Беларуская Служба

Папа Францішак прынёс прабачэнні за злачынствы супраць карэннага насельніцтва Канады. «Я тут, каб плакаць з вамі»

26.07.2022 15:30
«Я пакорліва прашу прабачэння за крыўды, учыненыя вялікай колькасцю хрысціян супраць карэнных народаў», – сказаў Папа Францішак падчас візіту ў Канаду.
Papież Franciszek z wizytą w Kanadzie
Papież Franciszek z wizytą w KanadzieFoto: Denette Nathan/CP/ABACA/PAP

Папа Францішак падчас візіту ў Канаду папрасіў прабачэння за ўдзел прадстаўнікоў Касцёла ў «праектах знішчэння культуры і гвалтоўнай асіміляцыі» карэнных народаў. Папа выступіў з прамовай перад лідарамі карэннага насельніцтва, якія прыбылі з усёй Канады. Прысутнічалі генерал-губернатар Канады Мэры Сайман і прэм'ер-міністр Джасцін Трудо, піша newsweek.pl.

Папа пачаў сваю прамову са слоў: «Я чакаў, каб прыйсці да вас. Менавіта адсюль, з гэтага месца з такім сумным сэнсам, я жадаю распачаць тое, што маю ў сваім сэрцы: пакаянную пілігрымку».

«Я прыязджаю на вашу радзіму, каб асабіста сказаць вам, што я засмучаны, каб прасіць у Бога прабачэння, аздараўлення і прымірэння, каб паказаць вам сваю блізкасць, каб памаліцца з вамі і за вас», – сказаў Францішак.

Папа нагадаў пра візіт дэлегацыі карэнных народаў у Ватыкан гэтай вясной: «Тады мне падарылі дзве пары макасінаў на знак пакут, якія перанеслі дзеці карэннага насельніцтва, асабліва тыя, якія, на жаль, не вярнуліся дадому са школ-інтэрнатаў».

Такім чынам Папа спаслаўся на галоўную мэту сваёй пілігрымкі: прымірэнне і гаенне ран, звязаных з крыўдамі і злоўжываннямі, якія цярпелі дзеці ў абавязковых школах, дзе былі зняволеныя дзеці карэннага насельніцтва Канады.

З ХІХ стагоддзя гэтыя ўстановы кіраваліся ад імя ўрада хрысціянскімі Цэрквамі, у тым ліку Каталіцкай Царквой. У перапоўненых, малабюджэтных школах адбываліся розныя злоўжыванні. Дзяцей часта пазбаўлялі медыцынскай дапамогі, прымушалі працаваць і адмаўляцца ад сваіх каранёў, сексуальна дамагаліся і катавалі электрычным токам. Нядаўна парэшткі дзяцей былі знойдзеныя на тэрыторыі былой школы Св. Язэпа ў Брытанскай Калумбіі. Даследчыкі кажуць, што яны знайшлі сляды 93 магіл, але пакуль дакладна не ведаюць, колькі цел можа быць у іх. Магілы былі знойдзены ў 300 км ад Камлупса, Брытанская Калумбія, дзе ў траўні мінулага года даследчыкі выявілі астанкі 215 дзяцей, былых наавучэнцаў і выхаванцаў устаноў, якімі кіруюць прадстаўнікі Касцёла.

Падчас свайго візіту ў Канаду Францішак патлумачыў: «Мяне папрасілі вярнуць гэтыя макасіны падчас візіту ў Канаду. Гэтым жэстам я скончу свае словы, у якіх хацеў бы звярнуцца да гэтага сімвала, які ў апошнія месяцы зноў абудзіў у ва мне шкадаванне, абурэнне і сорам. І працягнуў: «Памяць пра гэтых дзяцей пакутлівая і патрабуе дзеянняў, каб да кожнага дзіцяці ставіліся з любоўю, пашанай і павагай».

Францішак казаў пра неабходнасць сумеснага руху наперад, супольнай малітвы і дзеянняў, каб «пакуты мінулага саступілі месца будучыні, якая будзе напоўнена справядлівасцю, аздараўленнем і прымірэннем». «Па гэтай прычыне першы этап маёй пілігрымкі сярод вас праходзіць у гэтым рэгіёне, дзе са спрадвечных часоў жывуць карэнныя народы», – падкрэсліў ён. Папа таксама сказаў, што карэнныя народы жылі на гэтай зямлі на працягу тысячагоддзяў, «ведучы лад жыцця, які шанаваў саму зямлю, атрыманую ў спадчыну ад папярэдніх пакаленняў і захаваную для будучых пакаленняў».

«Ушанаванне – гэта правільна, бо забыццё вядзе да абыякавасці, і, як сказана, «супрацьлегласць любові – не нянавісць», а абыякавасць; супрацьлегласць жыцця – не смерць, а абыякавасць да жыцця або смерці», – падкрэсліў Папа, цытуючы словы вязня Асвенціму Элі Візэля.

Папа Францішак адзначыў: «Хоць прысутнічала хрысціянская міласэрнасць і было шмат узорных прыкладаў самаахвярнасці дзеля дзяцей, агульныя наступствы палітыкі інтэрнатаў былі катастрафічнымі. Хрысціянская вера кажа нам, што гэта была разбуральная памылка, несумяшчальная з Евангеллем. Ісуса Хрыста». Папа нагадаў словы св. Яна Паўла ІІ з 1998 г.: «Перад абліччам гэтага абуральнага зла Касцёл кленчыць перад Богам і просіць прабачэння за грахі сваіх дзяцей».

«Я таксама ўсведамляю, што, азіраючыся назад, ніколі не будзе дастаткова таго, каб папрасіць прабачэння і паспрабаваць загладзіць віну, і што, гледзячы ў будучыню, ніколі не будзе дастаткова таго, што робіцца для стварэння культуры, здольнай не толькі засцерагаючы ад паўтарэння такіх сітуацый, але і не дапусціць магчымасці іх утойвання і працягу», – заявіў ён.

«Я тут, каб успомніць мінулае, каб плакаць з вамі, моўчкі глядзець у зямлю, маліцца ля магілаў. Няхай маўчанне дапаможа ўсім нам засвоіць пакуты». Як паведамляе PAP, слухачы апладысментамі сустрэлі словы прабачэнняў Папы Францішка.

вх