Беларуская Служба

29-30 чэрвеня ў Мадрыдзе пройдзе саміт НАТА, паводле часткі каментатараў - гістарычны

27.06.2022 12:45
Палякі чакаюць павелічэння колькасці хаўрусніцкіх войскаў на ўсходнім флангу НАТА і павелічэння дапамогі для Украіны.
Аўдыё
  • 29-30 чэрвеня ў Мадрыдзе пройдзе саміт НАТА
29-30
29-30 чэрвеня ў Мадрыдзе пройдзе саміт НАТАPAP/EPA/GIUSEPPE LAMI

«Гэта будуць гістарычныя рашэнні па ўзмацненні ўсходняга флангу. Гэта будзе вялікая змена прысутнасці НАТА ад Чорнага да Балтыйскага мора», – запэўніў намеснік генеральнага сакратара НАТА Мірча Джоанэ. У аўторак у Мадрыдзе пачнецца саміт Паўночнаатлантычнага альянсу, паводле часткі каментатараў, вырашальны.

Польшча рыхтуецца да саміту Паўночнаатлантычнага альянсу, які 29-30 чэрвеня пройдзе ў сталіцы Іспаніі, Мадрыдзе. Між іншым, з гэтай мэтай на сёння прэзідэнт Анджэй Дуда склікаў нараду Бюро нацыянальнай бяспекі. Ейныя ўдзельнікі абмяркуюць пазіцыі Польшчы па пытаннях, якія будуць закранацца падчас саміту НАТА. Гаворка ідзе, перш за ўсё, пра новую стратэгію альянсу і далейшую падтрымку Украіны.

У нарадзе, апрача прэзідэнта, прымуць удзел кіраўнік Мінабароны Марыюш Блашчак, кіраўнік МЗС Збігнеў Рау, кіраўнік МУС Марыюш Каміньскі, міністр з Канцылярыі прэм’ера Міхал Дворчык і камандзіры польскай арміі.
Еўрадэпутат ад польскай кіроўнай партыі «Права і справядлівасць» Караль Карскі(Karol Karski) нагадаў, якую пазіцыю Польшча займае ў дачыненні да расійскай агрэсіі супраць Украіны:

- Польшча выступае за шырокую падтрымку Украіны, каардынацыю пазіцыяў ЕС па гэтай справе, за выпрацаванне адзінай пазіцыі, якая асуджае расійскую агрэсію, імкнецца да пакарання агрэсара і спынення канфлікту.

Кіраўнік Бюро нацыянальнай бяспекі Павел Солях (Paweł Soloch) сказаў, што ў новым стратэгічным дакуменце альянсу пажадана дакладна назваць, хто з'яўляецца агрэсарам, а хто ахвярай у вайне ва Украіне:

- Мы мяркуем, што там Расія будзе адназначна названая пагрозай для членаў НАТА; што там знойдуцца адназначныя заявы, датычныя стрымлівання і абароны альянсу. Гаворка ідзе пра фармалізацыю стратэгіі, якая павольна пачала фармавацца пасля 2014 года. Гэта вяртанне да традыцыйнай ролі НАТА. Тут расійская агрэсія супраць Украіны толькі ўзмацняе згаданы наратыў.

Польшча хоча выразна падкрэсліць у стратэгіі, што НАТА зʼяўляецца структурай, якая абараняе тэрыторыю сваіх членаў з самага першага моманту канфлікту:

- Мы чакаем такіх заяваў, якія будуць узмацняць такі пасыл і паказваць усю філасофію НАТА ў новым кантэксце. Гаворка ідзе пра філасофію, якая засяроджваецца на ваенным патэнцыяле ў абліччы вайны, якая зараз адбываецца ля межаў альянсу, але якая можа пашырыцца таксама на краіны-члены НАТА.

Мадрыдскі саміт – гэта таксама неабходнасць адабрэння дадатковых хаўрусніцкіх сіл у астатніх краінах усходняга флангу НАТА, падкрэсліў кіраўнік Бюро нацыянальнай бяспекі:

- Да гэтай пары яны былі на тэрыторыі Балтыйскіх краінаў, у Польшчы, цяпер яны будуць прысутныя таксама ў астатніх краінах усходняга флангу НАТА: у Славакіі, Вугоршчыне, Балгарыі, Румыніі. Мы хацелі б таксама павелічэння колькасці хаўрусніцкіх войскаў і чакаем адпаведных пастановаў па гэтай справе.

Міністр Павел Солях таксама выказаў надзею на тое, што хаўруснікі абмяркуюць далейшы характар падтрымкі Украіны, таму што, хоць і ёсць адназначная ацэнка агрэсіўнай палітыкі Расіі, то няма ў поўнай меры салідарнасці дзяржаў альянсу:

- Гэтая падтрымка аказваецца па-рознаму паасобнымі краінамі-хауруснікамі. Пэўныя механізмы каардынацыі дзеянняў былі створаныя, але мы спадзяемся, што кірункі дзеянняў НАТА, калі гаворка ідзе пра цяжар дапамогі, адказнасць і рызыку будуць узмоцненыя.

Пра неабходнасць пашырэння сілаў НАТА ў Цэнтральнай Еўропе неаднаразова гаварыў таксама прэзідэнт Анджэй Дуда. Паводле яго, адказам на агрэсіўную палітыку Расіі павінна быць змена з прысутнасці на абарону на ўсходнім флангу НАТА, а таксама пашырэнне цяперашніх батальённых групаў да ўзроўню брыгадаў.

Польшча гатовая накіраваць уласныя сілы ў «раёны рызыкі», напрыклад, патруляваць паветраную прастору Славакіі, якая адмовілася ад выкарыстання самалётаў МіГ-29 і засталася без аховы сваёй паветранай прасторы.
Кіраўнік Бюро нацыянальнай бяспекі Польшчы сумняецца, ці бліжэйшы саміт НАТА ў Мадрыдзе канчаткова вырашыць пытанне аб пашырэнні альянсу на Швецыю і Фінляндыю. Гэта звязана, у прыватнасці, з засцярогамі, якія Турцыя выказвае наконт Швецыі.

Міністр Солях падкрэсліў, што паводле Польшчы і краін Балтыі, пашырэнне НАТА на дзве краіны з басейна Балтыйскага мора было б вельмі карысным для ўсяго НАТА. Гэта ўзмацніла б значэнне Балтыйскага мора, як унутранага басейна Паўночнаатлантычнага альянсу і дазволіла б падзяліць задачы паміж цяперашнімі і новымі членамі НАТА з гэтага рэгіёну.

Швецыя і Фінляндыя ўжо даўжэйшы час супрацоўнічаюць з НАТА, але дагэтуль захоўвалі нейтралітэт. Пасля нападу Расіі на Украіну ўлады абедзвюх краін вырашылі далучыцца да альянсу.

У сустрэчы прымуць удзел каля 40 лідараў, у тым ліку з 30 краін-членаў альянсу, а таксама Швецыі і Фінляндыі – у якасці запрошаных краін і партнёраў альянсу – Паўднёвай Карэі, Аўстраліі і Новай Зеландыі.

Генеральны сакратар НАТА Енс Столтэнберг падкрэсліў, што саміт будзе мець вырашальнае значэнне ў сувязі з расійскім уварваннем ва Украіну і запланаваным абнаўленнем стратэгічнай канцэпцыі арганізацыі на бліжэйшыя 10 гадоў.

IAR/аз

Генеральны сакратар НАТА звярнуўся да Пуціна з-за ядзерных пагроз РФ

19.06.2022 07:54
Паводле ацэнак Столтэнберга, вайна ва Украіне можа зацягнуцца на гады.