Беларуская Служба

Офіс Святланы Ціханоўскай: Мы шмат робім, каб прымусіць Лукашэнку пайсці на перамовы пра новыя сумленныя выбары

10.01.2022 17:12
Як бачаць сваю дзейнасць у офісе Святланы Ціханоўскай у 2022 годз? Прэс-сакратар Святланы Ціханоўскай Ганна Красуліна перакананая, што трэба паступова рабіць сваю працу, і вынікі будуць.
Аўдыё
 .
Ілюстрацыйнае фота. Фота: Дзмітрый Дзмітрыеў / "Новы Час"

– Усе мы працягваем арганізоўваць і ўзмацняць ціск, як унутры Беларусі, так і за яе межамі з мэтай пазбавіць рэжым Лукашэнкі рэсурсаў, каб прымусіць яго пайсці на перамовы, на перамовы пра новыя сумленныя выбары. Гэта будзе магчыма, калі рэжым Лукашэнкі выпусціць усіх палітвязняў і спыніць рэпрэсіі ў Беларусі. Гэта значыць, што мы працягваем прасоўваць нашыя праграмы. Гэта план «Перамога», у якім цяпер 200 тысяч чалавек. Гэта той план, які адкажа на пытанне куды ісці і што рабіць у выпадку масавага вулічнага пратэсту. Таксама трэба развіваць платформу «Голас», якая дае легітымнасць. Яна ў тым ліку дае магчымасць рэгістраваць парушэнні ці па Рэферэндуму, які хочуць правесці ў Беларусі, ці правесці ўласны рэферэндум па новай Канстытуцыі, якую цяпер распрацоўваюць. Цяпер у нас распрацоўваецца шмат законапраектаў, якія будуць у патрэбны момант прадстаўленыя. Тое ж тычыцца «Рабочага руху». Да таго ж развіваецца эканамічны план дапамогі ЕС дэмакратычнай Беларусі. Цяпер мы гаворым пра 10 млрд еўра. Гэта грошы, якія будуць вылучаныя, калі да ўлады прыйдзе дэмакратычны ўрад. Гэта акурат на пераходны перыяд грошы.

Ганна Красуліна кажа, што трэба спакойна глядзець на справы і не ўпадаць у адчай. Яна прыводзіць у прыклад нарвежскую кампанію «Яра», якая праз год апеляцый да яе ўрэшце паабяцала адмовіцца ад закупак калію ад прадпрыемства «Беларуськалій».

«Мы шмат зрабілі і робім, каб у рэжыма не было рэсурсаў», – гаворыць прэс-сакратар Ціханоўскай Ганна Красуліна. Яна перакананая, што ўсе захады, скіраваныя на эканамічныя ціск вымусяць рэжым пайсці на саступкі. Прынамсі, акружэнне Аляксандра Лукашэнкі ў пэўны момант мусіць зразумець, што больш гэтая сістэма не можа існаваць.

Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) Павел Латушка распавёў, што яго прыхільнікі будуць працаваць у кірунку прававога непрыняцця Лукашэнкі, пашырэння санкцый, супрацьдзеяння Рэферэндуму па змене Канстытуцыі, які мусіць адбыцца ў бліжэйшы час у Беларусі. Таксама плануецца задзейнічаць шэраг інстытуцый для прыцягнення да крымінальнай адказнасці тых, хто здзяйсняў гвалт у дачыненні да людзей у Беларусі. Гэта інструменты ўніверсальнай юрысдыкцыі і міжнародныя прававыя механізмы.

Да слова, у мінулым годзе Савет па правах чалавека ААН запусціў спецыяльны механізм дакументацыі парушэнняў правоў чалавека. Адмысловая група экспертаў працуе над дакладам, які можа запусціць міжнародны трыбунал над рэжымам Аляксандра Лукашэнкі.

вх