Беларуская Служба

На КПП у Баброўніках зноў утвараюцца велізарныя чэргі

04.07.2022 12:50
Ці дальнабойшчыкі знайшлі спосаб абысці забарону ЕС на перавозку грузаў з Беларусі і Расіі?
.
.markusspiske/pixabay.com/CC0

Ужо больш за два дні чакаюць фуры на польска-беларускім памежным пераходзе ў Баброўніках. Ці кіроўцы-дальнабойшчыкі знайшлі спосаб абысці забарону ЕС на перавозку грузаў з Беларусі і Расіі?, задумоўваецца Gazeta Wyborcza.

Памежны пераход у Баброўніках на дадзены момант з'яўляецца адзіным адкрытым аўтамабільным пераходам на Падляшшы на польска-беларускай мяжы. Чэргі тут пачалі ўтварацца пасля закрыцця КПП у Кузьніцы, то бок 9 лістапада мінулага году ў сувязі з міграцыйным крызісам на польска-беларускай мяжы.

З сярэдзіны сакавіка польскія памежнікі дэталёва кантралююць грузы на мяжы ў сувязі з уведзеным ЕС эмбарга на тавары, якія могуць быць выкарыстаны ў ваенных дзеяннях Расіі супраць Украіны. У тым ліку яны правяраюць, ці фуры не перавозяць хімікатаў, частак зброі і іншых элементаў, якія могуць быць выкарыстаны супраць Украіны. На пачатку ўвядзення падрабязнага кантролю на пераходзе ў Баброўніках кіроўцам прыходзілася чакаць амаль 80 гадзін, а чарга аўтамабіляў склала 30 кіламетраў і цягнулася нават да Беластока.

Напрыканцы красавіка чэргі пачалі змяншацца, а кантроль упершыню за некалькі апошніх месяцаў праходзіў даволі плаўна. Гэта ў выніку пятага пакета санкцый ЕС, згодна з якім з поўначы з 16 на 17 красавіка была ўведзеная забарона на ўезд грузавых аўтамабіляў з Расіі і Беларусі ў ЕС. Раней кіроўцы згаданых перавозчыкаў атрымалі тыдзень на тое, каб пакінуць тэрыторыю ЕС. Зараз чэргі на польска-беларускай мяжы зноў утвараюцца, што непакоіць чытачоў газеты. «Чарга амаль у 20 кіламетраў на пераходзе з Беларуссю(…) У ёй грузавікі з Польшчы, з Казахстана, Славакіі, але таксама з Беларусі і Расіі!» паведамляе чытач і задумоўваецца, ці такім чынам павінна выглядаць абвешчанае польскімі ўладамі «адключэнне кіслароду» і прыпыненне гандлю з Расіяй і Беларуссю?

Іншы інтэрнэт-карыстальнік паведаміў, што «Польскія грузавікі ўязджаюць на тэрыторыю Беларусі, спыняюцца на перавалачнай стаянцы, плацяць 50 еўра за суткі і мяняюцца прычэпамі з аўтамабілямі з Беларусі і Расіі. За пломбу на прычэпе плацяць 500 злотых і вяртаюцца ў Польшчу. Больш за тое, што гандаль развіваецца, то дадаткова гэта выдатны бізнес», – піша інтэрнет-карыстальнік. Гэтыя словы пацвярджаюць у размове з газетай таксама два кіроўцы грузавікоў з беларускімі нумарамі.

У сваю чаргу прэс-сакратар Падляшскага аддзела Нацыянальнай падатковай адміністрацыі Мацей Чарнэцкі запэўнівае, што афармленне на памежных пераходах ажыццяўляецца ў адпаведнасці з дзеючымі правіламі. «Нашыя праверкі тычацца, у прыватнасці, выканання забаронаў на вываз з Польшчу і імпарт у Польшчу некаторых тавараў», – дадаў Мацей Чарнэцкі.

Нагадваем, у адпаведнасці з абмежаваннямі, прынятымі ў рамках пятага пакета санкцый ЕС, усім расійскім і беларускім аўтаперавозчыкам забаронена перавозіць грузы аўтамабільным транспартам па тэрыторыі ЕС, у тым ліку транзітам. Выключэнні датычаць шэрагу тавараў, такіх як фармацэўтычныя, медыцынскія, сельскагаспадарчыя і харчовыя прадукты, уключаючы пшаніцу. Забарона таксама не распаўсюджваецца на аўтамабільныя перавозкі ў гуманітарных мэтах, нагадвае Gazeta Wyborcza.

аз

На польска-ўкраінская мяжы кіроўцы грузавікоў чакаюць па 50 гадзін

03.07.2022 14:13
Не меншая чарга і з украінскага боку.