За выходныя польская Памежная ахова зафіксавала больш за 200 спроб прарыву мяжы нелегальнымі мігрантамі. У нядзелю на мяжы прадухілена 92 спробы пераходу. 7 чалавек былі выдаленыя з тэрыторыі Польшчы. Найбольш агрэсіўны прарыў меў месца на мяжы непадалёк ад вёскі Мельнік. Там дзейнічала група 30 чалавек, распавяла прэсавая сакратарка Памежнай аховы Ганна Міхальска.
- Праз памежную агароджу перакінулі мост, польскіх салдат і афіцэраў асляпілі лазерамі і ліхтарыкамі. Дзесяць чалавек, апранутых у беларускую вайсковую форму, кідалі камяні ў польскіх салдат і афіцэраў. Усё сведчыць пра тое, што камяні кідалі беларускія службы.
Усе парушальнікі былі затрыманыя і выдаленыя з тэрыторыі Польшчы. З польскага боку параненых няма.
У суботу было зафіксавана 125 спроб прарыву праз мяжу. 51 замежнік быў затрыманы ды выдалены з Польшчы. Таксама мелі месца дзве групавыя спробы прарыву распавядае Шымон Масціцкі з Памежнай аховы. Першы прарыў здарыўся ў раёне вёскі Дубічэ Царкеўнэ.
- Група прыблізна 20-30 чалавек спрабавала агрэсіўна прарвацца праз мяжу. Яны кідалі ў бок польскіх памежнікаў ды жаўнераў Войска Польскага розныя небяспечныя прадметы, сярод іншага камяні, палкі, галлё. Яны перарэзалі сетку памежнай агароджы і паставілі платформу, па якой спрабавалі прарвацца на польскі бок.
Польскія памежнікі прадухілі прарыў, усіх удзельнікаў адправілі назад на беларускі бок. Другая група ў гэты ж час спрабавала прарвацца праз мяжу ў раёне Мельніка.
- Была яшчэ падобная спроба прарыву групы 40 чалавек. Яна закідвалі польскіх памежнікаў вострымі прадметамі. У абодвух выпадках польскіх жаўнераў сляпілі лазерамі, ліхтарамі. Яны таксама спрабавалі прарвацца праз агароджу па платформе. Падчас прарыву нашы супрацоўнікі затрымалі 36 чалавек, у асноўным грамадзян Іраку ды Сірыі.
У сваю чаргу польская паліцыя паведаміла, што затрымала пяць чалавек за дапамогу нелегальным мігрантам. Гэта тры ўкраінцы, расіянін ды таджык. Яны хацелі правесці праз Польшчу васямнаццаць іншаземцаў, якія нелегальна знаходзіліся на тэрыторыі Польшчы. Кур’ераў затрымалі ў Залесі, Танкелях, Бержніках ды Бельску Падляшскім. З пачатку крызісу паліцыя арыштавала ўжо 324 кур’еры, якія спрабавалі перавесці 1353 чалавек.
Прэсавы сакратар міністра каардынатара спэцслужб Станіслаў Жарын паведаміў, што беларускія службы арганізоўваюць прарывы мігрантаў на польска-беларускай мяжы. Яны даюць іншаземцам тэхніку і драбіны для пераходу праз агароджы, і напрамую атакуюць польскіх жаўнераў ды афіцэраў.
- З мэтай ускладніць працу нашым жаўнерам падчас аперацыі па абарон мяжы з таго боку выкарыстоўваюцца лазеры, моцныя пражэктары, каб асляпляць нашых жаўнераў ды вайскоўцаў. Так ім цяжэй прадухіліць прарыў. Таксама так яны не бачаць камяні ды палкі, якія, кідаюць у іх бок. Гэта цынічная гульня з боку беларускіх служб, каб павялічыць страты з нашага боку.
Міністэрства замежных спраў Польшчы пачала інфармацыйную кампанію па прадухіленні нелегальнай міграцыі з Блізкага Усходу у Еўрасаюз. Іх пераконваюць не прыязджаць у Беларусь і спрабаваць пазней нелегальна перасекчы мяжу з Польшчай, каб трапіць у ЕС. Прэс-сакратар МЗС Лукаш Ясіна паведаміў, што кампанія будзе праводзіцца ў краінах паходжання мігрантаў і ў інтэрнэце.
