Беларуская Служба

Беларусы сталі больш давяраць рэжыму Лукашэнкі

08.07.2022 16:11
Узровень даверу за апошні год вырас на 10%, сцвярджаюць незалежныя даследчыкі з «Беларускага трэкеру перамен».
Аўдыё
  • Эксперты пра рост даверу да Лукашэнкі
 .
Александр Лукашенко.Фото: PAP/EPA/ALEXANDER ASTAFYEV

Галоўнае тлумачэнне эксперты бачаць у вайне ва Украіне, што дазволіла ўладам узняць давер да сябе за кошт нейтральных беларусаў. Не ўсе згодныя з такім бачаннем. Праваабаронцы кажуць, што гэта страх, а не рост даверу.

Група незалежных даследчыкаў заявіла, што з кастрычніка 2021 года да мая 2022-га моцна вырас давер да ўлады ў Беларусі. Тых, хто схільны давяраць уладзе, або заўзятых яе прыхільнікаў аказалася 48% у траўні 2022 года, хоць у кастрычніку 2021 года было 38%, распавёў сацыёлаг Філіп Біканаў.

- Дынаміка тлумачыцца не фактарам страху, мы бачым, што ў 2014-15 гг.. Лукашэнка ўжо меў кансалідаваную падтрымку грамадства. Цяпер грамадства падзеленае. Ёсць група яго прыхільнікаў ды група яго праціўнікаў. Цяперашні рост адбываецца за кошт нейтральных беларусаў. Гэтая перавага вельмі незначная, калі Лукашэнка ўцягне Беларусь у вайну, гэтая падтрымка змалее. Нават тыя, хто за Расію, не хочуць, каб Беларусь далучалася да вайны. Унутранае пасланне Лукашэнкі беларусам цяпер такі, што трэба спыняцца, дамаўляцца, ехаць на трактары, а не на танку.

Праваабаронца Зміцер Салаўёў не верыць у рост даверу да ўлады сярод беларусаў. Ён лічыць, што гэта рост страху беларусаў перад уладай.

- Заявы пра павелічэнне даверу, я лічу хлуснёй. Апытанне праз інтэрнэт не можа даць цалкам дакладных дадзеных. Ніякай падтрымкі дзеянняў уладаў няма, падтрымка не можа расці ў дадзенай сітуацыі. Тым боль, што ў Беларусі улады імкнуцца з усіх сіл зачыніць людзям рот.

У сваю чаргу аналітык Беларускай ініцыятывы Chatham House Рыгор Астапеня, перакананы, што рост даверу да ўлады гэта аб’ектыўная рэч і тлумачыцца яна асаблівасцямі беларускага грамадства: людзі стаміліся ад вайны і крызісу, хочуць стабільнасці ды новай моцнай руку.

- Беларускае грамадства не ведае, што адбываецца з вайной, Лукашэнкам, куды рухаецца Беларусь. Людзі не ведаюць, што будзе далей. Яны малююць чорныя сцэнарыі альбо пазітыўныя расклады. Большасць – нейтральнае грамадства – не можа адказаць на шматлікія пытанні. Цяпер вырасла колькасць людзей, якія больш прыхільна ставяцца да ўлады. Гэта выклікана ростам нейтральнай часткі грамадства. Гэта тыя людзі, якія стаміліся ад санкцый, палітыкі, пра якую кажуць дэмакратычныя сілы. У іх фокус не супадае з дэмакратычнымі сіламі. Гэтыя людзі адколваюцца да тых, хто галасаваў за Ціханоўскую. Пры гэтым, падтрымліваць Лукашэнку гатовая толькі вузкая група людзей, большасць нейтральныя, але яны па сваім характары аўтарытарныя. Яны застаюцца ў сістэме ўладу, залежаць ад рэжыму. Пры гэтым яны хацелі б зыходу Лукашэнкі, каб замест яго прыйшоў Румас ці Бабарыка. Гэтыя людзі шукаюць новага «бацьку». Новага аўтарытарнага лідара краіны.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч