Такім крызісам з'яўляецца вайна ва Украіне і велізарная хваля ваенных уцекачоў, 2/3 якіх прыехалі і надалей прыязджаюць у Польшчу. Польскія ўлады папярэджваюць, каб не паддавацца на правакацыі.
З пачатку агрэсіі Расіі супраць Украіны ў Польшчу ўцяклі 1 мільён 67 тысяч чалавек. 90% працэнтаў з іх – грамадзяне Украіны. Гэта лічбы, якія раніцай 7 сакавіка агучыла Памежная служба.
З пачатку канфлікту, які Расія распачала 24 лютага, эксперты папярэджваюць, што разам з ваеннымі аперацыямі ва Украіне Крэмль таксама вядзе інфармацыйную вайну з Захадам, піша TVP Info. Польшча на працягу многіх гадоў была адной з галоўных мішэняў расійскай дэзінфармацыі. За апошнія дні менавіта Польшча прыняла ўжо больш за мільён уцекачоў з Украіны. Сяброўскія адносіны паміж палякамі і ўкраінцамі і праяўленая салідарнасць – вялікая праблема для Расіі.
У польскім інтэрнэце пачалася маштабная прапагандысцкая кампанія расійскіх троляў. Старонкі, створаныя ў Instagram, якія ў апошнія гады выдавалі сябе за мясцовыя СМІ, звязаныя, між іншым, з Кракавам, Быдгашчам, Люблінам і Жэшавам, дэзінфармуюць аб вайне ва Украіне. Яны пагражаюць украінцам падвышэннем коштаў на паліва або біялагічнай зброяй. Паходжанне прапаганды зразумелае. Як адзначаюць інтэрнэт-карыстальнікі, акаўнты, створаныя па адной схеме, рэгіструюцца на адрасы электроннай пошты ў расійскім дамене.
Расія будзе спрабаваць распальваць канфлікты паміж палякамі і ўкраінцамі, папярэджвае намеснік міністра ўнутраных справаў і адміністрацыі Мацей Вонсік. У эфіры Польскага радыё 24 ён сказаў, што з-за прытоку ў Польшчу ваенных уцекачоў трэба быць абачлівымі з расійскімі правакацыямі:
-Мы прымаем велізарную колькасць уцекачоў з Украіны. Паяўляюцца розныя галасы, якія спрабуюць нас перасварыць, негатыўна наставіць да ўкраінцаў. Паяўляюцца галасы, якія спрабуюць выклікаць у Польшчы канфлікт. Я перакананы, што вялікая частка гэтых галасоў накручваецца з Усходу.
Міністр адзначыў, што ў крызісных сітуацыях Расія заўсёды спрабуе распальваць унутраныя спрэчкі ў заходніх краінах. Паводле яго слоў, так было ў Іспаніі падчас каталонскага крызісу і ў Вялікабрытаніі падчас рэферэндуму аб Brexit.
Быць асцярожнымі ў выкарыстанні інфармацыі аб вайне ва Украіне заклікае кіраўнік канцылярыі прэмʼер-міністра Міхал Дворчык. Ён гаварыў на хвалі Польскага радыё, што некаторыя з іх могуць быць элементам расійскай прапаганды:
-Трэба быць вельмі асцярожнымі, калі гаворка ідзе пра інфармаванне. Раю, калі вы бачыце, чытаеце паведамленні, правяраць іх у верагодных крыніцах. Паколькі гэта адзін з элементаў вайны, якая ідзе. Гэта таксама інфармацыйная вайна. Трэба прызнаць, што ў ёй расіяне маюць вялікі досвед. Тым больш мы павінны быць асцярожнымі і быць напагатове, каб не стаць ахвярамі гэтай дзейнасці.
Гаворачы пра спробы перасварыць трэба ўзгадаць і пра адносіны на лініях беларусы-украінцы ды беларусы-еўрапейцы. У выніку выкарыстання беларускай тэрыторыі для атакавання Украіны Беларусь прызнаная агрэсарам у вайне. Бірка «агрэсара» несправядліва пачала надавацца беларускаму народу, у тым ліку тым, хто з-за жорсткіх рэпрэсій быў вымушаны выехаць з Беларусі і ў ніякім выпадку не падтрымлівае рэжым у Мінску. Арганізацыі беларускіх дыяспар, прадстаўнікі дэмакратычных сіл разгарнулі масавую інфармацыйную кампанію, у якой тлумачаць, што нельга прыраўніваць беларускі народ з беларускім рэжымам.
Офіс Святланы Ціханоўскай і неабыякавыя беларусы запусцілі кампанію #BelarusWithUkraine. Гэта канал для беларусаў, якія хочуць дапамагчы ўкраінцам падчас вайны. Гэта канал для ўкраінцаў па ўсім свеце, каб яны даведаліся, што ў беларусаў і ўкраінцаў адзін супольны вораг – Пуцін і Лукашэнка.
На канале, напрыклад, змешчаны відэазварот беларусаў Львова да ўкраінцаў.
-Украінцы! Мы, беларусы Львова і Украіны, застаемся тут. У гэтыя цяжкія часы мы будзем побач з вамі. Мы займаемся валанцёрствам. Мы пайшлі ў тэрытарыяльную абарону і пайшлі ў патрульную службу. Мы працуем на фронце інфармацыйнай вайны. Мы здаем кроў, збіраем грошы, лекі і рэчы для Збройных сіл Украіны. Мы вяжам маскіровачныя сеткі і разліваем бандэраўскія смузі. Мы тут, мы з вамі, гатовыя адбіваць наступ ворага. Мы з’ехалі з Бацькаўшчыны, паколькі змагаліся з рэжымам Лукашэнкі і былі рэпрэсаваныя. Дзякуй табе, Украіна, што дала нам прытулак і магчымасць дыхаць вольна. Лукашэнка не прадстаўляе народ Беларусі, Лукашэнка – не прэзідэнт. Гэта ўзурпатар і пуцінская марыянетка, які прадстаўляе толькі сябе і сваю хеўру. Сапраўдныя Беларусы – з украінцамі. Сапраўдныя Беларусы – за Украіну. Пуціну трэба, каб мы пасварыліся, але пуціны і лукашэнкі прыходзяць і сыходзяць, а ўкраінцам і беларусам наканавана жыць побач доўгія вякі, у сяброўстве, разам і назаўжды.
Колькасць беларусаў, якія бескарысна дапамагаюць уцекачам з Украіны, ужо ідзе на сотні. Беларускія добраахвотнікі змагаюцца рука аб руку з украінскімі вайскоўцамі. Беларусы – не ворагі Украіны.
ав