Паўгода таму пачалася поўнамаштабная вайна Расіі супраць Украіны. Нягледзячы на перавагу сілаў праціўніка, украінцы з 24 лютага абараняюць сваю незалежнасць ад расійскіх захопнікаў. Бежанцы з ахопленай вайной Украіны атрымалі ў Польшчы беспрэцэдэнтную дапамогу.
Ужо праз некалькі гадзін пасля распачацця расійскай агрэсіі супраць Украіны, Польшча заклікала свет увесці санкцыі супраць Расіі. Пазней яна падтрымлівала чарговыя пакеты абмежаванняў ЕС і ўводзіла ўласныя на нацыянальным узроўні. Да гэтага часу палякі несупынна перадаюць Украіне дапамогу, як гуманітарную, так і вайсковую, а на міжнароднай арэне з’яўляюцца аднымі з найбольш заўзятых абаронцаў інтарэсаў Украіны.
Польшча ўваходзіць у тройку краінаў – пасля ЗША і Вялікабрытаніі – якія перадаюць Украіне найбольш ваеннай тэхнікі. Намеснік міністра нацыянальнай абароны Польшчы Войцех Скуркевіч(Wojciech Skurkiewicz) нагадаў, што кошт гэтай дапамогі ацэньваецца міністэрствам у 700 мільёнаў долараў:
- Мы перадаем украінцам гэтак званую постсавецкую тэхніку, але таксама сучасную, напрыклад, гаўбіцы «Krab» і ПЗРК «Piorun», якія лічацца вельмі эфектыўнымі на ўкраінскім фронце.
З 24 лютага мяжу паміж Украінай і Польшчай перасеклі больш за пяць мільёнаў украінскіх бежанцаў. Дзейнасць польскай дзяржавы па дапамозе ўкраінцам, якія ўцякаюць ад вайны, уключае доступ да легальнай працы. Да гэтага часу больш за 420 тысяч украінскіх грамадзян, пераважна жанчын, знайшлі легальную працу ў Польшчы, адзначыла міністр па справах сям'і і сацыяльнай палітыкі Марлена Малёнг (Marlena Maląg):
- Дадзеныя, якія паступаюць ва Упраўленне сацыяльнага страхавання сведчаць пра тое, што працадаўцы заключаюць з украінцамі дамовы аб працы паводле ўмоваў, якія дзейнічаюць у Польшчы. Ад іх паступаюць таксама страхавыя ўзносы.
Украінскія бежанцы ў Польшчы карыстаюцца такой жа сацыяльнай дапамогай, як і польскія грамадзяне. У тым ліку яны могуць карыстацца сацыяльнай праграмай «Сям’я 500 плюс».
Сістэмная дапамога рэгулюецца спецыяльным законам, падпісаным прэзідэнтам Польшчы ў ліпені.
Украінцы ў Польшчы могуць таксама атрымаць асабісты ідэнтыфікацыйны нумар, гэтак званы PESEL, нагадаў кіраўнік польскага МУС Марыюш Каміньскі (Mariusz Kamiński):
- Гэта дзеля таго, каб яны маглі заснаваць у Польшчы гаспадарчую дзейнасць і карыстацца рознымі ільготамі.
Нагадваем, зараз у Польшчы знаходзіцца 1 мільён 300 тысяч уцекачоў з Украіны. Ад пачатку вайны польскія памежныя кантралёры аформілі агулам 5 мільёнаў 700 тысяч украінцаў. За паўгода ва Украіну вярнуліся 3 мільёны 860 тысяч чалавек.
У рамках дапамогі грамадзянам Украіны Міністэрства адукацыі і навукі Польшчы спрасціла правілы прыёму ўкраінскіх дзяцей у школы і арганізавала курсы польскай мовы для настаўнікаў з Украіны. Напрыканцы чэрвеня ў польскіх школах было каля 180 тысяч дзяцей-бежанцаў з Украіны, нагадаў намеснік міністра адукацыі Дарыюш Піянткоўскі (Dariusz Piontkowski):
- Рашучая большасць з іх – у базавых школах. Больш за 40 тысяч – у дзіцячых садках. Некалькі тысяч – у сярэдніх і прафесійных школах.
Вучні з Украіны маглі здаваць у Польшчы экзамен для выпускнікоў базавай школы і экзамен на атэстат сталасці. У школах яны маглі таксама карыстацца псіхалагічнай дапамогай.
Зараз на лячэнні ў польскіх шпіталях знаходзіцца больш за тысячу бежанцаў з Украіны. На пачатку вайны іх колькасць перавышала дзве тысячы ў дзень. Прадстаўнік Нацыянальнага фонду аховы здароўя Анджэй Трашыньскі (Andrzej Troszyński) адзначыў, што грамадзяне Украіны могуць карыстацца медыцынскай апекай, у тым ліку вакцынацыяй у Польшчы на тых жа ўмовах, што і палякі:
- Сярод шпіталізаваных украінцаў найбольш людзей з анкалагічнымі, кардыялагічнымі захворваннямі і цяжарных жанчын. Зараз найбольш украінскіх пацыентаў знаходзіцца ў шпіталях Мазавецкага, Сілезскага і Малапольскага ваяводстваў.
Польшча засяродзілася таксама на дапамозе ў экспарце сельскагаспадарчай і харчовай прадукцыі з Украіны, якую ў значнай ступені заблакавала Расія, кажа міністр сельскай гаспадаркі Польшчы Генрык Кавальчык (Henryk Kowalczyk):
- Нашая супраца засяроджваецца на павышэнні эфектыўнасці перавозак харчовых тавараў праз мяжу. У асноўным гаворка ідзе пра збожжа і іншыя харчовыя тавары.
Са студзеня па ліпень з Украіны ў Польшчу быў дастаўлены мільёна тон збожжа.
Кіраўнік Канцылярыі прэм’ера Міхал Дворчык (Michał Dworczyk) заявіў, што акрамя ваеннай дапамогі, польскае грамадства перадало Украіне дапамогу агульным коштам у 10 мільярдаў злотых (больш за 2 мільярды еўра):
- Гаворка ідзе пра дапамогу патрабуючым. Гэта прадукты харчавання, сродкі гігіены…Гэта асабліва важнае для больш за 6 мільёнаў унутраных бежанцаў ва Украіне. Гэта асобы, якія былі прымушаныя ўцякаць з Луганска, Данецка...
Ад пачатку вайны Польшча дапамагае ахоўваць украінскія помнікі. З гэтай мэтай быў створаны Цэнтр дапамогі ўкраінскай культуры. Палякі таксама дапамагаюць у дакументаванні расійскіх злачынстваў ва Украіне. Між іншым, з гэтай мэтай Інстытут Пілецкага стварыў Цэнтр Лемкіна.
Беспрэцэдэнтны памер дапамогі не толькі польскай дзяржавы, але перш за ўсё польскага грамадства, якое адкрыла свае дамы для ваенных бежанцаў з Украіны, ставіцца, як прыклад па ўсім свеце. Узніклі нават прапановы, каб за дапамогу Украіне і ўкраінцам вылучыць Польшчу на Нобелеўскую прэміі міру. З такой ідэяй выступіла, між іншым, былая амбасадарка ЗША ў Польшчы Джорджэт Масбахер.
IAR/аз