Беларуская Служба

Падчас канферэнцыі ў Лугана быў прадстаўлены ўступны план пасляваеннага аднаўлення Украіны

05.07.2022 13:45
Ужо збольшага вядома, якія краіны возьмуць на сябе адказнасць за аднаўленне канкрэтных рэгіёнаў Украіны.
Аўдыё
  • Падчас канферэнцыі ў Лугана прадставілі ўступны план пасляваеннага аднаўлення Украіны
    ,
Міжнародная канферэнцыя па аднаўленні Украіны, Лугана ў ШвейцарыіPAP/EPA/MICHAEL BUHOLZER

Еўрасаюз сабраў больш за 6 мільярдаў еўра на дапамогу Кіеву, заявіла старшыня Еўракамісіі на міжнароднай канферэнцыі па аднаўленні Украіны, якая завяршаецца ў швейцарскім Лугана. Урсула фон дэр Ляен паабяцала, што супольнасць таксама арганізуе дадатковыя сродкі. «Мэта Крамля – ваеннае, палітычнае і эканамічнае знішчэнне Украіны. Мы не можам на гэта пагадзіцца і ніколі гэтага не зробім», – дадала фон дэр Ляен.

Нягледзячы на тое, што вайна ва Украіне працягваецца ўжо збольшага вядома, якія краіны возьмуць на сябе адказнасць за аднаўленне канкрэтных рэгіёнаў Украіны.

У сустрэчы ў Лугана прымаюць удзел прадстаўнікі больш за 40 краін і каля 20 міжнародных арганізацый. Міністр замежных спраў Вялікабрытаніі Ліз Трас запэўніла, што ейная краіна «зробіць усё магчымае, каб Украіна выйграла вайну і аднавілася». Аднак яна папярэдзіла, што гэта будзе доўгатэрміновы працэс. Кіраўнічка брытанскай дыпламатыі таксама паведаміла, што другая па чарзе канферэнцыя прысвечаная рэканструкцыі Украіны адбудзецца праз год у Вялікабрытаніі.

«Рэканструкцыя Украіны пасля расійскай агрэсіўнай вайны будзе сімвалізаваць сілу дэмакратыі над аўтакратыяй. Гэта пакажа Пуціну, што яго спробы знішчыць Украіну прывялі толькі да стварэння больш моцнай, больш заможнай і больш аб’яднанай нацыі», – сказала Трас і запэўніла аб падтрымцы плана рэканструкцыі Украіны.

Аднаўленне Украіны – гэта і бягучая дзейнасць, а не толькі планы на будучыню, заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Ён падкрэсліў, што вызваленыя ад акупантаў вёскі патрабуюць неадкладнай дапамогі:

- Украінскія вайскоўцы вызвалілі ад акупантаў больш за тысячу населеных пунктаў, кожны тыдзень прыбываюць новыя. Усе яны пашкоджаныя ў буйным памеры, а гэта таксама азначае неабходнасць велізарных сродкаў на аднаўленне інфраструктуры, на вяртанне медыцынскага абслугоўвання, сацыяльных паслуг, на аднаўленне нармальнага эканамічнага жыцця, на аднаўленне дамоў на вызваленых тэрыторыях. А іх дзясяткі тысяч.

Уладзімір Зяленскі таксама звярнуў увагу на выклікі, якія стаяць перад Украінай у бліжэйшай будучыні:

- Трэба рыхтаваць школы і ВНУ да новага навучальнага года на ўсёй свабоднай тэрыторыі краіны і ў новых умовах – пастаяннай пагрозы, у прыватнасці, з боку ракетных удараў. Ужо цяпер трэба рыхтавацца да зімы і забяспечваць энергетычную бяспеку. Большая частка эканомікі была разбурана ваеннымі дзеяннямі і тысячы прадпрыемстваў спынілі сваю працу. А гэта азначае патрэбу ў працоўных месцах, у сацыяльных выплатах ва ўмовах падзення падатковых паступленняў.

- заявіў прэзідэнт Уладзімір Зяленскі.

