Масква афіцыйна прызнае страту чатырох генералаў падчас уварвання ва Украіну. Кіеў кажа пра 12, заходнія спецслужбы – пра сем. Відавочна, што ўкраінцы падкручваюць дадзеныя. Напрыклад, журналісты ВВС выявілі, што прынамсі тры афіцэры з кіеўскага спісу з'явіліся на публіцы пасля іх меркаванай смерці, піша Dziennik Gazeta Prawna.
Аднак, нават калі страчана толькі чатыры, гэта беспрэцэдэнтная лічба. Для параўнання, у перыяд з 1964 па 1975 гады падчас вайны ў Вʼетнаме загінулі два генералы ЗША.
У войнах пасля 1861 году загінулі пяць амерыканскіх генералаў. На аднаго больш, чым расійскіх за чатыры месяцы ўварвання ва Украіну.
З аднаго боку, Кіеў афарбоўвае дадзеныя, з другога – ва ўкраінскай арміі дзейнічае група, якая займаецца паляваннем на вышэйшых афіцэраў. Ваенная разведка збірае дадзеныя пра іх, прысуды выконваюцца альбо снайперамі, альбо артылерыяй, якая бʼе па месцах знаходжання вайскоўцаў. Пра гэта пісаў, між іншым The Wall Street Journal са спасылкай на крыніцы ў адміністрацыі прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага.
Першапачаткова Крэмль спрабаваў схаваць дадзеныя аб гэтых стратах, аднак інфармацыя пра жалобныя цырымоніі трапляюць у СМІ.
У размовах з украінскімі афіцэрамі, якія сочаць за імёнамі самых высокапастаўленых афіцэраў, загінулых ва Украіне, паўтараецца тэзіс, што іх прысутнасць ля фронту зʼяўляецца бясспрэчным доказам нізкага маральнага духу сілаў, якія ўдзельнічаюць ва ўварванні. Гэта пацвердзілася і ў размовах з радавымі салдатамі. – Як можна казаць пра іх маральны дух, калі яны нават не прадугледжваюць таго, каб забіраць целы сваіх забітых салдат? Пасля бітвы яны ляжаць на абочыне або ў канавах. Мы стараемся сабраць іх у адно месца. Некаторыя перавозяць у морг. Але, як правіла, я не памятаю, каб імі цікавіліся расійскія камандзіры, – расказвае выданню Мікола, чый блокпост знаходзіўся на ўскраіне вёскі на поўнач ад Харкава. – Мы называем іх «мяса». Яны як бляшанка з тушонкай. Прыходзіць генерал, адчыняе тушонку і расмазвае яе. Такая гэта армія, – дадае ён.
ав/DGP