Амерыканскі выбарчы працэс за апошнія месяцы пранікае ў асяроддзі ледзь не кожнага з нас. І хоць за гэты час мы ўсцяж назіраем за падзеямі ў Беларусі і іншых частках свету, пытанне прэзідэнцтва ў ЗША пастаянна прабівалася ў галоўных газетах, інтэрнэце і тэлебачанні. Некаторыя словы, якія можна часта пачуць у матэрыялах пра выбары ў ЗША, гэта электар, штаты, віцэ-прэзідэнт, рэпрэзентацыя. Што гэта значыць і як насамрэч выбіраецца прэзідэнт ЗША?
Па першае, варта звярнуць увагу на факт, што асноўны дзень выбараў у ЗША праходзіў 3 лістапада, у мінулы аўторак. Чаму аўторак з’яўляецца галоўным днём, калі амерыканцы вырашаюць сваю будучыню? Гэта мае гістарычныя асновы. Гісторыю Election Day расказала на канале Fifty na Pół Kasia Mecinski польская блогерка, якая паходзіць з польскай дыяспары ў ЗША:
-Election Day, асноўны дзень выбараў у ЗША, з 1845 года заўсёды праходзіць у першы аўторак лістапада. У гэтым годзе гэты дзень прыпадаў 3 лістапада. Чаму менавіта тады? Таму, што ў 19 стагоддзі, калі такое рашэнне было прынята, большасць амерыканцаў была фермерамі і пражывала далёка ад выбарчых участкаў. З прычыны таго, што галасаванне займала ўвесь дзень, заканадаўцы былі вымушаныя запланаваць дадатковы дзень на выбары – яны не маглі праходзіць у выхадныя, бо большасць людзей прымала ўдзел у набажэнствах, а серада была гандлёвым днём. Таму выбралі менавіта аўторак. А лістапад быў выбраны, паколькі тады фермеры былі ўжо пасля сенажацця.
Калі ўжо вядома, па якой прычыне амерыканцы галасуюць за свайго прэзідэнта ў той, а не іншы дзень, усё павінна быць ясным. Аднак, амерыканская выбарчая сістэма ўнікальная не толькі сваёй даўняй гісторыяй. Яна ўнікальная таксама тым, што голас аднаго чалавека можа не мець ніякай вартасці. Гэткімі правіламі карыстаецца электарская сістэма, у якой на дзяржаўным узроўні важныя галасы толькі тых, хто прагаласаваў за пераможцу ў сваім штаце. Што калі ты аддаў голас за таго, хто не карыстаецца папулярнасцю сярод тваіх суседзяў? Тады папросту твой голас не выедзе за межы твайго штату.
-У дзень выбараў грамадзяне не выбіраюць непасрэдна прэзідэнта – яны выбіраюць электараў, якія ў панядзелак пасля другой серады снежня выберуць прэзідэнта. Гэтыя «другія» выбары праходзяць у штатавых парламентах. Як гэта насамрэч працуе? У кожным штаце ёсць акрэсленая колькасць дэпутатаў Палаты Прадстаўнікоў. Такая ж колькасць электараў з кожнага штата. Да таго электарамі з’яўляюцца два сенатары з кожнага штата. Канчатковая колькасць электараў залежыць ад колькасці насельніцтва дадзенага штата. Напрыклад, самы вялікі штат, Каліфорнія, мае 55 электараў. Самыя маленькія штаты – Аляска, Вермонт і Ваёмінг, маюць па тры электары. З 1948 года ў Калегіі электараў знаходзіцца 538 членаў. Гэта 535 элекатараў з усіх штатаў + 3 электары з Вашынгтону, то-бок сталіцы, якая фармальна не з’яўляецца штатам. І тут знаходзім адзін з самых унікальных аспектаў выбараў на прэзідэнта ЗША. Кандыдат, які ў дадзеным штаце атрымае прынамсі на адзін голас больш, здабывае ўсіх электараў дадзенага штата. Напрыклад, ва ўспомненай Каліфорніі, калі Джо Байдэн пераможа, атрымлівае 55 галасоў электараў. Канчаткова, кандыдат, каб стаць прэзідэнтам, патрабуе здабыць абсалютную большасць галасоў электарскага Калегіюма. Сёння гэта 270 галасоў, якія дазваляюць стаць прэзідэнтам.
