Польшча, побач з Радай бяспекі ААН, Турцыяй і Германіяй, пагадзілася стаць адным з гарантаў магчымага пагаднення аб спыненні расійска-ўкраінскай вайны, паведамляе Dziennik Gazeta Prawna, са спасылкай на дыпламатычныя крыніцы. Гэтую інфармацыю ў размове з газетай пацвердзіў намеснік кіраўніка адміністрацыі Уладзіміра Зяленскага Андрэй Сыбіга. У такім жа ключы выказваецца і міністр з Канцылярыі прэзідэнта Анджэя Дуды Якуб Кумах.
«Калі будзе дасягнутая дамоўленасць аб спыненні вайны, Польшча не мае намеру пазбягаць сваёй ролі адваката і абаронцы Украіны» – пацвярджаюць польскія крыніцы.
Паводле газеты, Украіна патрабуе гарантыяў у выглядзе міжнароднага пагаднення. Пра дэкларацыю, якая лічыцца неабавязковай, гаворка не ідзе. Палітыкі ў атачэнні кіраўніка ўкраінскай дзяржавы запэўніваюць, што варыянт «торгу за тэрыторыю Украіны» таксама не бярэцца пад увагу.
«Мы не будзем гандляваць сваёй зямлёй», – пракаментавала ў інтэрв'ю газеце дэпутат ад прэзідэнцкай фракцыі «Слуга народа« Яўгенія Краўчук.
Неафіцыйная крыніца ў адміністрацыі прэзідэнта Зяленскага паведаміла, што пад увагу могуць бяруцца саступкі адносна статусу Крыма. Напрыклад, замарожванне дыскусіі пра яго на сто гадоў.
Незразумела, як Расія ставіцца да ідэі пагаднення аб гарантыях. Ва ўкраінскіх крыніцах, якія маюць дачыненне да Рады нацыянальнай бяспекі і абароны гаворыцца, што Крэмль, хутчэй за ўсё, спрабуе заваяваць як мага больш тэрыторый на ўсходзе і поўдні краіны.
Контрнаступленне вядзе і ўкраінская армія, якая хоча змякчыць расійскую перамоўную пазіцыю, наносячы ворагу як мага больш страт, паведамляе Dziennik Gazeta Prawna.
аз