Беларуская Служба

На Эканамічны форум у польскі Карпач нечакана прыехаў Юры Васкрасенскі

09.09.2021 14:38
Васкрасенскага называюць «штатным супрацоўнікам беларускага КДБ».
Эканамічны форум у Карпачыфота: PAP/Łukasz Gągulski

Rzeczpospolita паведамляе пра нечаканую прысутнасць прадстаўніка Лукашэнкі Юрыя Васкрасенскага на Эканамічным форуме ў Польшчы, які адбываецца ў Карпачы. Васкрасенскага называюць «штатным супрацоўнікам беларускага КДБ». Калі стала вядома, што ён прыехаў у Карпач, паявіліся абвінавачанні ў адрас польскага ўраду, што ён з аднаго боку «сябруе» з беларускім КДБ, а з іншага – уводзіць надзвычайнае становішча на мяжы з Беларуссю.

Арганізатары форуму адмовіліся пракаментаваць падзею. Сам Васкрасенскі напісаў, што ён прыехаў, каб перадаць палякам гатовасць беларускага боку да паляпшэння адносінаў з Польшчай. І дадаў, што за яго прыезд заплацілі арганізатары.

Васкрасенскі, які быў супрацоўнікам Віктара Бабарыкі і палітычным вязнем, перайшоў на другі бок барыкады, згадзіўся на супрацу з рэжымам. Ён рыхтуе спісы палітвязняў, якіх Лукашэнка можа выпусціць з турмы. Былы польскі дыпламат у Мінску Вітольд Юраш напісаў, што прыезд Васкрасенскага – гэта элемент польскай дыпламатычнай гульні, мэта якой – дабіцца вызвалення з-за кратаў Анджэя Пачобута і Анжалікі Борыс. Васкрасенскі можа выконваць ролю пасярэдніка, паколькі ён не падпадае пад заходнія санкцыі і фармальна не прадстаўляе ўладаў. Ці ёсць іншы спосаб вызвалення палякаў? Ніхто ж не вышле баевікоў у беларускую турму.

Ёсць яшчэ адзін аспект візіту Васкрасенскага. Высылаючы свайго чалавека ў Польшчу перад сустрэчай з Пуціным, Лукашэнка хоча паказаць, што ён не намераны паліць усе масты з Захадам. Цяжка знайсці адказы на шматлікія пытанні, у тым ліку, ці пасланнік рэжыму сустракаецца ў Польшчы з прадстаўнікамі дэмакратычнай апазіцыі, якія таксама прыехалі ў Карпач.

Rzeczpospolita/нг