Беларуская Служба

Нягледзячы на пераслед беларускія журналісты хочуць заставацца на радзіме

25.01.2021 20:31
Ціск з боку міжнародных арганізацый – ключ да спынення пераследу незалежных СМІ і вяртання свабоды слова.
Здымак мае ілюстрацыйны характарShutterstock.com / Castleski

Са жніўня мы ўжо прывыклі да таго, што затрыманні журналістаў – звычайная справа. Як на пачатку пратэстаў, калі за трансляцыямі сачылі сотні тысяч людзей, затрыманні журналістаў траплялі ў аб’ектывы, так зараз гэта часта адбываецца без флешаў. Сілавікі ўрываюцца ў кватэры або офісы і затрымліваюць непрыхільных дзяржаве карэспандэнтаў. Медыя-рэсурсы, якія не хацелі змірыцца і паказваць афіцыйную дзяржпрапаганду, пазбаўляюцца статусу СМІ, што аўтаматычна робіць іх нелегальнымі і стварае падставы для арыштаў ды затрыманняў. Ад гэтага пацярпелі як буйныя рэдакцыі тыпу TUT.BY, так і рэгіянальныя праекты. Сярод іх – партал МедыяПалессе, які, нягледзячы на вялікую падтрымку і папулярнасць сярод карыстальнікаў інтэрнэту ў паўднёвай Беларусі, пераследуецца прадстаўнікамі ўлады. Падрабязней на сустрэчы Прэс-клубу Беларусь пра гэта расказала Святлана Гарда з МедыяПалессе.

-У рэгіёне значна цяжэй працаваць, таму што ўсё роўна за кожным з нас ідзе сочка, кожны з нас пад прыцэлам. Я жыву ў сваім доме, калі ў мяне завые сабака, я разумею, што ў любы момант за мной могуць прыйсці. Але ніякага страху няма, таму што мы ўсе салідарныя з калегамі - з Юліяй Слуцкай, з Андрэем Аляксандравым. Мы пішам аб гэтым усім, бо, можна сказаць, у рэгіёнах людзі несвядомыя, яны могуць не ведаць, хто такая Слуцкая ці Аляксандраў. Але мы стараемся данесці гэтую інфармацыю. Усё, што адбываецца, мы публікуем, пішам лісты. Калі казаць пра тое, што нас чакае далей і якія могуць быць выклікі, я магу сказаць, што мы распрацоўваем дадатковыя шляхі, ствараем дадатковыя адрасы ІП, назвы і таму падобнае. Але нас на лакальным узроўні (улады) ненавідзяць. Яны ўсе мараць пра тое, каб заўтра нас высекчы. І кажуць: “Мала вам аднаго папярэджання Міністэрства інфармацыі? Вам хопіць яшчэ адно і вас закрыюць”. Але мы працуем і будзем працаваць.

Нягледзячы на такія адважныя рашэнні і станоўчую пазіцыю многіх журналістаў ды незалежных СМІ, іх калегі таксама спрабавалі ўжо ўратавацца, збягаючы за мяжу. І колькасць журналістаў, што ўцякаюць ад пераследу, расце. Што з тымі, хто пакуль застаецца, ці плануюць яны пераязджаць? Ці спосабы далейшага вядзення рэгіянальнай і ўсебеларускай хронікі падзеяў увогуле магчымыя з-за мяжы? З якіх кріан працаваць? Пра гэта расказалі Святлана Гарда з МедыяПалессе ды Марына Золатава з TUT.BY.

-СГ: Ведаеце, напэўна на нейкі час так, гэта магчыма. Можа гэта быць добрым рашэннем для псіхалагічнай разгрузкі ды захавання атмасферы ў калектыве. Тым не менш, калі мы працуем у рэгіёне, не проста працуем у анлайн-фрамаце, а сочым за ўсімі падзеямі на месцы і перадаем гэта нашым чытачам – доўгатэрмінова гэта не выбар.

МЗ: Я прытрымліваюся думкі, што рэдакцыя TUT.BY павінна працаваць у Беларусі. Мы беларускае СМІ і мы павінны знаходзіцца ўнутры краіны. І ў той самы час я ўсведамляю рызыкі і разумею, што для падтрымання нармальнай працы рэсурсаў у крытычнай сітуацыі, менавіта для рабочых мэтаў, нейкія людзі могуць знаходзіцца за мяжой, для таго, каб падтрымаць нармальную працу партала.

Нягледзячы на адвагу і рашучасць беларускіх рэдактараў, якія мэтанакіравана застаюцца ў Беларусі, пратэставыя падзеі павінны агучвацца за мяжой. Таму для справы важна прысутнасць беларускай тэмы ў замежных СМІ. І хаця ў свеце са жніўня прайшло шмат не менш важных падзеяў, беларускія журналісты заклікаюць сваіх калег не забываць гэтую тэму. Фонды, якія паўсталі на фоне народнага супрацьстаяння, стараюцца перакладаць на замежныя мовы рэпартажы, артыкулы ды сюжэты беларускіх СМІ. Яны даходзяць да англамоўных, нямецкамоўных, польскамоўных ды іншых нацыянальных груп. Гэтае распаўсюджванне інфармацыі можа ў вялікай ступені дапамагчы паказаць сапраўдную хроніку падзеяў у краіне, якая ўжо паўгода як стала паліцэйскай дзяржавай. Гэта падкрэсліў намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Алег Агееў.

-У прынцыпе мы выпрацавалі такі падыход: мы просім і рэкамендуем усім нашым калегам карыстацца механізмамі ціску, якія ў іх ёсць, на ўлады сваіх краінаў ды, калі магчыма, міжнародных арганізацый. Для таго, каб кожны раз перад палітыкамі ў кантактах, якія зараз абмежаваны беларускімі ўладамі, ставіць пытанне аб выкананні рэкамендацый маскоўскага механізма, які быў нядаўна апублікаваны. Там ёсць шэраг рэкамендацый, і вялікая частка датычыць свабоды слова. І з-за гэтага дакумента ўлады сваіх краін і ўсе міждзяржаўныя арганізацыі павінны згодна патрабаваць выканання гэтых рэкамендацый, каб да беларускіх уладаў гэта даходзіла ў якасці патрабаванняў сусветнай супольнасці.

Прытрымліванне свабоды СМІ з’яўляецца ключавым у захаванні незалежнасці і свядомасці грамадзян. Зараз рэжым Лукашэнкі стараецца знішчыць тое, на што гадамі працавалі сотні беларускіх журналістаў. Са жніўня прадстаўнікі розных незалежных рэсурсаў падвяргаліся рэпрэсіям, судам, штрафам. Дзевяць чалавек сядзіць у вязніцах і чакае судоў па крымінальных абвінавачаннях. Мы спадзяемся, што неўзабаве гэтае беззаконне скончыцца і ў Беларусі змогуць існаваць розныя СМІ без страху аб пераследзе, арышце ці бежанстве.

Альберт Ежы Вяжбіцкі