Беларуская Служба

За апошнія 9 месяцаў польскі Сейм у пяты раз выбраў амбудсмена

16.06.2021 17:16
231 голас за – такі вынік падчас галасавання ў польскім Сейме дасягнула Лідзія Старань, якая стала такім чынам чарговым кандыдатам ніжняй палаты парламенту на амбудсмена.
Аўдыё
  • Пра ситуацыю з амбудсменам у Польшчы
Lidia Staroń
Lidia StarońPAP/Marcin Obara

Паводле закону, 9 верасня 2020 года закончыўся тэрмін абавязкаў мінулага амбудсмена Адама Боднара. Аднак ён застаўся на сваёй пасадзе, таму што польскія дэпутаты не маглі абраць новага кандыдата. Яшчэ ў верасні праходзіла галасаванне за кандыдатуру юрысткі Зузаны Рудзіньскай-Блушч, якая была тады адзіным кандыдатам, да таго ад апазіцыйных сілаў. Яе кандыдатуру двойчы не прыняў Сейм. Потым кандыдатураў палітыкаў кіруючай партыі «Права і справядлівасць» не прыняў Сенат, у якім большасць дэпутатаў – прадстаўнікі апазіцыі. Ці з новай кандыдаткай можа быць інакш? Тыя, хто галасаваў за яе, лічаць, што так. Лідзія Старань з’яўляецца незалежнай сенатаркай, якая была адобрана кіруючай партыяй на сваю пасаду. Яна вядома сваёй дзейнасцю, як грамадская актывістка, якая дапамагала грамадзянам у судовых працэсах супраць жыллёвых кааператываў і незаконным ліхвярствам. Яе незалежнасць прывяла да таго, што падчас галасавання адсутнічаў класічны падзел на «апазіцыю» і «урад», што і пракаментаваў лідар апазіцыйнай Грамадзянскай кааліцыі Борыс Будка:

 

-Я падазраю, што гэта будзе чарговы неэфектыўны выбар. Не магу ўявіць, што Сенат прыме гэтую кандыдатуру. Магу толькі падзякаваць чальцам урадавай кааліцыі з «Паразумення», якія сёння галасавалі супраць кандыдатуры. Сумна аднак, што правая апазіцыя сёння зноў дапамагла кіруючай партыі.

 

Зараз галасаванне па яе кандыдатуры павінна адбыцца ў Сенаце, у якім кіруючая партыя мае толькі 48 прадстаўнікоў, а гэтых галасоў недастаткова. Менавіта з гэтай прычыны не ўдавалася зацвердзіць ранейшых кандыдатаў. Зараз цэлая надзея кіруючай партыі і іх кандыдаткі ў тым, што за Лідзію Старань прагаласуюць сенатары некаторых апазіцыйных партыяў, кажа віцэ-спікер верхняй палаты парламенту Марэк Пэнк:

 

-Пастаянна вядуцца размовы ў кулуарах. Заўтра паседжанне Сенату і напэўна будзем старацца, каб гэты выбар адбыўся, бо калі гэтага не будзе, сітуацыя ўскладніцца. Калі не адобрым кандыдатуру, трэба будзе ўвесці рашэнне Канстытуцыйнага суда, так што зараз апошні момант, каб прызначыць амбудсмэна.

 

Менавіта Канстытуцыйны суд у красавіку абвесціў, што заканадаўчая норма аб заканчэння пяцігадовага тэрміну, якая дазваляе старому абмудсмэну працаваць да моманту выбару новага амбудсмэна, пярэчыць канстытуцыі. Таму так важна зараз зацвердзіць кандыдатуру абмудсмэна. Рашэнне набудзе моц у ліпені, таму сенатрам засталося мала часу, каб вырашыць гэта пытанне.

 

Кіруючая партыя і іх кааліцыйныя партнёры запэўніваюць аб аднагалоссі падчас галасавання ў Сенаце. Аднак яго не было ў Сейме, дзе супраць кандыдаткі галасавалі некаторыя палітыкі, звязаныя з міністрам развіцця, працы і тэхналогіі Яраславам Говінам, лідарам партыі «Паразуменне». За кандыдатку галасавалі аднак дэпутаты, звязныя з былым кандыдатам у прэзідэнты Паўлам Кукізам і дэпутаты правай апазіцыйнай фракцыі «Канфедэрацыя». Пра мабілізацыю сенатараў «Права і справядлівасці» кажа сенатар Марэк Мартыноўскі:

 

-Фракцыя ў нас адна, кіраўнік у яе таксама адзін. Спадар прафесар Тарлецкі ўжо раней казаў, што мы настроены рашуча. Канешне, хочам абмеркаваць пытанне і паслухаць, якія ідэі па сваёй працу мае спадарыня Старань, якія крокі збіраецца ажыццявіць.​



Насычаная кар’ера Лідзіі Старань у польскім грамадскім жыцці спрычынілася да таго, што яе кандыдатура ў Сенаце можа быць прынята. Яна сама з’яўляецца чальцом гэтай палаты і знаходзіцца там у якасці адной з нямногіх незалежных сенатарў. Яна выйграла выбары ў сваёй акрузе без партыйнай падтрымкі. Апазіцыя аднак канстатуе, што спадарыня Лідзія Старань не павінна быць амбудсменам, бо ў яе няма юрыдычнай адукацыі. Гэта ў эфіры Польскага радыё, у праграме «Два бакі», падкрэсліваў дэпутат апазіцыйнай «Грамадскай кааліцыі» Марцін Граматыка:

 

-Факт, што Лідзія Старань не з’яўляецца юрыстам дыскваліфікуе яе з гэтай пасады. Амбудсмен павінен валодаць юрыдычнымі ведамі. Старань не мае такіх ведаў. Я добра ведаю, што яна абараняе грамадзянаў, дапамагае ім у цяжкасцях, але праблема ў тым, што па сутнасці яна не падрыхтавана да такой пасады. Калі б яна была юрысткай, я б падумаў над гэтым, каб за яе прагаласаваць, гледзячы на яе доўгую, незалежную кар’еру на польская палітычнай сцэне. Аднак адсутнасць юрыдычнай адукацыі дыскваліфікуе яе, прынамсі я так лічу.

 

Канкурэнтам Лідзіі Старань на пасаду амбудсмена быў прафесар Марцін Вёнцак з Варшаўскага ўніверсітэту. Яго спецыялізацыяй з’яўляюцца правы чалавека. Галасаванне ў Сейме адбылося ў змешаным выглядзе – можна было галасаваць адразу за двух кандыдатаў. Раней дэпутаты галасавалі асобна і кандыдатура, якая атрымлівала больш галасоў, пераходзіла ў Сенат. Галасаванне ў вышэйшай Палаце адбудзецца заўтра і цяжка вызначыць ці апазіцыя ў чарговы раз адхіліць кандыдатку на пасаду амбудсмена ці прыме яе.​



Альберт Ежы Вяжбіцкі