Украіна атрымала статус кандыдата ў ЕС. Цяпер Захад павінен рэканструяваць яе пасля вайны. Пачынае фармавацца ідэя, як гэта зрабіць, піша Rzeczpospolita. Еўрапейскі савет аднагалосна падтрымаў прадастаўленне статусу кандыдата Украіне і Малдове і адкрыццё еўрапейскай перспектывы для Грузіі. Пасля многіх гадоў намаганняў супольнасць задаволіла імкненні Кіева.
«Гэта адзіная краіна, дзе стралялі па людзях за тое, што яны захуталіся ў еўрапейскі сцяг», – заявіла старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен.
Малдова і Грузія таксама скарысталіся гістарычным момантам адкрыцця ЕС на Усход. Аднак пакуль Грузія атрымае статус кандыдата, павінна яшчэ ажыццявіць рэформы, якіх патрабуе Брусель.
Рашэнне ЕС па справе Украіны было прынята рэкорднымі тэмпамі, то бок цягам чатырох месяцаў пасля падачы заяўкі прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім. Зараз краіна павінна ажыццявіць рэформы, якія паказваюць, што яна змагаецца з карупцыяй і будуе вяршэнства закона. Гэта тое, што можа зрабіць парламент і прэзідэнт нават у час вайны. Пасля гэтага пачнуцца перамовы аб уступленні, то бок праца над прыстасаваннем Украіны да стандартаў ЕС.
«Нікому гэта не ўдалося зрабіць у тэрміне карацейшым, чым пяць гадоў. Гэта будзе доўгі працэс, але ў той жа час моцны якар для Украіны і яе пасляваеннай рэканструкцыі», – кажа выданню Rzeczpospolita віцэ-старшыня Еўракамісіі Валдзіс Дамброўскіс.
У Бруселі ўжо сур’ёзна абмяркоўваецца пасляваенная рэканструкцыя Украіны. Пра сумы і канкрэтныя фінансавыя інструменты Еўракамісія пакуль не кажа, але, напрыклад, старшыня Еўрапейскага інвестыцыйнага банка Вернер Хоер лічыць, што рэканструкцыя можа каштаваць нават трыльён еўра.
«Мы не можам ацаніць выдаткі, вайна працягваецца, і, на жаль, разбурэнні адбываюцца кожны дзень», – кажа Дамброўскіс. Але ён падкрэслівае, што ЕС будзе падтрымліваць Украіну.
Пакуль вядзецца праца над формай пакета дапамогі. Хутчэй за ўсё, будзе створаная платформа з удзелам міжнародных донараў для каардынацыі фінансавых патокаў і інвестыцый, і забеспячэння іх увязкі з рэформамі. Трохі як Фонд рэканструкцыі ЕС, з якога грошы паступаюць толькі тады, калі дзяржава ажыццявіць пэўныя этапы рэформаў.
«Украіна падрыхтуе план рэканструкцыі, але тады спатрэбіцца пагадненне з міжнароднымі донарамі, асабліва з ЕС, які акажа значную падтрымку гэтаму плану(…) Мы будзем вызначаць, што можа зрабіць ЕС, што краіны-члены, што еўрапейскія фінансавыя інстытуты. Мы будзем працаваць разам з МВФ, Сусветным банкам і асобнымі краінамі. Гэта будзе вельмі сур'ёзная каардынацыйная работа», – дадае Дамброўскіс у размове з выданнем Rzeczpospolita. Ён падкрэслівае, што міжнародная супольнасць таксама будзе прыглядацца адказнасці Расіі і магчымасці выкарыстання канфіскаваных актываў гэтай краіны.
аз