Беларуская Служба

Святлана Ціханоўская ўдастоеная ў Польшчы прэстыжных узнагарод

04.06.2021 14:49
Ёй уручана прэмія выдання «Gazeta Wyborcza», таксама, разам з В. Кавальковай і М. Калеснікавай, яна стала лаўрэатам узнагароды Яна Новака-Езяранскага.
Аўдыё
  • Беларуская апазіцыя стала лаўрэатам польскіх узнагарод
  -
Узнагарода Яна Новака-Езяранскагафота: прэс-служба ўзнагароды

Лідарка беларускай апазіцыі Святлана Ціханоўская наведала Польшчу, дзе атрымала ўзнагароды за сваю дзейнасць у карысць дэмакратызацыі Беларусі. 

Святлане Ціханоўскай уручана прэмія аднаго з буйнейшых польскіх друкаваных выданняў «Gazeta Wyborcza», а таксама, разам з Вольгай Кавальковай ды Марыяй Калеснікавай, лідарка беларускай апазіцыі стала лаўрэатам узнагароды Яна Новака-Езяранскага.

4 чэрвеня, у гадавіну першых часткова свабодных выбараў у Рэчы Паспалітай, у Вроцлаве праходзіць урачыстасць уручэння ўзнагароды тром беларускім жанчынам, якія ўвесь апошні год змагаюцца за права беларусаў на сумленныя, дэмакратычныя выбары.

Сёлета журы ўзнагароды імя Яна Новака-Езяранскага вырашыла, што прэмію атрымае не адзін выбітны чалавек, які зрабіў вялікі ўнёсак у развіццё дэмакратыі і свабоды ў нашым рэгіёне, а тры асобы. Гэта каманда, якую называюць яшчэ «жаночае трыа» – Святлана Ціханоўская, Марыя Калеснікава і Вольга Кавалькова.

На думку арганізатараў узнагароды, для беларускай апазіцыі Польшча з’яўляецца вельмі важным суседам. Яна глядзіць на польскую гісторыю, нагадвае пра барацьбу палякаў за дэмакратыю і незалежнасць. Не раз прадстаўнікі дэмакратычнага руху казалі пра досвед Польшчы на яе шляху да незалежнасці. Пра гэта заявіў мэр Вроцлава Яцэк Сутрык (Jacek Sutryk).

- Гэта вельмі сімвалічна, што ў той час, калі ўвесь свет назірае за трывожнымі падзеямі ў Беларусі, менавіта ў нас, у Вроцлаве, лаўрэаткамі ўзнагароды імя Яна Новака-Езяранскага сталі тры жанчыны, тры адважныя жанчыны, якія змагаюцца за незалежнасць сваёй Радзімы. Святлана Ціханоўская, Марыя Калеснікава і Вольга Кавалькова – гэта гераіні ў найлепшым значэнні гэтага слова. Для іх дэмакратыя і правы чалавека важнейшыя, чым уласная бяспека і бяспека іх сем’яў. Яны змагаюцца не толькі за сваю краіну, але таксама за ўсю Еўропу. І мы павінны пра гэта памятаць. А ўзнагарода Яна Новака-Езяранскага – гэта не толькі слова «Дзякуй!» за тое, што яны зрабілі дагэтуль, але таксама знак нашай салідарнасці і нашай пашаны для ўсёй беларускай апазіцыі. Мы падтрымліваем Вас, мы з Вамі. Месца Беларусі – у дэмакратычнай сям’і еўрапейскіх народаў.

Член журы ўзнагароды, дырэктар Нацыянальнага інестытуту імя Асаліньскіх (Асалінеум) Адольф Юзвенка (Adolf Juzwenko) адзначыў, што беларускі жаночы рух стане сапраўднай легендай. З часам на гэтай легендзе будуць выхоўвацца чарговыя пакаленні маладых беларусаў.

- Беларускі рух свабоды паказаў усяму свету, што ён паўстаў супраць тырана, якога цікавіць перш за ўсё ўлада. І менавіта тры жанчыны – Святлана Ціханоўская, Марыя Калеснікава і Вольга Кавалькова гэты рух узначалілі. Беларуская рэвалюцыя пачала выключна складаную барацьбу, паколькі яна змагаецца з тыранам, які адмовіўся ад суверэнітэту ў карысць захавання ўласнай улады. На самой справе ён аддаў Беларусь Расіі Пуціна. Жанчыны, якія адыгралі ў гэтым руху такую важную ролю, маюць уплыў на фармаванне сем’яў, на фармаванне дзяцей. З часам паявіцца легенда гэтага важнага руху.

Ян Новак-Езяранскі – польскі палітык, палітолаг, грамадскі дзеяч, афіцэр Войска Польскага, кур’ер Арміі Краёвай і ўраду Польшчы ў Лондане, шматгадовы дырэктар Польскай службы Радыё Свабода. Лаўрэат прэстыжнай дзяржаўнай узнагароды Ордэн Белага арла. 57 пасляваенных гадоў жыў і дзейнічаў на эміграцыі, на пачатку новага тысячагоддзя вярнуўся ў Польшчу, жыў у сталіцы, да канца жыцця быў актыўны ў палітычнай і грамадскай сферы, і тут таксама памёр, пахаваны на могілках Павонзкі. У Варшаве ёсць помнік Новага-Езяранскага, яго іменем названая плошча ў Кракаве, узнагароду яго імені атрымалі беларускія жанчыны, для якіх мэтай жыцця стала барацьба за свабоду і дэмакратыю ў Беларусі.

Надоечы Святлана Ціханоўская атрымала таксама ўзнагароду польскага друкаванага выдання «Gazeta Wyborcza». Паводле газеты, Ціханоўская стала «Чалавекам года». Яна падзялілася гэтым званнем з іншымі беларусамі.

- Я не была б «Чалавекам года», калі б кожны беларус, які змагаецца цяпер за нашу будучыню, калі кожны чалавек, які цяпер пакутуе за нас у турме, не быў такім жа «Чалавекам года».

У Варшаве лідарка беларускай апазіцыі сустрэлася таксама з беларусамі, якія пражываюць у польскай сталіцы, адкрыла сімвалічны мемарыял беларускай салідарнасці, а таксама правяла сустрэчы з важнейшымі польскімі палітыкамі, у тым ліку прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудам і мэрам Варшавы Рафалам Тшаскоўскім. Яна падзякавала Польшчы за падтрымку беларусаў ды іх ініцыятываў, а таксама за магчымасць выезду ў суседнюю краіну, што стала выратаваннем для многіх з іх. Былі таксама абмеркаваныя, у прыватнасці, план дапамогі з боку ЕС дэмакратычнай Беларусі, праграма Каліноўскага і падтрымка незалежных беларускіх СМІ.

нг