28 лютага беларускі дыктатар наведае Кітай. Паводле кітайскага боку, Аляксандра Лукашэнку запрасіў прэзідэнт Сі Цзіньпін. Афіцыйны візіт кіраўніка Беларусі будзе працягвацца з 28 лютага па 2 сакавіка, паведамляе Do Rzeczy.
Кітай працягне падтрымліваць Беларусь у намаганнях «падтрымліваць стабільнасць» і супрацьстаяць «замежным сілам», якія ўмешваюцца ва ўнутраныя справы краіны, а таксама ўводзяць супраць яе «незаконныя санкцыі», паведаміла ў пятніцу Міністэрства замежных спраў КНР.
У тэлефоннай размове са сваім беларускім калегам кіраўнік кітайскага МЗС запэўніў, што Кітай гатовы «паглыбляць узаемны палітычны давер і развіваць двухбаковае супрацоўніцтва» з Беларуссю.
На мінулым тыдні ў маскоўскай рэзідэнцыі расійскага прэзідэнта Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з Уладзімірам Пуціным. Дыктатары абмеркавалі супольны адказ на заходнюю дапамогу Украіне. Сустрэчу палітыкаў транслявалі расійскія дзяржаўныя каналы. Перамовы Пуціна і Лукашэнкі пачаліся з нестандартнай сітуацыі. У адказ на падзяку Пуціна за візіт у Расейскую Федэрацыю Лукашэнка закаціў вочы і заявіў, што дэ-факта... у яго не было выбару.
Між тым, паводле аналітыкаў з амерыканскага Інстытута ваенных даследаванняў, візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Кітай, верагодна, накіраваны на тое, каб дапамагчы Расіі і КНР абысці заходнія санкцыі. Планы заключэння кітайска-беларускіх пагадненняў аб гандлі, інвестыцыях і маштабных сумесных праектах могуць быць непасрэдна звязаныя з верагоднай пастаўкай Пекінам зброі Расіі.
Нагадваем, паводле інфармацыі амерыканскіх уладаў, Кітай сур'ёзна разглядае магчымасць продажу Расіі баявых беспілотнікаў, зброі і артылерыйскіх снарадаў.
У Інстытуце ваенных даследаванняў лічаць, што, верагодна, расійскія і кітайскія чыноўнікі распрацавалі план дастаўкі беспілотнікаў у Расію па падробленых таварасуправаджальных дакументах, каб пазбегнуць міжнародных санкцый. Кітай можа паспрабаваць выкарыстоўваць пагадненні з Беларуссю, каб схаваць парушэнне санкцыйнага рэжыму.
аз