У выніку такой сістэмы амерыканскія выбары часта змяняюцца ў тактычную барацьбу паміж кандыдатамі. Кожнаму залежыць на тым, каб здабыць штаты, у якіх колькасць электараў дапаможа здабыць перавагу над апанентам. Ёсць штаты, якія традыцыйна галасуюць за таго ці іншага кандыдата: дэмакраты традыцыйна перамагаюць, напрыклад, у Каліфорніі, Нью-Ёрку, Іліноі, а рэспубліканцы ў Тэхасе, Кентукі і Місісіпі. Ёсць таксама так званыя swing states (вагальныя штаты), дзе розніца ў галасах вырашаецца на ўзроўні аднаго-двух працэнтаў. За гэтыя штаты ідзе самае вялікае змаганне. У 2016 годзе дзякуючы перамозе ў swing states перамог Дональд Трамп, нягледзячы на тое, што ў агульным памеры за яго прагаласавала на 3 мільёны амерыканцаў менш. У гэтым годзе перамога аднаго або другога кандыдата таксама вырашаецца на ўзроўні swing states. У гэтым годзе самымі яркімі з іх былі Фларыда, Арызона, Мічыган і Мінесота. Так ролю swing states у амерыканскіх выбарах растлумачыла Аль Джазіра:
-Калі коратка, у выбарах перамагаецца ў вагальных штатах. Яны называюцца так, бо выбаршчыкі ў гэтых штатах змяняюць свае прэферэнцыі з адной на другую партыю. Усё залежыць ад кандыдата і канчатковы вынік вельмі цяжка прадбачыць. За апошнія 5 выбарчых кампаніі 12 штатаў змянялі свайго кандыдата, сярод іх штат Агая, які кожны раз галасаваў за пазнейшага пераможцу. Але ў сувязі з непрадказальным прэзідэнцтвам Дональда Трампа, сітуацыя трошкі змянілася. Ёсць традыцыйныя вагальныя штаты, але і напрыклад традыцыйна дэмакратычныя Вісконсін, Мічыган і Пенсільванія, дзе апошнім разам Трамп прабіў так званы «блакітны мур». Ёсць і сюрпрызы з іншага боку мапы – на поўдні традыцыйныя рэспубліканскія крэпасці, як Джорджыя і Тэхас, у гэтым годзе вагаюцца ў выбары кандыдата. І напрыканцы Фларыда, самы смачны кавалак торту, які дае 29 электараў. Агулам у гэтым годзе вагальныя штаты даюць аж 189 электарскіх галасоў, больш за палову патрэбных для перамогі.
Падсумоўваючы, можам сказаць, што амерыканская выбарчая сістэма нагадвае ў нейкай ступені стратэгічную гульню. Тут вельмі важная не толькі папулярнасць дадзенага кандыдата, але таксама расклад гэтай папулярнасці па ўсёй краіне. У такой сітуацыі любы жадаючы павінен клапаціцца пра тое, каб кожны раз здабываць галасы ў людзей, якія раней на яго не галасавалі. Гэткая сістэма дазваляе кантраляваць кандыдатаў, правяраць іх дзейнасць і сумленнасць. Такая сістэма мае, аднак, свае недахопы, таму што, як бачым, урэшце рэшт у Амерыцы яна прывяла да таго, што лічацца толькі дзве партыі і галасаваць трэба за «меншае зло». У любым выпадку, як мы не ацэнім амерыканскай сістэмы, цяперашніх выбараў і таго, хто выйграе, новае (або старое) прозвішча на пасадзе прэзідэнта ЗША заўсёды выклікае пытанні – якія будуць гэтыя чатыры гады? На чым ён будзе факусіравацца? Як гэта паўплывае на міжнародныя адносіны і як Белы Дом будзе падтрымліваць беларускія перамены.
На момант складання матэрыялу перамагае Джо Байдэн з 264 электарамі, Дональд Трамп мае іх 214.
Слухайце аўдыёфайл
Альберт Ежы Вяжбіцкі