Дастаткова было перамясціць адзін каменьчык у энергетычным даміно, каб значная частка сістэмы разбурылася. Гэта Пуцін перасунуў згаданы каменьчык, кажа ў размове з выданнем «Rzeczpospolita» старшыня Tauron Group Павел Шчэшэк.
«Пуцін, рэалізуючы свае імперскія інтарэсы, хоча прымусіць Захад спыніць дапамогу Украіне, палохаючы 500 мільёнаў жыхароў ЕС халоднымі радыятарамі. Доказаў таго, што Пуцін выкарыстоўвае сыравіну для дасягнення палітычных мэтаў шмат, тым не менш, напрыклад, Германія стала залежнай ад паставак з адной крыніцы. Больш за тое, на ўзроўні ЕС яна заблакавала дзеянні, якія маглі б, з аднаго боку, павысіць газавую бяспеку супольнасці, а з другога – падарваць дамінуючую пазіцыю «Газпрама», – сказаў Шчэшэк.
Таму, паводле яго, Еўропа магла быць лепш падрыхтавана да гэтага крызісу, «на жаль, перамаглі эгаістычныя, кароткатэрміновыя інтарэсы дзяржаў і адсутнасць мыслення ў плане энергетычнай бяспекі».
Шчэшак падкрэсліў, што электрычнасці ў Польшчы хопіць і, калі нехта кажа інакш, то паўтарае пасыл расійскай прапаганды.
«На жаль, у публічнай прасторы з'яўляецца ўсё больш падобных фэйкаў(…) Польскі ўрад даўно перасцерагаў Еўропу ад пагрозы залежнасці ад расійскіх энерганосьбітаў. Калі б у Бруселі хацелі пачуць, што кажуць палякі, то сёння мы былі б у іншым месцы», – ацаніў старшыня Tauron Group.
Ён дадаў, што апошнія гады ў энергетыцы – гэта перыяд дынамічных змен.
«З трэцяй спробы, дзякуючы рашучасці і паслядоўнасці, нам удалося завяршыць будаўніцтва газаправода Baltic Pipe. Фотаэлектрычныя панэлі агульнай магутнасцю 10 гігават зʼявіліся на дахах мільёна польскіх дамоў. Фотаэлектрычны бум, геаграфічна вельмі нераўнамерны, а гэта азначае, што цяпер нам патрэбен падобны інвестыцыйны бум у сеткавай дыстрыбуцыі(…)Мы таксама чакаем заканадаўчых зменаў, якія дазволяць паскорыць будаўніцтва ветравых электрастанцый. Мы нарэшце блізкія да канчатковага рашэння аб будаўніцтве АЭС», – сказаў у размове з выданнем «Rzeczpospolita» старшыня энергетычнай групы Tauron Павел Шчэшэк.
аз