Беларуская Служба

Ці можна параўноўваць Польшчу на пачатку 80-ых і Беларусь сёння?

20.11.2020 17:21
Як тады была польска-ярузэльская вайна, так і зараз ідзе беларуска-лукашысцкая вайна.
Аўдыё
    , 20.11.2020,
Развітанне з забітым Раманам Бандарэнкам, 20.11.2020, Мінскфота: PAP/EPA/STR

Масавыя пратэсты ў Беларусі, нязгода на трыванне актуальных уладаў на сваіх пасадах насоўвае аналогію з падзеямі, якія разыгрываліся ў Польшчы некалькі дзясяткаў гадоў таму – на пачатку 80-ых гадоў. Тады, нагадаем, быў створаны магутны прафсаюзны рух «Салідарнасць», да якога масава далучаліся людзі, быў шырокі супраціў адносна ўладаў, якія ў рэшце былі прымушаныя ўвесці ваеннае становішча. І так супрацьстаянне цягнулася да канца 80-ых.

Ці абгрунтаванае параўнанне сітуацыі ў Польшчы ў 80-ыя і сённяшняй сітуацыі ў Беларусі? Гэтае пытанне мы задалі метадолагу, філосафу і публіцысту, заснавальніку Агенцтва гуманітарных тэхналогій Уладзіміру Мацкевічу.

- Параўнанне заўсёды карыснае. Тое, што ў нас падобнае: як тады была польска-ярузэльская вайна, так і зараз ідзе беларуска-лукашысцкая вайна. Мы фактычна ваюем супраць рэжыму, як тады палякі. Тады на баку рэжыму ў Польшчы стаяў Савецкі Саюз, цяпер на баку беларускага рэжыму – Расія, і іх падтрымка дазваляла тады і дазваляе цяпер рэжымам трымацца. Калі перамагала польская «Салідарнасць», тады развальваўся Савецкі Саюз, цяпер Расія не развальваецца. Спадзяюся, нам не спатрэбяцца гады, як было ў Польшчы. Сёння зусім іншая сітуацыя ў Еўропе ды на свеце. Калі тады замежныя краіны маглі толькі маральна падтрымліваць польскую барацьбу, то цяпер беларусы атрымліваюць значна больш падтрымкі. У беларускага рэжыму няма хаўруснікаў нідзе, акрамя Расіі. Усё залежыць ад нашых высілкаў, ад таго, наколькі кемліва мы будзем дамагацца перамогі.

У Польшчы на пачатку 80-ых гадоў таксама быў вельмі моцны рух пратэстаў, масавыя страйкі, супраціў адносна ўлады. Тым ня менш, улады справіліся з імі, дзякуючы ўвядзенню ваеннага становішча, і ўсё цягнулася яшчэ гадамі. На сёння мы бачым таксама магутны супраціў у Беларусі, масавыя мірныя пратэсты, але падчас апошніх маршаў сілавікі не даюць нават сабрацца людзям. І, агулам, ці аднымі пратэстамі можна нешта змяніць?

- Не, аднымі пратэстамі ўладу не скінуць. Пратэсты не сціхаюць, але рэжым змяніў тактыку, і цяпер не дапускаюць, каб людзі маглі сабрацца ў вялікую масу. І нам таксама трэба мяняць тактыку, пра гэта казала і Святлана Ціханоўская. Адзін з недахопаў нашых пратэстаў – мы не бярэм на сябе ініцыятыву, даючы такім чынам рэжыму магчымасць прыстасавацца. А трэба апераджаць у сваіх дзеяннях. Патрэбная кансалідацыя. І гэта робіцца – захады на стварэнне камітэтаў мясцовага самакіравання, на падрыхтоўку да мясцовых выбараў. Наступнай выразнай палітычнай падзеяй могуць стаць мясцовыя выбары. Гэта першы раз, калі на мясцовым узроўні мы можам даць сапраўдны бой рэжыму. Патрэбныя таксама рашучыя дзеянні зверху.

Вяртаючыся яшчэ да аналогіі з польскімі падзеямі ў 80-ыя гады, трэба адзначыць розніцу ў тым, што ў палякаў быў свой выразны, вельмі харызматычны лідар з палітычнымі амбіцыямі – Лех Валэнса, які нават не паехаў на ўручэнне Нобелеўскай прэміі міру, баючыся, што яго не ўпусцяць назад. Унутры Беларусі цяпер такога лідара няма, усе лідары або сядзяць у турме, або былі прымушаныя з’ехаць за мяжу, як Ціханоўская ці Латушка.

- Святлана Ціханоўская не сама з’ехала, яе вывезлі. Таксама ў часы «Салідарнасці» шмат хто сядзеў па турмах, былі катаванні, забойствы, рэпрэсіі. Лех Валэнса, лідары Камітэту абароны рабочых былі вядомыя ўсім палякам, іх прызнавалі лідарамі. У нас з лідарствам недарэчна. Старыя лідары, як Павел Севярынец, адразу былі закрытыя, а новым лідарам прыходзіцца раптоўна вучыцца. Далёка не ўсё грамадства прызнае іх лідарства. У тым, што няма аднаго лідара, ёсць як пазітыўныя бакі, так і адмоўныя. Таму параўнанні ўсе абмежаваныя. Акрамя таго, зусім адрозныя тэхнічныя ўмовы. Калі «Салідарнасць» змагалася, яна магла кантактаваць з грамадствам праз лістоўкі, а цяпер інтэрнэт дае магчымасць вельмі аператыўнай сувязі.

Яшчэ адрозненне сітуацыі ў Польшчы ды Беларусі ў тым, што жанчыны адыгрываюць у пераменах у Беларусі значна больш заўважальную ролю, чым 40 гадоў таму ў Польшчы.

НГ