Беларуская Служба

Амбасадар Артур Міхальскі: Беларусы сваёй крывёй даказалі, што яны хочуць быць вольнымі

26.09.2022 15:54
У Варшаве на пляцоўцы Беларускага моладзевага хабу адбыліся дыскусіі ў межах Мінскага форуму.
Аўдыё
  • У Варшаве ў межах Мінскага форуму абмяркоўвалі міграцыйныя працэсы, змены геапалітычнага парадку і будучыню Усходняй Еўропы пасля поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну.
          400   .
Агулам за апошнія два гады Польшча выдала беларусам больш за 400 тысяч розных візаў.Фота: screenshot

Абмяркоўвалі міграцыйныя працэсы, змены геапалітычнага парадку і будучыню Усходняй Еўропы пасля поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну.

Амбасадар Польшчы ў Беларусі Артур Міхальскі распавёў, што са жніўня 2020 года, калі пачаліся пратэсты і наступныя за імі рэпрэсіі, Польшча імкнулася быць адкрытай да беларусаў. Ёсць разуменне, што беларусы – суседзі, блізкія суседзі, у краін агульная гісторыя, у якой шмат агульных падзей, агульных ворагаў. І ёсць разуменне што і чаму адбываецца, таму Польшча адкрыла межы для беларусаў.

Агулам за апошнія два гады Польшча выдала беларусам больш за 400 тысяч розных візаў, пры тым што раней у консульствах і пасольстве ў Беларусі працавала больш людзей, але на патрабаванне афіцыйнага Мінска колькасць супрацоўнікаў была зменшаная, амбасадар выехаў у Польшчу.

Артур Міхальскі падкрэсліў, што палітычная воля польскіх уладаў не змянілася, яны працуюць з уладамі ЕС, каб беларусы мелі вольны доступ да візаў, бо рускія і беларусы – не адна нацыя. Па словах Міхальскага, «беларусы сваёй крывёй даказалі, што яны хочуць быць вольнымі».

Абмяркоўваючы праблемы, якія паўстаюць перад уцекачамі, амбасадар сказаў, што ведае пра выпадкі канфліктаў палякаў з беларусамі, але не лічыць, што гэта тэндэнцыя.

Павел Латушка, прадстаўнік Аб'яднанага Кабінету заявіў, што Захад мусіць пазбавіць Расію яе хаўрусніка, што паўплывае і на ход вайны ва Украіне.

«Пазбавіўшы Крэмль яго адзінага саюзніка – Лукашэнкі, мы можам змяніць ход вайны. Я перакананы, што свет усё яшчэ можа зрабіць Лукашэнку прапанову, ад якой ён не зможа адмовіцца. Але прапанову з пазіцыі сілы, ультыматум. Што гэта значыць? Гэта значыць паставіць яго перад пагрозай татальных санкцый, поўнага эмбарга, поўнага адключэння ўсёй фінансавай сістэмы ў выпадку, калі ён працягне суўдзел у вайне супраць Украіны. Паставіць пытанне аб крымінальнай адказнасці яго персанальна і яго паплечнікаў, калі ён не выканае патрабаванняў. Гэта значыць афіцыйнае міжнароднае прызнанне абʼяднанага пераходнага кабінету Беларусі і падтрымка яго патрабаванняў аб безумоўным вывадзе расійскіх войскаў з нашай краіны. Я ведаю, што дыпламаты пачнуць са мной дыскусію аб прызнанні ці непрызнанні ўрада ў эміграцыі, але час прымаць рашэнні. Гэта значыць, што Лукашэнка павінен перадаць уладу народу Беларусі і пераходнаму ўраду, які не дапусціць новага ўводу расійскіх войскаў у Беларусь і дэнансуе ўсе ваенна-палітычныя саюзы з Расіяй. Толькі пасля поўнай дэакупацыі Беларусі магчыма будзе казаць пра новую Беларусь».

Ганна Маціеўская, прадстаўніца жаночай грамадзянскай ініцыятывы «Партызанкі», агучыла крытычныя меркаванні наконт міграцыйнай палітыкі Польшчы.

Ганна гаворыць, што патрэбная сістэмная дапамога людзям, якія прыязджаюць у Польшчу пасля зняволення ў Беларусі, а таксама праграма сацыяльнай адаптацыі дзяцей – каб у школах дзеці разумелі кантэкст, што калі бацькі вязні, то яны не крымінальнікі.

«Нам трэба сістэмная праца тут, каб стварыць бяспечныя ўмовы тым, хто адседзеў там і ўбачыў пекла».

У сваю чаргу амбасадар Артур Міхальскі параіў у пытанні захавання ідэнтычнасці і мовы паглядзець на досвед Польшчы, якая ў перыяд Польскай народнай рэспублікі зрабіла стаўку ў працы праз малыя супольнасці. Гэта адбывалася часцей за ўсё праз касцельныя парафіі.

Аляксей Лявончык, стваральнік дабрачыннага фонду #BY_help сказаў, што, паводле яго меркавання, Польшча справіцца з плынню мігрантаў, бо яе эканоміка ўвесь час расце і патрэбная працоўная сіла.

«У Польшчы працы было дастаткова заўсёды, бо гэта дынамічная эканоміка, якой патрэбныя рабочыя рукі. З эканамічнага погляду, усе хвалі міграцыі з Украіны і Беларусі былі пазітыўнымі. Тут даволі ліберальная міграцыйная палітыка. Не думаю, што ўкраінскія і беларускія мігранты пойдуць зараз біць беларусаў, не. Тут заўсёды патрэбныя рабочыя рукі.

Польшчы прыняла асноўную масу ўцекачоў, праз пэўны час гэта зменіць эканоміку. Якой будзе гэтая змена? Хутчэй за ўсё сацыяльныя могуць быць змены. Я не бачу катастрофы, але бачу змены ў сацыяльнай структуры насельніцтва. Напачатку ўсе хочуць дапамагаць, далей уключаецца стомленасць, гэта праўда».

У 2022 годзе Мінскі форум праходзіць 20-ы раз. Да палітычнага крызісу 2020-га года гэтую канферэнцыю шмат гадоў запар прымаў нямецкі адукацыйны цэнтр у Мінску.

вх