У сваю чаргу прэм'ер-міністр Украіны Дзяніс Шмыгаль заявіў на канферэнцыі ў Лугана, што аднаўленне знішчаных расіянамі інфраструктурных абʼектаў будзе каштаваць больш за 100 мільярдаў долараў. Паводле палітыка, гэта будзе доўгатэрміновы працэс:

- На сёння страты інфраструктуры Украіны складаюць больш за 100 мільярдаў долараў. Разбураны або пашкоджаны больш за 1 200 навучальных устаноў, больш за 200 бальніц, тысячы кіламетраў газаправодаў, вода- і электрасетак, аўтамабільных і чыгуначных шляхоў.

Дзяніс Шмыгаль дадаў, што кошт аднаўлення яго краіны ўжо складае 750 мільярдаў долараў. Украінскі палітык падкрэсліў, што Расія павінна адказаць за кровапралітную вайну і масавыя разбурэнні:

- Хто павінен плаціць за план аднаўлення, які ўжо ацэнены ў 750 мільярдаў долараў? Мы лічым, што канфіскаваныя актывы Расіі і расійскіх алігархаў павінны быць ключавой крыніцай фінансавання. Расійскія ўлады пачалі гэтую кровапралітную вайну, нанеслі гэтыя велізарныя разбурэнні і павінны панесці за гэта адказнасць.

Прэм’ер-міністр Дзяніс Шмыгаль дадаў, што пасля перамогі ў вайне, распачатай Расіяй, трэба будзе ажыццявіць тысячы праектаў рэканструкцыі.

Польшча гатовая адыгрываць актыўную ролю ў аднаўленні Украіны. Пра гэта ў Лугана заявіў віцэ-прэмʼер, міністр культуры і нацыянальнай спадчыны Пётр Гліньскі (Piotr Gliński). Палітык падкрэсліў, што аднаўленне Украіны не павінна абмяжоўвацца толькі вяртаннем даваеннага статус-кво:

- Мы павінны імкнуцца закласці асновы для доўгатэрміновага развіцця краіны. Вельмі важна, каб украінскі ўрад стаў суарганізатарам працэсу рэканструкцыі. Мы моцна перакананыя, што гістарычны факт надання Украіне статусу кандыдата ў Еўрасаюз і перспектыва ўступлення ў супольнасць паспрыяе пазітыўным вынікам гэтых намаганняў.

Віцэ-прэм’ер Гліньскі падкрэсліў, што актыўная роля Польшчы ў аднаўленні будзе выяўляцца ў цесным кантакце з украінскім бокам як на ўрадавым, так і на рэгіянальным і няўрадавым узроўнях. Ён дадаў, што справа ў тым, каб накіраваць дапамогу туды, дзе яна найбольш патрэбна і гэта трэба рабіць неадкладна:

- Мы не павінны адкладаць нашу дапамогу, пакуль будзе дасягнутае нейкае палітычнае рашэнне. Украіне тут і цяпер патрэбна істотная фінансавая і рэканструкцыйная падтрымка. Мы павінны быць гатовыя даць ёй гэта неадкладна.

- сказаў польскі віцэ-прэм’ер Пётр Гліньскі.

Другога, апошняга дня канферэнцыі была прадстаўленая мапа, на якой пазначана, якія краіны будуць удзельнічаць у аднаўленні Украіны пасля вайны, і якія рэгіёны вернуць да жыцця. Прадстаўлены план паказвае, што, напрыклад, Польшча разам з Італіяй дапамогуць адбудаваць Данецк.

Пасляваенная рэканструкцыя Украіны павінна праходзіць у трох этапах. На першым этапе будзе адноўлена крытычная інфраструктура, на другім – базавая інфраструктура, гэта значыць школы, бальніцы, дамы, і на апошнім этапе будуць ажыццяўляцца доўгатэрміновыя пераўтварэнні, якія ахопліваюць усе сферы жыцця.

Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі, які выступіў з відэазваротам да ўдзельнікаў міжнароднай сустрэчы ў Лугана (Ukraine Recovery Conference, URC 2022) заявіў, што аднаўленне Украіны пасля вайны будзе сумеснай задачай усяго свету. Ён таксама выказаў надзею, што канферэнцыя ў Швейцарыі стане першым крокам да «гістарычнай перамогі дэмакратычнага свету».

IAR /аз

У Швейцарыі пачалася канферэнцыя аб маштабным аднаўленні Украіны пасля вайны

04.07.2022 15:23
Канферэнцыя праходзіць 4-5 ліпеня ў горадзе Лугана ў Швейцарыі. У ёй прымаюць удзел прадстаўнікі 40 краін і 18 арганізацый.