Беларуская Служба

Польская дэпутатка: Інцыдэнту з расійскім паслом не павінна было быць

10.05.2022 15:09
Польскія ўлады пракаментавалі ўчарашні напад на расійскага дыпламата ў польскай сталіцы.
Аўдыё
  • Кожны дыпламат павінен пачувацца бяспечна ў Польшчы
Ілюстрацыйны здымакPAP/Leszek Szymański

У адказ на абурэнне з Масквы ў Варшаве кажуць, што папярэджвалі расійскі бок пра настроі ў грамадстве і магчымую пагрозу.

Расійскага пасла ў Варшаве Сяргея Андрэева залілі чырвонай вадкасцю. Інцыдэнт здарыўся апоўдні 9 траўня падчас спробы амбасадара ўскласці вянок на могілкі савецкіх салдат. Пад крыкі «Фашысты!» дыпламата аблілі чырвонай вадкасцю. Пазней высветлілася, што гэта быў салодкі сіроп. Акцыю зладзіла украінская журналістка Ірына Земляная.

- Мы проста падышлі да амбасадара ўшчыльную, разарвалі на сабе пакеты са штучнай крывёй, гэтая кроў патрапіла на амбасадара ды яго прыхвасня. Яны з ганьбай і пад крыкі «фашысты» проста зʼехалі. Мы не далі ім ускласці кветкі.

У сеціве акцыя выклікала пераважна наступныя асацыяцыі: «надалі выгляд, які адпавядае сутнасці расійскай палітыцы», «цяжкі лёс быць паслом краіны-вампіра», «амбасадар фашысцкай Расіі вырашыў прапіярыцца на могілках савецкіх салдат у Варшаве».

Зусім іншай была рэакцыя МЗС Расіі. Масква выказала польскім уладам рашучы пратэст у сувязі з нападзеннем на пасла РФ і запатрабавала ад Варшавы «арганізаваць правядзенне цырымоніі ўскладання вянка, забяспечыўшы яе поўную бяспеку ад усялякага роду правакацый».

Больш жорстка выказалася прэсавая сакратарка расійскага МЗС Марыя Захарава. «Прыхільнікі неанацызму ў чарговы раз агалілі свой твар, (...) на Захадзе зададзены курс на рэінкарнацыю фашызму», напісала чыноўніца.

Польскія ўлады не пагадзіліся з расійскім разуменнем інцыдэнту. Міністр унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Марыюш Каміньскі заявіў, што пратэст на могілках быў законным, а эмоцыі ўкраінак «можна зразумець».

Прэс-сакратар польскага ўрада Пётр Мюлер заявіў, што польскія ўлады папярэджвалі амбасаду Расеі пра настроі ды раілі наведаць могілкі ў іншы дзень. Таксама было ўмяшальніцтва польскай паліцыі, каб супакоіць сітуацыю.

- Мы хацелі б, каб любая дэманстрацыя, якая праходзіць у Польшчы, мела мірны характар. Так было б найлепш. З іншага боку, мы разумеем эмоцыі, якія сёння мелі месца. Калі людзі бачаць, што на тэрыторыі Украіны забіваюць дзяцей, цэлыя сем’і, адбываецца генацыд, могуць з’явіцца такія эмоцыі. Пры гэтым мы своечасова папярэдзілі расійскую амбасаду, што ёсць пагроза. На месцы паліцыя забяспечыла ад’езд дыпламата, каб не здарылася ніякіх небяспечных сітуацый.

Прэс-сакратар каменданта варшаўскай паліцыі, галоўны камісар Сільвестар Марчак паведаміў, што паліцыя высвятляе абставіны інцыдэнту з расійскім амбасадарам.

- На месцы прысутнічалі паліцыянты. Адразу пасля гэтага здарэння мы зарганізавалі бяспечны ад’езд Амбасадара. Пры гэтым пазней мы таксама дзейнічалі на могілках, бо напружанне расло паміж удзельнікамі з абодвух бакоў.

Дэпутатка «Права і справядлівасці» Ёана Ліхоцкая заявіла, што ўчорашні інцыдэнт з расійскім амбасадарам, не павінен быў адбыцца не павінен. Усе дыпламаты маюць права адчуваць сябе ў бяспецы ў Польшчы.

- Так не павінна стацца. Усе акрэдытаваныя ў Польшчы дыпламаты маюць права, каб было гарантавана іх бяспека. Пры гэтым сп. Амбасадара атрымаў ад польскага ўрада ліст, у якім польскі бок рашуча і станоўча раіў адмовіцца ад ускладання кветак пад помнікам савецкага салдата менавіта ў гэты дзень у звязку з абурэннем польскім грамадствам злачынствамі і генацыдам, які Расія здзяйсняе цяпер ва Украіне.

Таксама інцыдэнт пракаментаваў глава польскага МЗС Збігнеў Раў, які сказаў, што «гэтага не павінна было быць, і «мы аддаём сабе справаздачу ў сур'ёзнасці сітуацыі, і назіраем за ёй». Пры гэтым побач з маўзалем савецкіх воінаў у Варшаве актывісты развесілі білборды ў рамках кампаніі #StopRussiaNow, якія распавядаюць пра наступствы расійскай агрэсіі ва Украіне. Яны аналагічныя тым, што з'явіліся ў красавіку ў розных еўрапейскіх гарадах, каб абудзіць сумленне заходнееўрапейскіх палітыкаў, якія хацелі б хуценька вярнуцца да стасункаў з Расіяй, якія былі да вайны.

Юры Ліхтаровіч