Беларуская Служба

Лідары Польшчы і Літвы абмяркоўваюць сітуацыю ва Украіне і Беларусі

25.07.2022 15:45
На ўзбярэжжы Балтыкі праходзяць кансультацыі прэзідэнтаў Польшчы і Літвы.
Аўдыё
  • Лідары Польшчы і Літвы абмяркоўваюць сітуацыю ва Украіне і Беларусі
Прэзідэнты Літвы і Польшчы Гітанас Наўседа і Анджэй ДудаPAP/Jakub Szymczuk/KPRP

Пачаліся двухдзённыя перамовы прэзідэнтаў Польшчы і Літвы. Анджэй Дуда і Гітанас Наўседа сустрэліся на польскім узбярэжжы, каб абмеркаваць, між іншым, сітуацыю ва Украіне і Беларусі.

Прэзідэнты Польшчы і Літвы Анджэй Дуда і Гітанас Наўседа, якія сустрэліся на Хельскай касе, размаўляюць у фармаце «сам на сам». Кансультацыі не маюць раней вызначанага графіка. Лідары таксама адмовіліся ад афіцыйных прывітанняў, фотасесій і прэс-канферэнцый для журналістаў.

Кансультацыі былі запланаваныя больш за дзесяць дзён таму падчас візіту лідараў у рэгіёне Сувальскага перашыйка, то бок месца сутыкнення межаў трох дзяржаваў Польшчы, Літвы і Беларусі, ад якога з тэрыторыі Беларусі застаецца каля 100 кіламетраў да мяжы Калінінградскай вобласці.

- Нашае супрацоўніцтва мае эфектыўны, канкрэтны і канструктыўны характар. Я не сумняюся, што такім чынам застанецца і ў будучыні.

- заявіў тады літоўскі прэзідэнт Гітанас Наўседа.

Палітыкі змогуць свабодна абмяркоўваць найважнейшыя справы, пераконвае кіраўнік Бюро міжнароднай палітыкі Якуб Кумах(Jakub Kumoch):

-Менавіта таму служыць фармат «сам на сам», каб можна было сабе спакойна паясніць розныя справы. Тут не трэба прытрымлівацца парадку дня, што зараз размовы саміх прэзідэнтаў, а цяпер размовы дэлегацый… Такім чынам ёсць дастаткова часу закрануць розныя тэмы. У такім рэжыме розныя тэмы можна абмеркаваць больш падрабязна.

Якуб Кумах дадае, што прэзідэнт Анджэй Дуда раней выкарыстоўваў такі фармат перамоваў, размаўляючы з ключавымі партнёрамі ў рэгіёне:

- Напрыклад, у Вісле ў студзені бягучага года, пабываў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Сустрэча адбывалася ў такім жа фармаце. Свабодныя размовы, без канкрэтнага графіка і парадку дня. Гэтая размова са студзеня аказалася падмуркам польска-ўкраінскай супрацы падчас вайны, паколькі пэўныя справы былі абмеркаваныя раней.

Анджэй Дуда і Гітанас Наўседа размаўляюць на Хельскай касе таксама пра энергетычную палітыку абедзвюх краін і пра далейшыя санкцыі Еўрасаюза супраць Расіі. Якуб Кумах падкрэслівае, што цяпер у Польшчы і Літвы гістарычна добрыя адносіны:

- Палякі і літоўцы выразна наблізіліся ў адносінах і гэта адбылося яшчэ да вайны ва Украіне. Гаворка ідзе нават пра «часы Дуды і Наўседы», якія дазволілі пераадолець прадузятасці і непатрэбныя спрэчкі. Такім сімвалам з’яўляецца падпісанне прэзідэнтам Літвы закона аб правапісе польскіх прозвішчаў у Літве.

Дарадца прэзідэнта Анджэя Дуды Павел Муха (Paweł Mucha) заявіў, што на сустрэчы будуць абмяркоўвацца пытанні супрацоўніцтва на многіх узроўнях:

- Кансультацыі, якія пройдуць сёння і заўтра, тычацца, перш за ўсё, пагрозаў, звязаных з вайной ва Украіне, энергетычнай бяспекі, у якой нас аб’ядноўваюць супольныя інтарэсы і дзеянні. Гэта таксама іншыя палітычныя пытанні, якія зараз стаяць перад краінамі Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.

Дарэчы пытанне бяспекі будзе для прэзідэнтаў адной з важнейшых тэмаў, кажа Павел Муха:

- Элементам згаданай бяспекі з’яўляецца мілітарная бяспека, а таксама энергетычная бяспека. Тут Польшча і Літва маюць супольныя інвестыцыі.

У сваю чаргу віцэ-міністар польскага МЗС дадаў, што лідары будуць гаварыць таксама пра тое, як супрацьстаяць расійскім агентам ва ўнутранай палітыцы.

Павел Яблоньскі (Paweł Jabłoński) падкрэсліў, што літоўскія палітыкі, нягледзячы на розныя спрэчкі, здолелі знайсці базавы патрыятычны мінімум, які аб’ядноўвае пераважную большасць палітычных сілаў:

- Прэзідэнты Дуда і Наўседа будуць размаўляць таксама пра свой досвед і тое, як супрацьстаяць гэтым адмоўным з’явам. Мы павінны ўсведамляць, што часта гэта не толькі нацыянальныя палітычныя інтарэсы, але за імі таксама стаяць замежныя сілы, асабліва Расійскай Федэрацыі, агенты якой вельмі інтэнсіўна дзейнічаюць і ў Польшчы і ў Літве, а думаю, што яшчэ больш інтэнсіўна ў Заходняй Еўропе.

За апошні год прэзідэнты Польшчы і Літвы сустракаліся ўжо некалькі разоў, нагадаў Якуб Кумах:

- Падчас амаль кожнай сустрэчы прэзідэнтаў Польшчы і Літвы закранаецца тэма Украіны. Абодва яны падтрымліваюць Украіну ад самага пачатку расійскай вайны. Абодва двойчы разам накіроўваліся ў Кіеў: за дзень да нападу Расіі на Украіну – 23 лютага 2022 года і 13 красавіка разам з прэзідэнтамі Эстоніі і Латвіі, дарэчы, як першыя прэзідэнты з пачатку вайны ва Украіне. Раней яны таксама актыўна падтрымлівалі Украіну перад абліччам магчымай расійскай агрэсіі.

Як адзначаецца ў прэс-рэлізе, Польшча і Літва з'яўляюцца аднымі з найбліжэйшых партнёраў у пытаннях рэгіянальнага супрацоўніцтва і бяспекі. Польшча і Літва таксама супрацоўнічаюць у рамках групы «B3+Польшча», у якую, акрамя Польшчы, уваходзяць тры краіны Балтыі: Літва, Латвія і Эстонія.

IAR/аз

Пачаліся двухдзённыя кансультацыі прэзідэнтаў Польшчы і Літвы

25.07.2022 07:15
Анджэй Дуда і Гітанас Наўседа будуць размаўляць пра сітуацыю ў рэгіёне.