Беларуская Служба

«Лукашэнку і яго хеўры не падабаецца, што Польшча падтрымлівае дэмакратычныя сілы Беларусі»

06.07.2022 13:55
Рэакцыя на знішчэнне пахаванняў польскіх жаўнераў Арміі Краёвай у Беларусі. 
Аўдыё
  • У Беларусі знішчаны магілы польскіх жаўнераў
Марцін Вайцяхоўскі на месцы знішчаных магіл у Мікулішкахфота: Twitter/Embassy of Poland in Minsk

Дзяржаўныя ўлады Польшчы адрэагавалі на факты знішчэння месца пахавання жаўнераў Арміі Краёвай у Беларусі. У аўторак 5 ліпеня ў МЗС быў выкліканы часовы павераны ў справах Беларусі, якому ўручылі рэзкі пратэст з нагоды знішчэння могілак Арміі Краёвай у Мікулішках.

«Міністэрства замежных спраў абурана інфармацыяй аб тым, што могілкі польскіх жаўнераў у Мікулішках Гродзенскай вобласці былі знішчаныя па загаду беларускіх уладаў. У 1944 годзе жаўнеры 3-й і 6-й брыгад Арміі Краёвай, складовай часткі Войска Польскага, удзельнікі аперацыі «Вострая Брама» змагаліся за вызваленне Вільні ад нямецкай акупацыі і заплацілі за гэта самую высокую цану. Асабліва шакуе, што такі беспрэцэдэнтны ўдар беларускі бок нанёс перад гадавінай аперацыі (7 ліпеня).

Гэтая надзвычай ганебная падзея з’яўляецца прыкладам невыканання цяперашнімі беларускімі ўладамі ўсіх сваіх абавязкаў адносна памятных месцаў. Гэта нагадвае самыя змрочныя часы камунізму, і, зважаючы на ранейшыя паведамленні пра спусташэнне польскіх ваенных пахаванняў, нельга ўспрымаць гэта інакш, як мэтанакіраваную акцыю з мэтай далейшага пагаршэння ўзаемаадносінаў паміж Польшчай і Беларуссю.

Ліквідацыя польскіх магілаў і мемарыяльных месцаў – яшчэ адзін, найбольш яскравы, прыклад дзеянняў мінскага рэжыму супраць палякаў у Беларусі. Мы рашуча асуджаем гэту антыпольскую кампанію беларускіх уладаў па імкненні сцерці любыя сляды польскасці ў Беларусі.

Знішчэнне ваенных магіл не зменіць гісторыю і не знішчыць памяці аб мінулым. Гэта яшчэ раз паказвае свету варварства цяперашняга рэжыму», – гаворыцца ў заяве, якую падпісаў прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Польшчы Лукаш Ясіна.

Беларусы па традыцыі выключна беражліва адносяцца да памяці продкаў і да месцаў, дзе пахаваныя памерлыя. Дарэчы, у гэтым беларускі народ вельмі падобны да палякаў, дзе таксама трапятліва клапоцяцца пра магілы, у рэдкай краіне свету можна сустрэць такія беражлівыя адносіны да месцаў пахаванняў памерлых, як у Польшчы. Таму з боку беларускіх уладаў гэта асабліва агідны жэст у напрамку Польшчы. Беларускі рэжым бяссільны ў адносінах польскай дзяржавы, якая падтрымлівае дэмакратычныя памкненні беларусаў, і таму ён выконвае такія агідныя дзеянні супраць памерлых, якія не могуць адказаць. І такім чынам парушае міжнародныя пагадненні, заключаныя з Польшчай, – адзначае праваабаронца з Цэнтру «Вясна» Зміцер Салаўёў.

- Ёсць міжнароднае пагадненне аб месцах памяці, што такія мемарыялы мусяць захоўвацца. Гэта абуральныя дзеянні беларускіх уладаў. Відавочна, яны гэта робяць, каб знішчыць усю памяць пра тых, хто змагаўся за свабоду. Дарэчы, шмат помнікаў было знішчана тым, хто змагаўся ў паўстанні Каліноўскага. Зразумела, гэтыя помнікі самі людзі рабілі, без дазволу ўладаў, якія не даюць дазволу на такія месцы. А зараз яны дабраліся ўжо і да мемарыялаў загінулых вайскоўцаў Арміі Краёвай, каб людзі не мелі перад сабой прыкладу (барацьбы за свабоду – рэд.), таму што ў Беларусі яны стараюцца запалохаць людзей. Гэта таксама яшчэ адна прыкмета ціску на палякаў на Беларусі. Самазванцу Лукашэнку і яго хеўры не падабаецца, што Польшча падтрымлівае дэмакратычныя сілы на Беларусі.

На знішчэнне магіл жаўнераў Арміі Краёвай адрэагавала таксама Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы. У заяве гаворыцца:

«Заклікаем беларускія ўлады паважаць палажэнні Пагаднення паміж Урадам Рэспублікі Польшча і Урадам Рэспублікі Беларусь аб ахове магіл і мемарыяльных месцаў ахвяраў войнаў і рэпрэсій, а таксама спадзяемся, што будуць прынятыя неадкладныя меры, каб спыніць варварскае знішчэнне польскіх мемарыяльных месцаў.

У сувязі са знішчэннем і апаганьваннем польскіх ваенных пахаванняў і нацыянальных мемарыялаў у Беларусі: у Багданах, Бабровічах, Дындылішках, Іўі, Ашмянах, Ёдкевічах і Мікулішках, Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны нагадвае, што павага да чалавечых парэшткаў з'яўляецца адной з асноваў нашай цывілізацыі.

Таму, найбольшае абурэнне і адначасова агіду выклікаюць зладжаныя дзеянні «невядомых злачынцаў», якія апаганілі ваенныя магілы або зраўнялі іх з зямлёй з выкарыстаннем цяжкай тэхнікі. Святыя зоны, якімі зʼяўляюцца ваенныя магілы або мемарыяльныя месцы, павінны заставацца па-за сферай усялякіх спрэчак», – напісана ў заяве.

Часовы павераны ў справах Польшчы ў Беларусі Марцін Вайцяхоўскі ўсклаў кветкі і запаліў свечкі на месцы знішчанай бульдозерам магілы жаўнераў у вёсцы Мікулішкі Ашмянскага раёну Гродзенскай вобласці.

нг


Зраўнялі з зямлёй магілы жаўнераў Арміі Краёвай у Мікулішках на Ашмяншчыне

05.07.2022 11:36
У канцы чэрвеня Польшча выказвала занепакоенасць частымі выпадкамі апаганьвання магіл польскіх жаўнераў.