Беларуская Служба

Пастаянныя базы НАТА ў Польшчы - больш рэальныя

07.04.2022 13:40
Польскія ўлады хадайнічаюць за стварэнне ў Польшчы пастаянных базаў Паўночнаатлантычнага альянсу.
Аўдыё
  • Пастаянныя базы НАТА ў Польшчы - больш рэальныя
Генэрал Марк Мілі PAP/EPA/JIM LO SCALZO

У Бруселі працягваецца сустрэча міністраў замежных спраў краін НАТА. Галоўная тэма – расійская вайна ва Украіне і адаптацыя абараназдольнасці альянсу да пагроз кшталту нападу Расіі на Украіну. Генеральны сакратар НАТА Енс Столтэнберг, пасля першага дня сустрэчы, падкрэсліў, што існуе пільная неабходнасць далейшай перадачы Украіне зброі і ўмацавання ўсходняга флангу альянсу. Міністры замежных спраў таксама абмяркоўваюць новую стратэгічную канцэпцыю НАТА, якая павінна быць прынятая на саміце НАТА ў Мадрыдзе. На гэтым фоне ўзнікае рэальны шанец на стварэнне пастаянных натаўскіх базаў у Польшчы.

ЗША паставяць Украіне сучасныя баявыя беспілотнікі Switchblade 600, абсталяваныя супрацьтанкавымі боегалоўкамі. Каментатары звяртаюць увагу, што гэта мацнейшы від зброі, чым тая, якую амерыканцы адправілі ва Украіну да гэтай пары. Паводле іх, апошнія паведамленні пра расійскія ваенныя злачынствы ва Украіне, мабілізуюць прэзідэнта Джо Байдэна да павелічэння заангажавання:

- Адказныя краіны павінны прывесці да пакарання здзяйсняльнікаў гэтых злачынстваў. Разам з хаўруснікамі мы будзем павышаць эканамічныя кошты для Пуціна і павялічваць эканамічную ізаляцыю Расіі.

Прэзідэнт Байдэн паведаміў пра новыя санкцыі, уведзеныя ЗША супраць сем’яў палітычных элітаў Расіі, у тым ліку, сем’яў Уладзіміра Пуціна і Сяргея Лаўрова, а таксама супраць расійскіх фінансавых установаў. Джо Байдэн таксама дадаў, што ЗША і хаўруснікі пастаянна пастаўляюць Украіне ўдасканаленыя сістэмы зброі, хоць не пра ўсё яны могуць гаварыць адкрыта.

Тым часам найвышэйшы рангам амерыканскі вайсковец генерал Марк Мілі (Mark Milley) выказаўся за стварэнне пастаянных базаў ЗША на ўсходнім флангу НАТА. Старшыня аб'яднанага камітэта начальнікаў штабоў амерыканскай арміі паясніў, што вайскоўцы змогуць заставацца ў базах на ратацыйнай аснове. Паводле генерала, прапанаванае рашэнне будзе больш эканомным, у той жа час дасць эфект пастаяннай прысутнасці альянсу ў рэгіёне.

Генерал заявіў, што сітуацыю з бяспекай у Еўропе лічыць асабліва сур’ёзнай. «Расія выклікала канфлікт, які будзе працягвацца, і я лічу, што НАТА, ЗША, Украіна і ўсе хаўруснікі і партнёры, якія яе падтрымліваюць, будуць нейкім чынам уцягнутыя ў гэты канфлікт на працягу доўгага часу», – ацаніў генерал Марк Мілі:

- Мы бачым найбольшую пагрозу бяспецы не толькі ў Еўропе, але таксама ў свеце. Гэта найбольш сурʼёзная сітуацыя за 42 гады маёй вайсковай кар’еры. Расійская вайна ва Украіне пагражае не толькі міру і стабільнасці ў Еўропе, але таксама ў свеце, за што цяжка змагаліся мае бацькі і пакаленні амерыканцаў.

Амерыканскі генерал таксама дадаў, што многія хаўруснікі, такія як краіны Балтыі, Польшча і Румынія, рашуча ставяцца да ідэі пастаянных базаў НАТА ў Еўропе.

