«У ваенным плане нашае супрацоўніцтва ніколі не было настолькі цесным. Вельмі важна, каб палякі разумелі, што ў нас тут высокая і шматузроўневая баявая гатоўнасць, якая сапраўды зʼяўляецца забеспячэннем на ўсіх кірунках», – пераконвае ў размове з выданнем «Gazeta Polska» амбасадар ЗША ў Польшчы Марк Бжазінскі.
«Мы імкнемся да ўзмацнення ратацыйных сілаў, якія служаць на тэрыторыі Польшчы», – падкрэсліў амбасадар, адказваючы на пытанне аб пастаянным камандаванні V армейскага корпуса ЗША, якое будзе размешчанае ў Польшчы.
«Мы гатовыя на любы выпадак і ўважліва сочым не толькі за тым, што робіць Пуцін, але і за тым, да чаго ён рыхтуецца», – сказаў амбасадар ЗША ў Польшчы. На яго думку, ЗША валодаюць «дастаткова глыбокімі і далёка ідучымі ведамі аб тым, што гэты чалавек робіць, і ў якім кірунку ўсё гэта ідзе».
«Тут мы перакананыя, што Польшча бяспечная», – падкрэсліў Бжазінскі. Ён нагадаў, што раней Польшча і ЗША супрацоўнічалі ў Іраку, а таксама ў Косаве, ці ў Афганістане, але гэта былі тэрыторыі трэціх краін і іншая сітуацыя. Аднак дзякуючы гэтаму супрацоўніцтву адбываецца дапасаванне дзеянняў абедзвюх армій, «і гэта адбіваецца на шматузроўневым і грунтоўным умацаваньні нашай боегатоўнасці».
Амбасадар Марк Бжазінскі нагадаў у размове з выданнем «Gazeta Polska», што камандаванне V армейскага корпуса ЗША, якое будзе знаходзіцца ў Польшчы на пастаяннай аснове, таксама будзе развіваць пашыранае ўзаемадзеянне ў рамках абʼяднанай сістэмы камандавання і кіравання. Гэта, паводле дыпламата, вельмі важна, каб узброеныя сілы Польшчы і ЗША, «разумелі і ўзаемна ўсведамлялі свае дзеянні».
аз