Беларуская Служба

Барыс Джонсан: Мы не будзем глядзець бяздзейна, як Пуцін развязвае сваю лютасць ва Украіне

25.03.2022 12:01
Вялікабрытанія і хаўруснікі павялічаць пастаўкі зброі і дапамогу Украіне, але на беспалётную зону НАТА над Украінай згоды няма.
Прэм'ер Вялікабрытаніі Барыс ДжонсанPAP/EPA/STEPHANIE LECOCQ

Вялікабрытанія і хаўруснікі павялічаць пастаўкі зброі Украіне, але Украіну трэба падтрымліваць таксама ў доўгатэрміновай перспектыве, заявіў прэмʼер Вялікабрытаніі Барыс Джонсан пасля заканчэння самітаў NATA і G7. Барыс Джонсан таксама абвясціў, што Вялікабрытанія перадасць Украіне яшчэ 6 тысяч ракет, то бок удвая больш, чым да гэтай пары, а таксама ахвяруе ўкраінскім узброеным сілам 25 мільёнаў фунтаў, паведамляе старонка bankier.pl.

«Мы не будзем заставацца ў баку, калі Пуцін развязвае сваю лютасць ва Украіне», – запэўніў брытанскі прэмʼер і дадаў, што гэта толькі пачатак.

Адначасова ён выключыў магчымасць стварэння беспалётнай зоны НАТА над Украінай, паясняючы, што тады альянс быў бы прымушаны збіваць расійскія самалёты, але НАТА разглядае магчымасць даць Украіне ракеты для абароны ад паветраных нападаў, а таксама ад ракетных установак «Град». Барыс Джонсан таксама заявіў, што ў дадатак да раней абвешчанага падваення брытанскіх войскаў у Эстоніі і Польшчы, у Балгарыю будзе накіраваная група брытанскіх войскаў.

У сваю чаргу прэзідэнт Эмаюэль Макрон заявіў, што Францыя дасць зброю Украіне, але не самалёты і танкі. Ён таксама перасцярог перад рэзкім ростам коштаў і харчовым крызісам, а таксама прапанаваў стварыць праграму харчовай салідарнасці на ўзроўні ЕС і ў супрацоўніцтве з Афрыканскім саюзам.
«Кіраўнікі дзяржаў G7 таксама дамовіліся палепшыць каардынацыю санкцый супраць Расіі», – сказаў Макрон, падкрэсліўшы, што яны даюць вынікі.

У сваю чаргу канцлер Германіі Олаф Шольц выказаўся за ўмацаванне ўсходняга флангу НАТА і нагадаў, што жаўнеры бундэсвера ўжо знаходзяцца ў Літве і Румыніі, а нямецкія зенітныя падраздзяленні будуць перакінутыя ў Славакію.

У сваю чаргу, прэмʼер Канады Джасцін Трудо запэўніў што яго краіна перадасць новыя пастаўкі зброі Украіне. Адначасова Канада забараніла сваім жаўнерам і рэзервістам далучацца да міжнародных войскаў ва Украіне.
Падчас саміту ў Бруселі краіны НАТА абвясцілі, што адкажуць на ўварванне Расіі ва Украіну рашучым пераўзбраеннем і ўзмацненнем магчымасцяў «стрымлівання і абароны» перад абліччам «самай сурʼёзнай пагрозы еўраатлантычнай бяспецы за апошнія дзесяцігоддзі», паведамляе старонка bankier.pl.

аз

Падчас саміту G7 Уладзімір Зяленскі заклікаў да рашучых дзеянняў у дачыненні да Расіі

24.03.2022 18:39
Ён падкрэсліў, што Расія, развязваючы вайну супраць Украіны, разбурыла архітэктуру сусветнай бяспекі.