Гэта сур’ёзная заява, паколькі яна прагучала з вуснаў аднаго з найважнейшых вайскоўцаў у ЗША, але на канкрэтнае рашэнне па гэтай справе трэба будзе пачакаць да чэрвеньскага саміту альянсу ў Мадрыдзе, кажа прафесар Аляксандра Гаштальд(Aleksandra Gasztold) з Варшаўскага Універсітэта:

- Да чэрвеня, шмат чаго можа адбыцца, калі гаворка ідзе пра ўсходнюю мяжу Польшчы і вайну ва Украіне. Зразумела гэтая прапанова супадае з чаканнямі Польшчы, Румыніі і краін Балтыі. Яна не новая. Нагадваю, яна абмяркоўвалася, напрыклад, у 2016 годзе. Пастаянныя базы з ратацыйнай прысутнасцю, гэта не дакладна тое, чаго патрабавалі польскія ўлады. Тым не менш, згаданая прапанова зʼяўляецца часткай традыцыйнага, рэалістычнага падыходу да дзяржаўнай бяспекі. Гаворка ідзе пра стаўленне, паводле якога, ваенны фактар зʼяўляецца тым фактарам, які можа забяспечыць перавагу над супернікам. То бок, што ўмацаванне бяспекі дзяржавы, або кааліцыі дзяржаваў шляхам мілітарызацыі загарантуе перавагу над магчымым агрэсарам.

Генерал Марк Мілі кажа пра пастаянныя базы, але з ратацыйнай прысутнасцю жаўнераў. Аднак, паводле прафесар Гаштальд, для структуры бяспекі еўрапейскіх краін, гэта большага значэння не мае:

- Калі гаворка ідзе пра карысці для ўсёй структуры нацыянальнай бяспекі, балтыйскіх краінаў, Польшчы ці Румыніі, то тут розніцы, калі гаворка ідзе пра дафінансаванне сектара бяспекі, не будзе. На саміце альянсу ў чэрвені, хутчэй за ўсё, Польшча і краіны Балтыі будуць патрабаваць павелічэння пастаяннай прысутнасці войскаў НАТА на ўсходнім флангу. Гэта, паводле мяне, рэалістычныя патрабаванні, беручы пад увагу жорсткасць Расіі ва Украіне. Думаю, што Мілі сваёй заявай хацеў таксама праверыць магчымую падтрымку для гэткай ідэі ў Палаце прадстаўнікоў.

Генерал Марк Мілі, выступаючы ў Палаце прадстаўнікоў, пераконваў, што еўрапейскія краіны пабудуюць і будуць утрымліваць такія базы. Такім чынам, ён загадзя адкінуў фінансавыя аргументы праціўнікаў згаданай ідэі:

-Варта памятаць, што за гэтай прапановай хаваюцца таксама двухбаковыя дамовы, міжнародныя кантракты, якія будуць суправаджаць узнікненне такіх базаў. Таму, гэта таксама карыснае рашэнне для ЗША, а, перш за ўсё, для іх ваеннай прамысловасці. Варта памятаць пра магутны патэнцыял рынку ўзбраенняў. Праблемай не зʼяўляецца ўмацаванне гэтак званай «цвёрдай бяспекі». Тут гаворка ідзе таксама пра ўмацаванне магчымасцяў контрвыведкі, ці збору інфармацыі, як падчас вайны ва Украіне, так і пасля яе заканчэння.

Прафесар Аляксандра Гаштальд нагадала, што расійская вайна ва Украіне даказала, як важным з’яўляецца выведка і інфармацыя пра дзеянні праціўніка.

Тым часам кіраўнік Пентагона Лойд Осцін заявіў, што пытанне пастаянных базаў НАТА на ўсходнім флангу альянсу абмяркоўваецца перад чэрвеньскім самітам у Мадрыдзе, і калі альянс вырашыць, што размяшчэнне сіл неабходна змяніць, то ЗША безумоўна прымуць у гэтым удзел.

Нагадваем, польскія ўлады хадайнічаюць за стварэнне ў Польшчы пастаянных базаў Паўночнаатлантычнага альянсу, а таксама за павелічэнне прысутнасці жаўнераў НАТА ў краіне.

IAR/PR1/аз

Яраслаў Качыньскі: Украіне патрэбная міратворчая місія НАТА або больш шырокай міжнароднай кааліцыі

16.03.2022 07:59
Такая місія будзе імкнуцца да захавання міру і аказання гуманітарнай дапамогі, але ахоўвацца ўзброенымі сіламі, сказаў Яраслаў Качыньскі.

Генсакратар НАТА: Вайна не можа пашырыцца за межы Украіны

16.03.2022 15:09
У Бруселі сустракаюцца міністраў абароны дзяржаў Паўночнаатлантычнага альянсу.

НАТА накіруе на ўсходні фланг чатыры дадатковыя баявыя групы

23.03.2022 20:31
Паводле новых рашэнняў, у Еўропе будзе знаходзіцца 140 тысяч жаўнераў НАТА.