Раніцай 8 лістапада да беларуска-польскай мяжы вырушыла вялікая калона мігрантаў, па прыблізных падліках, не менш за тысячу чалавек. Людзі рухаліся ў напрамку пункта пропуску «Брузгі». Беларускія сілавікі адціснулі мігрантаў у лес. Цяпер яны знаходзяцца на нейтральнай тэрыторыі паміж Беларуссю і Польшчай.
Каментуючы тое, што адбываецца, намеснік кіраўніка МЗС Польшчы Пётр Ваўжык заявіў, што беларускія ўлады хочуць давесці сітуацыю на мяжы да смяротных ахвяр.
Палітык Павел Бейда, член PSL-Польскай кааліцыі заяўляе, што гэта элементы гібрыднай вайны.
— Сітуацыя вельмі сур'ёзная. Я думаю, што ўсе павінны ўсведамляць, што гэта наўмысныя дзеянні рэжыму Лукашэнкі, які падтрымліваецца вельмі магутным саюзнікам - Расіяй на чале з Пуціным. Мы маем гібрыдную вайну, маем элементы інфармацыйнай вайны. Сітуацыя вельмі сур’ёзная. І шкада, што мы марудзім з будаваннем на мяжы сцяны.
12 тысяч польскіх вайскоўцаў на мяжы з Беларуссю прыведзены ў баявую гатоўнасць, паведаміў міністр абароны Польшчы Марыюш Блашчак. У Літве паведамілі, што накіроўваюць дадатковыя сілы да беларускай і польскай межаў.
Палітолаг Валер Карбалевіч кажа, што ўлады Беларусі падвышаюць стаўкі ў штучнастворанай сітуацыі, мэта якой – сесці за стол перамоў з палітыкамі Еўрасаюза без аніякіх дадатковых умоў. Палітолаг кажа, што ў Еўрасаюза, пры ўсіх дэкларацыях, няма аднаго адказу, як паводзіцца з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі.
Ёсць паведамленні, што мігранты робяць спробы прарвацца на тэрыторыю Польшчы. А ў праўладных Тэлеграм-каналах, у афіцыйных медыя ў Беларусі сапраўды разгортваецца актыўная інфармацыйная падтрымка падзей, звязаных з міграцыйнымі праблемамі.
Слухайце матэрыял у далучаным файле
вх