Беларуская Служба

Беларусь у любы момант можа быць анексаваная Расіяй – баяцца еўрапейскія лідары

01.06.2021 15:23
Пуцін рыхтуе новы Крым – піша «Rzeczpospolita». 
Аляксандр Лукашэнка и Уладзімір Пуцін PAP/EPA/SERGEI ILYIN/SPUTNIK/KREMLIN POOL

Пуцін рыхтуе новы Крым – піша «Rzeczpospolita». Беларусь у любы момант можа быць анексаваная Расіяй – баяцца еўрапейскія лідары. І хочуць гэта прадухіліць. Пасля прымусовай пасадкі самалёта кампаніі Rуanair адбылося экстраннае паседжанне Еўрапейскай рады. Сітуацыя была настолькі сур’ёзнай, што сустрэча была цалкам засакрэчаная, на яе нельга было нават пранесці тэлефон.

Іспанская газета «El Pais» прасачыла ход сустрэчы. Пачалося з таго, што Жазэп Барэль адзначыў, што Пуцін, нават калі наўпрост і не быў замешаны ў пасадку самалёта, то прынамсі напэўна захоча гэта выкарыстаць, каб прыспешыць план паглынання Беларусі. Еўрапейскія лідары пагадзіліся з такой ацэнкай. Адзін з іх прызнаў, што Пуціну хопіць толькі кіўнуць пальцам, а рэжым Лукашэнкі будзе дабіты.

-Нельга выключыць, што акт паветранага пірацтва з’яўляецца сродкам, які выкарыстала Расія, каб пераняць кантроль над Беларуссю, – сказаў кіраўнік іншай еўрапейскай дзяржавы.

Паводле іспанскай газеты, у адрозненні ад іншых дэбатаў найбольшую трывогу білі не толькі краіны Усходняй Еўропы. Паводле ўдзельнікаў саміту, план анексіі, які б фармальна атрымаў форму федэрацыі, не закончыўся б толькі на Беларусі, але хутчэй за ўсё ахапіў бы таксама Данбас.

Але і на гэтым не канец. Крыніцы газеты «Rzeczpopolita» ў НАТА прызнаюць: Пуцін толькі чакае памылкі Зяленскага. Калі ён яе зробіць, Крэмль прыступіць да наступу.

«El Pais» піша, што Пуцін быў здзіўлены хуткай і рашучай рэакцыяй Брусэлю на захоп самалёту. Паводле іспанскай газеты, гэта яшчэ больш запіхнула Беларусь у абдымкі Расіі, але Еўропа не мела іншага выбару, калі хацела забяспечыць міжнародны авіярух.

Цяпер гэты паказ сілы і рашучасці Брусель хоча выкарыстаць для правядзення контрнаступу на Маскву. Ужо ў чэрвені ЕС паставіць Маскву перад выбарам: пагадненні і развіццё супрацы пры ўмове захавання статусу quo ва Усходняй Еўропе, ці жорсткія санкцыі не толькі ў дачыненні да Беларусі, але і самой Расіі.

Адзін з лідараў ЕС звярнуў увагу, што Крэмль упершыню не ў стане кантраляваць апазіцыйнага руху, які распачаў Аляксей Навальны. Іншы палітык сказаў, што Пуцін тым больш будзе шукаць спосабы, каб адвярнуць увагу грамадства ад штодзённых праблем, выкарыстоўваючы знешнюю палітыку. І калі ў першай дэкадзе свайго кіравання Пуцін здолеў рэальна павысіць даходы грамадства, то ў чарговыя не здолеў прадухіліць крызіс. Усё з-за таго, што эканоміка абапіраецца выключна на экспарце нафты і газу, а таксама з-за адсутнасці рэформаў і інавацыяў.

ав