Беларуская Служба

Палітвязні да апазіцыі: не паўтараць механізмы дыктатуры

09.08.2022 13:41
Беларускія дэмакратычныя сілы шукаюць адказаў на пытанне, што рабіць далей, як змяніць сітуацыю ў краіне. Свае пасланне перадалі лідарам мясцовыя актывісты ды палітзняволеныя.
Аўдыё
  • Зварот палітвязняў на лідараў беларускай апазіцыі
Ілюстрацыйны здымакScreenshot Youtube

Беларусь два гады жыве ва ўмовах тыраніі ды масавых рэпрэсій. Гэта рэакцыя ўзурпатара Лукашэнкі ды яго карнікаў на мірныя пратэсты 2020 года, калі беларусы не пагадзіліся з фальсіфікацыяй выбараў і дамагаліся перамен мірным шляхам. Два гады пасля тых падзей, беларускія дэмакратычныя сілы шукаюць адказаў на пытанне, што рабіць далей, як змяніць сітуацыю ў краіне. Свае пасланне перадалі лідарам мясцовыя актывісты ды палітзняволеныя.

8-9 жніўня ў Вільні праходзіць Канферэнцыя Новая Беларусь, мэта якой «спыніць спрэчкі i працаваць разам». У канферэнцыі бяруць удзел прадстаўнікі беларускіх палітычных партый, грамадскіх ініцыятыў, медыя, дыяспара. Адным з моцных сігналаў, які агучылі прадстаўнікі грамадскіх ініцыятыў, палітычныя зняволеныя да лідараў беларускіх дэмакратычных сіл, датычыў таго, што ад лідараў чакаюць аб’яднання намаганняў ды высілкаў па ліквідацыі дыктатуры ў Беларусі, вызваленні людзей з турмаў ды спыненні палітычных рэпрэсій.

Актывістка праекту «Страна для жизни», выбарчага штабу Святланы Ціханоўскай Вольга Паўлава перадала пасланне ад актывістаў ды палітвязняў з Беларусі, каб апазіцыя не паўтарала механізм дыктатуры, а будавала адзіны шырокі рух.

- Перад тым, як прыехаць сюды,  размаўляла з людзьмі ў Беларусі, з мясцовымі актывістамі, былымі палітвязнямі. З вялікай колькасцю людзей.  Я пыталася, што ад іх перадаць. Палітвязні казалі, каб не будаваць дыктатуры. Яны тады не разумеюць дзеля чаго іх ахвяра. Актывісты казалі, што павінна быць пабудавана гарызантальная структура з рознымі напрамкамі. Сёння рэжым сацыяльныя повязі выпаліў. Так у нас было падчас збору подпісаў. Ад сябе я хацела сказаць, што чаму мы не вызваляем Беларусь, якая як кажуць пад акупацыяй, як гэта робяць украінцы!

Былы палітвязень, валанцёр Офісу Святланы Ціханоўскай Аляксандр Дабрыянік зазначыў, што  яму як простаму чалавеку вельмі хацелася, каб дэмакратычныя ініцыятывы не сварыліся, бо гэта вельмі моцна б’е па людзях у Беларусі.

- Я ў змаганні з Лукашэнкам больш за два гады, апошнім часам займаўся самвыдатам на Беларусі. Я не аналітык, не палітык, а прост чалавек. Нашым ініцыятывам хацеў бы сказаць – не сварыцеся. Гэта ж чую ад людзей з Беларусі, якія просяць перадаць, што ад апазіцыі чакаюць адзінства. Сваркі заганяюць тых, хто жыве пад рэжымам у стан дэпрэсіі.

Грамадскі актывіст, муж палітзняволенай Алег Мяцеліца зазначыў, што гэтыя два апошнія гады вельмі важныя, бо паказалі важнасць супраціву тыраніі. Жудасна тое, што нягледзячы на тысячы гераічных учынкаў, дыктатура пакуль захавалася. Актывіст заклікаў не здавацца.

- Я пачынаў свой грамадскі шлях у 1996-м годзе, а ў 1997 ужо атрымаў тры гады хіміі. Цяпер жа я муж палітзняволенай, а наш сын сустракае чарговы дзень народзінаў без маці. Але нацыя будуецца ў цяжкія часы. У 2020 я моцна хацеў перамен, але лічу два апошнія гады вельмі важнымі. Нягледзячы на ўсе шматлікія ахвяры. Я маю маральнае права так казаць, бо мая жонка – Алеся Буйневіч – за кратамі.  Гэта не адна такая гісторыя, такіх прыкладаў – тысячы. Гэта страшна. Але нельга апускаць рукі. Для развіцця краіны – гэта вельмі важныя два гады.

У адказ беларускія дэмакратычныя сілы прынялі дэкларацыю аб мэтах і каштоўнасцях, у якой вызначаюцца асноўныя агульныя мэты: Вызваленне Беларусі ад прысутнасці на яе тэрыторыі войск замежнай дзяржавы – Расійскай Федэрацыі і ўвядзенне забароны на прысутнасць замежных войск на тэрыторыі краіны; захаванне рэальнага суверэнітэту; правядзенне ў краіне дэмакратычных выбараў, забеспячэнне змяняльнасці ўлады і яе падсправаздачнасці народу, забеспячэнне роўнасці ўсіх грамадзян перад законам.

Юры Ліхтаровіч