантаў, а з іншага заяўляюць пра магчымасць пачаць дыялог, але толькі на іх умовах.

Некалькі дзён таму паявілася сенсацыйнае паведамленне – прыезд Аляксандра Лукашэнкі ў следчы ізалятар на Акрэсціна і сустрэчу з палітычнымі вязнямі. Пасля гэтага двое палітвязняў выйшлі на свабоду. Ці гэта азначае, што можа пачацца дыялог з уладай? Грамадства не намерана ўжо прыслухоўвацца да меркавання рэжыму ды ісці на перамовы з ім, паколькі пасля збіцця і гвалтавання людзей у турмах у людзей няма жадання ісці на які-колечы дыялог, – адзначае Вольга Карач, дырэктар Цэнтру грамадзянскіх ініцыятыў «Наш дом».

- Зараз ёсць народная нянавісць да Лукашэнкі. Чаму ён думае, што можа прызначыць нейкую апазіцыю, а народ будзе прыслухоўвацца да яе? Ён спрабуе гуляць у старую палітычную гульню, калі ён прызначае апазіцыю, а яна займаецца прасоўваннем яго інтарэсаў. Уся гэтая палітычная маніпуляцыя ўжо не працуе. Лукашэнка можа дабіцца, што ў пратэстах будзе прымаць удзел менш людзей, але пратэстны настрой не знікне. Гэтыя гвалты ў турмах, асабліва дзяцей, проста шакавалі грамадства, ёсць толькі нянавісць. Кожны апазіцыйны палітык, які скажа пра дыялог з Лукашэнкам, стане палітычным трупам.

9 кастрычніка адбылася тэлефонная размова паміж міністрам замежных спраў Беларусі Уладзімерам Макеем і намеснікам старшыні Еўрапейскай камісіі, вярхоўным прадстаўніком ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Жозепам Барэлем, пра што паведамляла БелТА. Вольга Карач накіравала ліст Барэлю з просьбаю паведаміць пра змест размовы, паколькі ёсць боязі, што Еўрасаюз зноў згодзіцца на дыялог з беларускімі ўладамі.

- Ёсць такія боязі, я накіравала ліст Барэлю, паколькі гэты чалавек з самага пачатку пратэстаў у Беларусі вядзе сябе вельмі дзіўна. Па-першае, ён заявіў, што «Лукашэнка – нелегітымны прэзідэнт, але мы будзем размаўляць з ім, бо ён – улада», па-другое, ён блытае, дзе знаходзяцца Украіна і Беларусь. І, па-трэцяе, ён сам патэлефанаваў Макею і казаў пра нейкі дыялог. Дыялогу з Лукашэнкам быць не можа, можа толькі быць дыялог пра тое, як ён сыходзіць. Зразумела, нам трэба ціснуць таксама на еўрапейскіх дыпламатаў і палітыкаў, паколькі за 26 гадоў Лукашэнка навучыўся маніпуляваць не толькі беларускім грамадствам, але таксама і еўрапейскімі палітыкамі.

На гэтым тыдні стала вядома, што ўлады Беларусі дазволілі выкарыстоўваць агнястрэльную зброю супраць дэманстрантаў «у выпадку неабходнасці». На думку Вольгі Карач, нічога новага ў гэтай заяве беларускіх уладаў няма, гэта падкрэслівае нежаданне рэжыму прыслухоўвацца да меркавання грамадства.

- З самага пачатку прэзідэнцкай кампаніі А. Лукашэнка і Генадзь Казакевіч пагражалі забіваць мірных дэманстрантаў. Лукашэнка казаў, што калі ён расстраляе тысячу чалавек, людзі будуць яму дзякаваць і плакаць, калі ён сыдзе. Нічога новага няма, беларуская ўлада працягвае пагражаць, але Лукашэнка спрабуе размаўляць з грамадствам, і ўпершыню грамадства яго не хоча ні чуць, ні размаўляць. Гэтыя спробы палітычнай маніпуляцыі паказваюць, што Лукашэнка разумее, што простым гвалтам пратэстаў не спыніць.

Магчымасць выкарыстання агнястрэльнай зброі супраць мірных дэманстрантаў асудзілі, у прыватнасці, прадстаўнікі Кангрэсу ЗША. Яны заявілі, што гэта толькі падкрэсліць нелегітымнасць улады Лукашэнкі.

слухай аўдыё