Беларуская Служба

«Сувалкскі калідор» - стратэгічнае месца пад асаблівай увагай НАТА

08.07.2022 17:40
У НАТА ён лічыцца найбольш уразлівым участкам знешніх межаў альянсу і верагоднай цэллю магчымай расійскай агрэсіі.
Аўдыё
  • «Сувалкскі калідор» - стратэгічнае месца пад асаблівай увагай НАТА
Prezydenci Polski i Litwy odwiedzili przesmyk suwalski
Prezydenci Polski i Litwy odwiedzili przesmyk suwalskiMarek Borawski/KPRP

У апошні час часта гаворыцца пра гэта званы «Сувалкскі калідор» у кантэксце бяспекі ў нашым рэгіёне Еўропы, захопніцкай палітыкі Расіі і агрэсіўнай рыторыкі рэжыму Лукашэнкі. На фоне апошніх падзей, у тым ліку актыўнай падтрымкі Кіева Вільнюсам і Варшавай, тэма 100-кіламетровага сухапутнага адрэзку на тэрыторыі Літвы і Польшчы становіцца важным стратэгічным пытаннем. У чацвер «Сувалкскі калідор» наведалі прэзідэнты Анджэй Дуда і Гітанас Наўседа.

«Сувалкскі калідор» (у амерыканскай ваеннай тэрміналогіі «калідор СК» – гіпатэтычны сухапутны «калідор» даўжынёй каля 100 км, які мог бы злучыць тэрыторыю Беларусі з Калінінградскай вобласцю Расіі. Дарэчы, сустракаецца таксама назва «Сувалкскі перашыек» альбо «Сувалкскі пярэсмык». Цяпер па гэтай тэрыторыі праходзіць мяжа Польшчы з Літвой. А названы ён па размешчаным на тэрыторыі калідору польскаму гораду Сувалкі.

Чаму гэты раён такі важны са стратэгічнага пункту гледжання? А таму, што ў НАТА лічыцца найбольш уразлівым участкам знешніх межаў альянсу і верагоднай цэллю магчымай расійскай агрэсіі, бо захоп «Сувалкскага калідору» фактычна адрэзаў бы ад іншых членаў НАТА краіны Балтыі: Эстонію, Латвію і Літву. Паводле пэўных крыніц, некаторыя генералы ў НАТА лічылі пару гадоў таму, што групоўка сіл альянсу зможа стрымліваць агрэсію Расіі па «Сувалкскім перашыйку» ад 36 да 60 гадзін. Пры гэтым варта памятаць, што высокадакладная зброя ЗША ў тэорыі зможа знішчыць асноўныя інфраструктурныя аб'екты Расіі і пазбавіць яе магчымасці да супраціву на працягу 6 гадзін.

У чацвер прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда і яго калега з Літвы Гітанас Наўседа наведалі «Сувалкскі перашыек» – першае месца, якое патэнцыйна можа атакаваць Расія ў выпадку нападу.

Разам з Дудай і Наўседай у Сувалкі прыбылі міністры абароны Польшчы Мар’юш Блашчак і Літвы Арвідас Анушаўскас. Яны, у прыватнасці, наведалі камандны пункт шматнацыянальнай дывізіі «Паўночны Усход», які размешчаны на пярэсмыку.

Міністр нацыянальнай абароны Польшчы Мар’юш Блашчак сказаў, што польска-літоўская мяжа не толькі аб’ядноўвае два народы, але таксама можа быць крыніцай пагроз.

- У сувязі з суседствам Калінінградскай вобласці, якая з’яўляецца, так бы мовіць, суцэльнай вайсковай базай, і Беларусі, якая дэ-факта з’яўляецца часткай расійскай вайсковай акругі, ствараюцца пэўныя рэгіянальныя пагрозы. Нашым адказам на гэтыя пагрозы з’яўляецца актыўнасць польскага і літоўскага войска ды сіл саюзнікаў у рамках Паўночнаатлантычнага пакту.

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда зазначыў, што «Сувалкскі калідор» – гэта стратэгічнае месца для двух краін.

- Гэтае месца аддзяляе Калінінградскую вобласць, эксклаў Расійскай Федэрацыі, ад Беларусі, і не прыходзіцца скрываць, што з-за гэтага яно знаходзіцца пад асаблівай аховай сіл НАТА. Людзі ў нашых краінах, а таксама ў Еўропе і ў свеце могуць задаваць пытанне: ці гэтае месца бяспечнае? І мы, прэзідэнты двух краін, прыехалі сюды, каб паказаць, што яно бяспечнае.

У сваю чаргу літоўскі прэзідэнт Гітанас Наўседа звярнуў увагу на тое, што Літва і Польшчы праводзяць агульную палітыку ў многіх сферах, не толькі ў галіне абароны і бяспекі.

- Мы разам маем агульную пазіцыю па сітуацыі ў нашым рэгіёне Еўропы, і агульную пазіцыю, датычную таго, як дапамагаць Украіне. Нашае супрацоўніцтва адбываецца паспяхова, канструктыўна і плённа, і я не сумняюся, што гэтаксама будзе ў будучыні.

Анджэй Дуда зазначыў, што ў непасрэднай аператыўнай бліскасці «Сувалкскага калідору» цяпер знаходзіцца каля 40 тыс. войск НАТА. Неўзабаве ў сувязі з захопніцкай палітыкай Расіі і агрэсіўнай рыторыкай Беларусі колькасць сіл павялічыцца да 300 тыс. салдат і афіцэраў пакту.


«Сувалкскі калідор» «Сувалкскі калідор»

Асноўнымі сіламі натаўскай дывізіі «Паўночны Усход» з’яўляецца польская 15-я Гіжыцкая матарызаваная брыгада і літоўская пяхотная матарызаваная брыгада «Жалезны воўк», а таксама амерыканскія часткі, якія дыслакуюцца ў Польшчы.

У канцы чэрвеня на саміце НАТА ў Мадрыдзе лідары членскіх краін прынялі новую стратэгічную канцэпцыю. У ёй зазначаецца, што Расія з’яўляецца найбольшай і непасрэднай пагрозай для бяспекі саюзнікаў, а таксама для міру і стабільнасці ў еўраатлантычнай прасторы. Больш за тое, агрэсіўная палітыка Расіі прымусіла дагэтуль нейтральныя Швецыю і Фінляндыю падаць заяўкі на ўступленне ў НАТА. Просьба скандынаўскіх краін была разгледжаная пазітыўна.

вс

слухайце аўдыёфайл