Паводле дадзеных польскай Памежнай аховы пазаўчора было 346 спроб незаконнага перасячэння мяжы, а ўчора 174 спробы прарыву мігрантаў ў Польшчу. Прэсавы сакратар Памежнай аховы Ганна Міхальска паведаміла, што ўсе спробы прадухіленыя, дзясяткі чалавек выдаленыя з тэрыторыі Рэспублікі Польшча. Найбольш агрэсіўна сябе паводзіла група 50 мігрантаў у раёне Белавежы.
- Спрабавалі прарваць агароджу, дзеля гэтага клалі бярвенні ды драбіны, кідалі камяні ў польскія патрулі. Таксама з беларускага боку кідалі шумавыя гранаты. У выніку 18 чалавек змаглі прарвацца на тэрыторыю Польшчы, дзе іх арыштавалі. Гэта грамадзяне Іраку ды 5 грамадзян Егіпта. Іх адправілі назад на мяжу з Беларуссю.
Прэсавы сакратар міністра-каардынатара спецслужбаў Станіслаў Жарын напісаў у Twitter, што беларускія службы па-ранейшаму накіроўваюць агрэсіўныя групы мігрантаў да мяжы з Польшчай. «Падчас нападаў на памежную лінію беларускія афіцэры каардынуюць спробы нелегальнага пранікнення ў Польшчу. Яны становяцца ўсё больш і больш агрэсіўнымі», — піша Станіслаў Жарын.
Прэсавы сакратар 16-й Паморскай механізаванай дывізіі маёр Марэк Набздыяк заявіў у эфіры Радыё Беласток, што беларускія сілавыя структуры пастаянна каардынуюць мігрантаў у спробах незаконнага перасячэння мяжы. Напрыклад, даюць абсталяванне для прарыву агароджы.
- Мігранты не дзейнічаюць самастойна. Ім увесь час даюць рыштунак, напрыклад, спецыяльныя памосты для пераадолення агароджы. Гэта не самаробныя рэчы, а зробленае ў завадскіх умовах абсталяванне для пераходу праз мяжу.
Вайсковец дадаў, што беларускія службы трэніруюць мігрантаў, тлумачаць, як сябе паводзіць.
- Нашы жаўнеры падрыхтаваныя да гэтага. Перад патрулём на мяжы, камандзіры нагадваюць, што іх могуць абражаць. Беларускія салдаты ведаюць польскую мову. Таму псіхалагічны ціск для нас не стаў нечаканасцю. Наш жаўнеры рэагуюць спакойна. Мы супрацьдзейнічаем гэтаму.
У сваю чаргу польская паліцыя затрымала ўчора чатырох чалавек, якія рыхтаваліся дапамагчы мігрантам, якія незаконна перасякаюць мяжу, патрапіць на Захад. Паліцыі ўдалося затрымаць так званых кур’ераў, распавядае прэс-сакратар падляшскай паліцыі інспектар Томаш Крупа.
- Кур'ераў затрымалі ў Нарві, Тамкелях, Бельску Падляскім і Боцьках. Затрыманыя – грамадзяне Украіны ды Таджыкістану. Яны хацелі правесці ў сваіх машынах 39 чалавек, якія нелегальна знаходзіліся на тэрыторыі нашай краіны.
З пачатку міграцыйнага крызісу на польска-беларускай мяжы супрацоўнікі паліцыі затрымалі больш за 300 чалавек, якія дапамагалі замежнікам у іх незаконным перасячэнні. Усяго яны перавезлі амаль 1300 мігрантаў.
У бліжэйшыя дні пачнецца дэпартацыя замежнікаў, якія незаконна перасеклі польскую мяжу, і якім было адмоўлена ў атрыманні палітычнага прытулку. На гэтым тыдні Памежная ахова плануе дэпартаваць 20 мігрантаў. У асноўным гэта грамадзяне Ірака. Сярод іх 10 арганізатараў незаконнага перасячэння мяжы.
Прэс-сакратар памежнай службы Ганна Міхальска кажа, што ў першым самалёце змесцяцца 80 чалавек.
- Гэта лічба тлумачыцца тым, што яны не ляцяць самі. Іх суправаджаюць прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, а таксама Памежнай аховы. Калі ў групе дамінуюць мужчыны, тады ляціць больш моцная ахова, калі ляцяць сем’і з дзецьмі, тады менш аховы. Апроч таго ляцяць таксама лекары, на выпадак аказання пільнай дапамогі, а таксама псіхолаг.
Пакуль не вядома, калі адбудзецца першы рэйс. У цэнтрах часовага ўтрымання для замежнікаў знаходзяцца 1838 чалавек, з іх больш за 1200 грамадзян Ірака.
Апроч сілавых структур, вырашэннем крызісу актыўна займаецца польская дыпламатыя. Міністр замежных спраў Збігнеў Раў заявіў, што пад уплывам крызісу на мяжы Польшча павольна, але эфектыўна ўздзейнічае на стаўленне міжнароднай супольнасці. На сёння гэта самае важнае заданне для польскай дыпламатыі.
- Такім чынам, Польшча можа ўплываць на дзеянні Еўрасаюза і НАТА падчас гэтага крызісу. Што тычыцца ЕС, ідзецца пра прыняцце новых санкцый супраць Беларусі. Таксама мы ўплываем на стаўленне НАТА. Бліжэйшая нарада міністраў краін НАТА ў Рызе будзе прысвечанае сітуацыі на Усходнім флангу Альянсу.
Дзеянні польскіх дыпламатаў гарантавалі Польшчы падтрымку з боку краін Балтыіi. Наступным крокам будзе здабыццё падтрымкі з боку паўднёвых суседзяў, зазначыў міністр.
- Польскі прэм’ер кансалідаваў падтрымку балтыйскіх дзяржаў. Цяпер сустракаецца ў Будапешце з партнёрамі па Вышаградскай групай. Я буду размаўляць з румынскімі дыпламатамі. Потым мы працягнем нашыя размовы з іншымі партнёрамі па НАТА і Еўрасаюзе.
З пачатку года Памежная ахова зафіксавала больш за 36 тысяч спроб незаконнага перасячэння мяжы з Беларусі ў Польшчу. Больш за 2,5 тысячы мігрантаў былі затрыманыя. Год таму, са студзеня па лістапад, было ўсяго 95 такіх спробаў.
Юры Ліхтаровіч