- Акцыя будзе пашырацца, мы будзем гучней казаць і часцей пра тое, чаму не варта прыязджаць на нашу тэрыторыю, што варта прыязджаць у ЕС легальна, не варта спрабавацца трапіць нелегальна, асабліва зімой. Мы бачым, што Аляксандр Лукашэнка працягвае пераконваць ашуканых праз яго мігрантаў прыязджаць. Спадзяваюся ў выніку нашых дзеянняў іх лічба зменшыцца. Мы будзе даваць інфармацыю ў тамтэйшых СМІ, у сацыяльных сетках і праз плакаты. Будзем гэтыя рэчы спалучаць.
Сітуацыя на ўсходняй мяжы Еўрасаюза і на мяжы Расіі і Украіны стала прадметам перамоваў у Вільні генеральнага сакратара NATO Енса Столтэнберга і кіраўніка Еўракамісіі Урсулы фон дэр Ляен.
«Мы заклікаем Расію да дээскалацыі канфлікту з Украінай», — заявіў Енс Столтэнберг. Генеральны сакратар НАТА заўважыў, што прысутнасць расійскіх войск на ўкраінскай мяжы выклікае трывогу, бо гэта безпрычынна ды невытлумачальна.
- Мы бачым канцэнтрацыю сіл, мы бачым цяжкае ўзбраенне, мы бачым узброеныя вайсковыя часткі, мы бачым артылерыю, мы бачым танкі і беспілотнікі, мы бачым сістэмы радыёэлектроннай абароны. Нарэшце мы бачым дзясяткі тысяч салдат, гатовых да бою. Наша паведамленне для Расіі палягае на тым, што ёй трэба правесці дээскалацыю і пачаць дзейнічаць празрыста.
У адказ на крызіс на ўсходняй мяжы Еўрасаюз будзе ўмацоўваць партнёрства з NATO
пра гэта паведаміла ў Вільні кіраўнік Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен.
- Паколькі гібрыдныя пагрозы становяцца ўсё больш сур'ёзнымі, нам неабходна вывесці наша супрацоўніцтва на наступны ўзровень. Таму разам з генеральным сакратаром NATO Енсам Столтэнбергам мы працуем над новай сумеснай дэкларацыяй Еўрасаюза і Паўночнаатлантычнага альянсу. Наша мэта - аднавіць і актуалізаваць палітычную прыхільнасць моцнаму партнёрству паміж Еўрапейскай Супольнасцю ды НАТА.
Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа папярэдзіў, што рэжым Лукашэнкі не перастане выпрабоўваць адзінства заходніх краін. На думку літоўскага палітыка, сітуацыя застаецца напружанай і непрадказальнай.
- Калі сітуацыя з бяспекай будзе ўскладняцца, мы не выключаем кансультацый па прымяненні чацвёртага артыкула NATO.
Падзеі на польска-беларускай мяжы таксама сталі сённяшніх перамоў прэзідэнта Анджэя Дуды ў Будапешце, дзе адбылася сустрэча лідараў Вышаградзкай групы. Як паведаміў кіраўнік Бюро міжнароднай палітыкі прэзідэнта Якуб Кумах, польскі прэзідэнт узняў пытанне пра сітуацыю на мяжы з Беларуссю і вакол Украіны.
- Дадзены саміт стаў у першую чаргу развітаннем з прэзідэнтам Вугоршчыны, які ў наступным годзе сыдзе з пасады. Для нас таксама гэта была нагода, каб распавесці нашым партнёрам пра тое, як выглядае сітуацыя на межах Польшчы, як і тое, што адбываецца на межах Украіны.
З пачатку года польская Памежная ахова зафіксавала больш за 37 тысяч спроб незаконнага перасячэння польска-беларускай мяжы. У лістападзе было 8,5 тысячы такіх выпадкаў.
Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч