Беларуская Служба

Узрастае напружанасць паміж Косавам і Сербіяй

01.08.2022 12:42
Этнічныя сербы, якія жывуць на поўначы Косава, на працягу 60 дзён абавязаны замяніць сербскія аўтамабільныя нумары на косаўскія.
Widok na Prisztinę, stolicę Kosowa
Widok na Prisztinę, stolicę KosowaMartyn Jandula / Shutterstock.com

Што адбываецца – тлумачыць niezalezna.pl

З-за напружанасці на мяжы паміж Косавам і Сербіяй урад у Прышціне адклаў на месяц выкананне свайго плана, згодна з якім этнічныя сербы, якія жывуць на поўначы Косава, на працягу 60 дзён абавязаны замяніць сербскія аўтамабільныя нумары на косаўскія. Кіраўнік дыпламатыі ЕС Жазэп Барэль вітаў гэтае рашэнне.

У нядзелю ўвечары сербы перакрылі грузавікамі і іншай цяжкай тэхнікай пад'язныя дарогі да двух пераходаў на мяжы з Сербіяй – Ярыніе і Берняк. Паводле косаўскай паліцыі, яны таксама ўзводзілі барыкады і стралялі па сілавіках. «На шчасце, ніхто не пацярпеў», – гаворыцца ў прэс-рэлізе паліцыі. Аднак абодва пераходы закрылі.

- Агульная сітуацыя з бяспекай у паўночных муніцыпалітэтах Косава напружаная, – гаворыцца ў заяве камандавання міратворчай місіі KFOR пад кіраўніцтвам НАТА ў Косаве.

Пасля сербскіх пратэстаў і кансультацый з амбасадарамі ЕС і ЗША ўлады ў Прышціне абвясцілі ў нядзелю ўвечары, што адкладуць свой план на месяц і пачнуць яго рэалізоўваць 1 верасня. Паводле ранейшага плану косаўскіх уладаў, з 1 жніўня ў сербаў было два месяцы, каб замяніць нумары і дакументы машын. Урад таксама пастанавіў, што з гэтай даты ўсе сербскія грамадзяне, якія наведваюць Косава, павінны будуць атрымліваць дадатковы дакумент на мяжы, якідазволіць ім уезд.

Сербія, якая страціла кантроль над Косава пасля кампаніі НАТА ў 1999 годзе, адмаўляецца прызнаваць незалежнасць сваёй былой правінцыі і адмаўляецца выкарыстоўваць косаўскія нумары на сваёй тэрыторыі з 2008 года, гэта значыць з моманту абвяшчэння незалежнасці. Напружанасць паміж дзвюма краінамі цяпер самая высокая за апошнія гады. Сербія і Косава пачалі дыялог пад эгідай Еўрасаюза ў 2013 годзе, але дагэтуль не было дасягнута істотнага пагаднення.

Кіраўнік дыпламатыі ЕС падкрэсліў у Twitter, што «адкрытыя пытанні павінны вырашацца праз дыялог пры падтрымцы Еўрасаюза і засяроджвацца на ўсебаковай нармалізацыі стасункаў паміж Косавам і Сербіяй».

яс